Няхай гучыць музыка
Снежань — месяц святочны. Снежань — месяц музычны. Адно з другім стасуецца наўпрост: сёлета 80 гадоў з моманту заснавання адзначае Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі.
Юбілейныя канцэрты, выступленні, сустрэчы адбываюцца з 7 па 14 снежня. Прычым кожны факультэт (а іх зараз пяць) мае магчымасць паказаць, на што здольны, і прадставіць таленты, якія яны гадуюць сёння. А колькі іх ужо дораць сваё майстэрства жыхарам нашай краіны і не толькі! Калі пачаць разглядаць, дзе сёння працуюць выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі, то можна вывучыць геаграфію.
Дарэчы, падлягае вывучэнню і нават асэнсаванню і сама дзейнасць Акадэміі за ўсе гады існавання. Нездарма адным з галоўных мерапрыемстваў да юбілею стала міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Беларуская кансерваторыя: учора, сёння, заўтра". Менавіта з кансерваторыі ўсё і пачыналася, калі ў 1932 годзе была заснавана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя Луначарскага. З 2000 года Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі з`яўляецца вядучай навучальнай установай нацыянальнай сістэмы адукацыі ў галіне музычнага мастацтва.
І хоць нельга сказаць, што музычнае мастацтва Беларусі пачалося з гэтага моманту, але нацыянальная кампазітарская школа сфарміравалася дзякуючы кансерваторыі і тым людзям, якія першымі пачалі ў ёй працаваць, таму што яны ведалі, які ўплыў на развіццё асобы творцы мае настаўнік: Васіль Залатароў сам быў вучнем вядомага рускага кампазітара Мікалая Рымскага-Корсакава. За Залатаровым паўсталі іншыя імёны творцаў, чыя музыка напоўніла ўсё ХХ стагоддзе: Анатоль Багатыроў, Пётр Падкавыраў, Міхаіл Крошнер, Мікалай Аладаў, Уладзімір Алоўнікаў, Яўген Глебаў.
Сёння працуюць на гонар беларускай музыкі Дзмітрый Смольскі, Андрэй Мдзівані, Галіна Гарэлава, Вячаслаў Кузняцоў і іншыя, бо гэтых імёнаў шмат. Як шмат выдатных выканаўцаў былі падрыхтаваны ў сценах Акадэміі музыкі, яны ўславілі нашу краіну ў розных міжнародных конкурсах. Але ж і ў Акадэміі ёсць сваё творчае жыццё: студэнты ўдзельнічаюць у мастацкіх калектывах, якія таксама атрымалі і прызнанне, і славу. Напрыклад, гэта сімфанічны аркестр "Маладая Беларусь", аркестр духавых інструментаў "Фанфары Беларусі", аркестры народных інструментаў, камерны аркестр, акадэмічны канцэртны хор, а таксама ансамблі духавых інструментаў "Інтрада" і "Сірынкс", назвы якіх на слыху. На базе Акадэміі музыкі праводзяцца міжнародныя конкурсы: піяністаў, выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча, струнных смычковых інструментаў імя Ельскага. У Беларусь сёння едуць вучыцца музыцы студэнты з-за мяжы.
Таму канцэртаў, прысвечаных 80-годдзю Акадэміі музыкі, за ўвесь год было надзвычай многа. А вянчаў увесь юбілейны цыкл сустрэч з існуючымі і будучымі "зоркамі" беларускай музыкі ўрачысты канцэрт у Белдзяржфілармоніі.
Ларыса Цімошык
Звязда, 15 снежня 2012
З юбілеем калектыў акадэміі павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за гады свайго існавання акадэмія ўнесла важкі ўклад у фарміраванне нацыянальных кампазітарскай, выканальніцкай і музыказнаўчай школ, выхавала шэраг пакаленняў выдатных майстроў, заваявала павагу і прызнанне ў грамадстве. Прэзідэнт пажадаў калектыву акадэміі здароўя, невычэрпнага натхнення, поспехаў у вучобе, творчасці і рабоце, шчасця і дабрабыту.