Як паведамляе Жалудоцкі сельскі выканкам, у межах свята ў мястэчку пройдуць конкурсы кветкавых кампазіцый, букетаў, кветкавых касцюмаў і страў народнай кухні "Бульбяныя прысмакі".
Акрамя таго, у Жалудку адбудзецца гісторыка-рамантычная прагулка "Жалудок здзяйсняе мары", якая ўключае сустрэчу з цікавымі людзьмі, наведванне палацава-паркавага комплексу Святаполк-Чацвярцінскіх, касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі, парка каменных скульптур і кветкавых сядзіб.
У межах фестывалю ў мястэчку адкрыецца таксама фотавыстава "З гісторыі фестываляў кветак на Шчучыншчыне", будуць арганізаваны майстар-класы, кансультацыі спецыялістаў Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі па вырошчванні кветак і выкарыстанні ў кветніках дэкаратыўных раслін, дзіцячая праграма "Дзеці — кветкі жыцця". У пасёлку будуць працаваць выставы-продажы вырабаў народных умельцаў, лекавых траў, прадуктаў пчалярства "Пчолы і кветкі", этнаграфічных вырабаў "З бабуліных куфэркаў".
Свята пачнецца а 13 гадзіне шэсцем удзельнікаў ад плошчы пасёлка да фестывальнай пляцоўкі на вуліцы 17 Верасня. Мастацкае суправаджэнне фестывалю ажыццяўляецца пры ўдзеле народнага ансамбля Жалудоцкага ГДК "Сябрына".
Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2013