https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як беларусы чакаюць канца сьвету


Найбольш уражлівыя беларусы ўжо пачалі адлік апошняга тыдня перад канцом сьвету. Згодна з календаром індзейцаў племені майя, ён прыпадае на 21 сьнежня.
Праўда, у адрозьненьне ад іншых краінаў, дзе прадпрымальныя асобы паставілі падрыхтоўку да апакаліпсісу на камэрцыйны канвэер, у Беларусі няма прапановаў пераседзець крытычныя дні ў камфартабэльным бомбасховішчы ці набыць квіток на ратавальны каўчэг. Куды падзецца тым, хто ў чаканьні суднага дня страціў спакой?

Хоць «канцоў сьвету» ва ўсе часы прадказвалася нямала, сёлетні — як ніколі забясьпечаны мэдыйнай падтрымкай. Ток-шоў на тэлебачаньні і парады «бывалых» у друкаваных СМІ, адмысловыя сайты апакаліптычных «аднадумцаў» і сцэнары ўратаваньня, размножаныя на рызографах — з набліжэньнем часу Х інфармацыйны паток робіцца ўсё больш магутным. Ад такога валу, кажа лекар-псыхіятар Ігар Сарокін, у каго заўгодна могуць пачацца праблемы з псыхікай:

«Безумоўна, любы чалавек, калі ўзьнікае нейкая няпэўная сытуацыя, пачынае трывожыцца. А людзі ж розныя: ёсьць схільныя да трывогі ў большай ступені, ёсьць менш удумлівыя і, адпаведна, спакайней да гэтага ставяцца. То бок, усё залежыць ад тэмпэрамэнту чалавека, адметнасьцяў ягонага характару; ад узросту залежыць, ад сацыяльнага статусу. Калі чалавек адзінокі, самотны, ён больш трывожыцца. Калі ў кагосьці маленькія дзеці, ён таксама ў большай ступені можа думаць аб гэтым. Але трэба адзначыць, што большасьць людзей рэагуе на канец сьвету досыць скептычна. Ва ўсялякім выпадку, калі меркаваць па колькасьці пацыентаў, што знаходзіцца ў нас на лячэньні, масавага псыхозу няма. Хаця я ж жыву на гэтым сьвеце, час ад часу гляджу тэлевізію. І бачу, што вельмі старанна напампоўваюцца жарсьці. Перадусім гэта тычыцца расейскіх тэлеканалаў зь іх рознымі містычнымі праграмамі».
Калі меркаваць па колькасьці пацыентаў, што знаходзіцца ў нас на лячэньні, масавага псыхозу няма

На расейскім «спэцыялізаваным» сайце 2012-konec-sveta.ru зьмешчаны сьпіс 11 найбольш верагодных тэорый канца сьвету. Гэта і сутыкненьне з астэроідам, і выбух вулкану, і тэктанічны разлом на дне акіяну, і магутная ўспышка на Сонцы, і сьмяротны вірус. І нават тэхналягічныя катастрофы, пра якія нават такія «прасунутыя» зямляне як індзейцы майя наўрад ці здагадваліся — прыкладам, зьяўленьне чорнай дзіркі ў вялікім андронным каляйдэры ці прымяненьне тэрарыстамі ядзернай зброі.

Зрэшты, як лічыць доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, чаканьне канца сьвету — гэта лягічная рэакцыя на крызісы, якія чалавецтва раз за разам само і спараджае:

«Гэтая зьява неэксклюзіўная. Яна заўсёды ёсьць у людзкой сьвядомасьці. Такія чаканьні былі рэгулярна. І зьвязаныя яны былі, найперш, з канкрэтнымі падзеямі. Напрыклад, у сярэдзіне XIV стагодзьдзя, у 1348 годзе, калі ў Эўропу прыйшла бубонная чума („чорная сьмерць“), людзі былі перакананыя, што гэта якраз і ёсьць канец сьвету. Тое ж можна казаць і пра нейкія катаклізмы. Іншымі словамі, гэтыя містычныя настроі ўвесь час зьяўляюцца ў пэрыяды крызісу. І вось сёньняшняе чаканьне канца сьвету, я лічу, таксама зьвязана з крызісам. Само сабой, трэба разумець, што аднаго чыста эканамічнага крызісу не бывае. Гэта крызіс і духоўных вартасьцяў, гэта і культурны крызіс, таму што засільле масавай культуры, а ў Беларусі яшчэ не ў нацыянальнай форме, а толькі ў расейскай, і г.д. Ну, але ёсьць такая беларуская прымаўка: паміраць зьбірайся, а жыта сей. Вось зараз і я нясу ставіць ялінку на Каляды...».

Менскі псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі кажа, што па стаўленьні канкрэтнага чалавека да чарговага «суднага дня» можна ацаніць ягонае рэальнае месца ў сучасным сьвеце:

«Справа ў тым, што ўсё залежыць ад таго ўспрыняцьця рэальнасьці і таго кола ведаў, поглядаў, перакананьняў, у якім чалавек знаходзіцца і ў якім ён жыве. Калі ў чалавека дастаткова акрэсьлена выбудаваная карціна сьвету, якая, прыкладам, адмаўляе саму магчымасьць канца сьвету зь якіхсьці містычных прычынаў, то, у прынцыпе, ён дастаткова ўстойлівы да падобнага кшталту рэчаў. Я ўжо не кажу аб тым, што, па вялікім рахунку, прадказаньні майя нават не абапіраюцца на нейкую хрысьціянскую культуру, на заходнія „стандарты“ ўспрыняцьця рэальнасьці. Але калі ў чалавека псыхалягічны стан мае на ўвазе наяўнасьць унутраных асаблівасьцяў — у прыватнасьці, няўстойлівасьць поглядаў адносна навакольнай рэальнасьці — то цалкам натуральна, што ў прынцыпе любое прадказаньне аб тым, што ён загіне ці памрэ, будзе выклікаць псыхалягічныя перажываньні нэгатыўнага пляну».

Перадапошні канец сьвету прагназаваўся 8 траўня 2008 году. За паўгода да гэтага дня чатыры дзясяткі прыхільнікаў рэлігійнага руху «Горні Ерусалім» схаваліся ў зямлянцы блізу вёскі Паганаўка Пензенскай вобласьці Расеі. Сярод іх — 6 грамадзянаў Беларусі.

Зрэшты, беларуская прысутнасьць у пячоры магла быць яшчэ большай: пяцёра вернікаў папросту не пасьпелі даехаць да Паганаўкі, бо «за пражываньне без рэгістрацыі» ў малельным доме самаабвешчанага мэсіі Пятра Кузьняцова 5 сьнежня 2007-га былі дэпартаваныя дадому ў Жабінкаўскі раён. На сьвет божы пячорнікі вылезьлі толькі пасьля таго, як апакаліпсіс абмінуў Паганаўку.

Ігар Карней
Радыё Свабода, 18 сьнежня 2012
 
Дата публикации:18.12.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2393
 
Ключевые слова:
Конец света Апокалипсис Мировой финансовый кризис Массмедиа
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме