Прэм`ер-міністр у межах рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць азнаёміўся з рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў у ААТ "Белшына", наведаў завод масавых шын (ЗМШ) і завод звышбуйнагабарытных шын (ЗБГШ).
Бабруйскае прадпрыемства набывае сучаснае высокапрадукцыйнае абсталяванне, якое дазваляе выпускаць шыны самай высокай якасці. Мэта — замацаванне пазіцый на сусветным рынку. Самы амбіцыйны праект — стварэнне вытворчасці цэльнаметалакордных (ЦМК) шын радыяльнай канструкцыі з пасадачным дыяметрам 57 і 63 цалі. Гэта будзе спрыяць пашырэнню асартыменту і павелічэнню аб`ёму вытворчасці шын для кар`ерных самазвалаў грузападымальнасцю 220—360 тон вытворчасці ААТ "БелАЗ", а таксама некаторых замежных вытворцаў. Выдаткі па гэтым праекце складаюць каля 254,9 млн. еўра, у тым ліку на абсталяванне — 215,1 млн. еўра. Рэалізацыя праекта дазволіць выпускаць 8 тыс. 190 штук шын у год (тэрмін рэалізацыі — 2013—2017 гады ў два этапы). Усе пытанні з фінансаваннем гэтага праекта вырашаны.
Мясніковіч адзначыў высокую культуру вытворчасці ў ААТ "Белшына". Паводле слоў генеральнага дырэктара ААТ Мікалая Чыруна, "гонарам вытворчасці з`яўляецца максімальная аўтаматызацыя, якая дазваляе выключыць уплыў чалавечага фактару на працэс выпуску прадукцыі". Пасля рэалізацыі інвестпраектаў спатрэбіцца на траціну менш работнікаў, чым цяпер. Тым не менш, як удакладняецца ў паведамленні прэс-службы ўрада, "масавага скарачэння не чакаецца — залішняя колькасць адрэгулюецца за кошт выхаду на пенсію работнікаў".
У адпаведнасці з праграмай развіцця ААТ "Белшына" да 2020 года на рэалізацыю асноўных інвестыцыйных праектаў у 2013 годзе спатрэбіцца 292,3 млрд. рублёў. За студзень—чэрвень гэтага года асвоена інвестыцый у асноўны капітал у 217,5 млрд. рублёў. Усяго з 2010 па 2012 год "Белшынай" асвоена інвестыцый у асноўны капітал у суме больш як 674 млрд. рублёў.
У сувязі з абнаўленнем парка легкавых аўтамабіляў у рэспубліцы і ростам выкарыстання шын з пасадачным дыяметрам ад 16 да 20 цаляў у ААТ "Белшына" распрацоўваецца праект па вытворчасці шын для легкавых аўтамабіляў, а таксама для красовераў і пазадарожнікаў з пасадачным дыяметрам да 20 цаляў са зніжаным профілем самой шыны (з аб`ёмам вытворчасці 1,4 млн. штук у год).
Акрамя гэтага, на ЗМШ плануецца размясціць вытворчасць грузавых ЦМК-шын з пасадачным дыяметрам 17,5—24 цалі зусім новай мадэльнай лінейкі з аб`ёмам вытворчасці 400 тыс. штук у год. Для вытворчасці на ЗМШ будуць выкарыстаны гумавыя сумесі, вырабленыя на гумавазмяшальным абсталяванні новага пакалення тыпу "Інтэрмікс".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2013