Трэці том энцыклапедыі "Культура Беларусі" быў прэзентаваны 27-га снежня ў Мінску ў час акцыі Міністэрства інфармацыі Беларусі "Вялікія калядныя сустрэчы з кнігай".
Як расказала загадчыца рэдакцыі "Літаратура і мастацтва" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі" Таццяна Рослік, энцыклапедыя "Культура Беларусі" з`яўляецца першым выданнем, у якім можна знайсці інфармацыю па народных, заслужаных, узорных аматарскіх калектывах рэспублікі.
Акрамя таго пад вокладкай кнігі ў алфавітнай паслядоўнасці (літары "Г" - "Ж") размешчаны артыкулы пра знакамітых беларусаў, у тым ліку пра Ніла Гілевіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тут сабраны вядомыя творы мастацтва, напрыклад, унікальныя маляваныя дываны, якія згадваюцца ў Беларусі ўжо ў канцы XIX стагоддзя, дубровенскія ручнікі. У кнізе таксама можна знайсці інфармацыю аб старажытных беларускіх народных танцах, уборах, архітэктурнай спадчыне.
"Гэта кніга з`яўляецца вялікім укладам беларусаў у сусветную скарбніцу культуры на тэатральнай, паэтычнай, мастацкай і іншых нівах. Гэта адчуваецца ўжо на першых старонках выдання", - падзялілася Таццяна Рослік.
У час прэзентацыі рэдактар энцыклапедыі Дар`я Суша расказала аб рабоце над трэцім томам "Культуры Беларусі", тэмах, узнятых на старонках выдання. Этнахарэограф, даследчык танцавальнай культуры беларусаў Мікалай Казенка правёў майстар-клас па народных танцах. У гэтым яму дапамаглі ўдзельнікі фальклорнага калектыву "Мілавіца" і музыканты Аляксей Крукоўскі (акардэон) і Вераніка Анцілеўская (скрыпка).
27 снежня 2012, Мінск
БЕЛТА