— Напэўна, хтосьці скажа, што гэта занадта вялікая лічба і нешта тут не так. Калі казаць пра колькасць дзяцей, якія вучацца ў гэтых 40% школ, то гэта каля 10 %. Таму што гэта пераважна сельскія школы, у якіх традыцыйна праходзяць навучанне на беларускай мове, — сказаў міністр.
Ён таксама падкрэсліў, што кожны бацька мае права выбраць адну з дзяржаўных моў, на якой яго дзіця будзе навучацца як ва ўстанове дашкольнай адукацыі — у дзіцячым садзе, так і ў школе.
Мінадукацыі дастаткова сур’ёзна вядзе статыстыку па здачы розных выпрабаванняў. Раней гэта было цэнтралізаванае тэсціраванне, цяпер да яго дадаўся цэнтралізаваны іспыт.
— Прыкладна кожны пяты выпускнік школы выбірае пры здачы экзамену па дзяржаўнай мове менавіта беларускую мову, — адзначыў Іванец, дадаўшы, што паказчык добры і ўсяляе аптымізм. — Але мы павінны надаваць асаблівую ўвагу вывучэнню нашай культуры і нашай мовы.
Звязда, 3 верасня 2023