Прыём заявак на ўдзел у конкурсе стварэння эскізных праектаў манументальна-скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай Баркулабаўскаму летапісу ў Быхаве Магілёўскай вобласці, прадоўжаны да 15 мая. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца скульптары і архітэктары, якія маюць адпаведную прафесійную адукацыю.
Жадаючым прыняць удзел у творчым спаборніцтве неабходна падаць заяўку на адрас: г. Мінск, пр. Пераможцаў, 11, каб. 316, кантактны тэлефон +375 17 203 91 31.
Аўтары павінны прадаставіць конкурсныя матэрыялы не пазней за 15 мая 17.00 у галерэю Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Мінск, пр. Незалежнасці, 81).
Палажэнне аб умовах конкурсу і форма заяўкі размешчаны на сайце Міністэрства культуры.
Баркулабаўскі летапіс - унікальны помнік беларускай гісторыка-манументальнай літаратуры другой палавіны ХVI - пачатку XVII ст. Ён быў напісаны ў вёсцы Баркулабава Быхаўскага раёна. Хроніка ахоплівае перыяд з 1545 па 1608 год. Літаратурны шэдэўр захаваўся ў адзіным спісе, які знаходзіцца ў зборніку XVII ст. у Дзяржаўным гістарычным музеі Масквы. Невялікі па аб`ёму Баркулабаўскі летапіс вельмі ёмісты па зместу. Летапісец уважліва сачыў за палітычным і рэлігійным жыццём краіны. Ён успамінаў аб увядзенні новага календара, пісаў аб скліканні соймаў і сабораў, уключаў у свой летапіс дакументы, пісьмы і запіскі сучаснікаў.
8 мая 2013, Мінск
БЕЛТА