Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, кіраваць ААТ "Камволь" Лукашэнка прызначыў галоўнага інжынера прадпрыемства Віктара Гаўрыленку. Ён таксама даручыў да новага года ўнесці прапановы па кандыдатуры новага кіраўніка канцэрна "Беллегпрам".
Звяртаючыся да Віктара Гаўрыленкі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта яго шанс аднавіць прадпрыемства. "Не зробіш — пасаджу! Прабач, што я так кажу, але выбару няма. Але я не хачу, каб ты сядзеў. Ты мне патрэбны тут як дырэктар, і ты павінен зрабіць гэта прадпрыемства, павінен па-гаспадарску разабрацца, як будзе ісці мадэрнізацыя", — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама зрабіў папярэджанне ўраду. "Вам з Мясніковічам — гэта апошні званок, — заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да першага віцэ-прэм`ера Уладзіміра Сямашкі. — Мне вашы апраўданні не патрэбныя! Я сюды не па апраўданні прыехаў. Я добра ведаю, што адбываецца на "Камволі". "Тое, што я тут убачыў, — гэта злачынная безадказнасць. Ну як жа так — разбіта шкло і жанчыны працуюць? Тут і Ладуцька хадзіў, і Сямашка, і Мясніковіч. Гэта злачынства! І яно каральнае".
У ліку суправаджальнікаў Лукашэнкі знаходзіўся былы кіраўнік ААТ, а цяпер — намеснік старшыні канцэрна "Беллегпрам" Андрэй Мытнік, паведамляе БелТА. "Вы давялі прадпрыемства да ручкі? — звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка. — Вы ведаеце, што пра вас кажуць у вашым канцэрне? Навошта яго сюды ўзялі? Ён жа не прымае ніякіх рашэнняў! Ніякіх! І не дае іншым працаваць. У яго рукі дрыжаць, ён баіцца ўсіх, а сваім падначаленым забараняе да кіраўніка заходзіць нават: не лезьце, не ідзіце. Ён нават не чытае дакументы, просіць сваіх падначаленых: вы мне птушачкі пастаўце, дзе я павінен пачытаць. Вы гэта ведаеце?"
"Кіраўніка канцэрна (Вырко. — БелаПАН.) і былога дырэктара, які праваліў тут усё, і якога ён сабе намеснікам узяў (Мытнік. — БелаПАН.), выгнаць з працы да вечара. І да новага года ўнесці прапановы па прызначэнні кіраўніка "Беллегпрама", — аддаў загад кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама даручыў "прыгледзецца старанна да гэтага канцэрна": "Там трэба чыстку, напэўна, правесці добрую. Але там ёсць і добрыя людзі, якія хочуць працаваць".
Структурныя рэформы ў Беларусі праводзяцца ў інтарэсах народа, падкрэсліў Лукашэнка, адказваючы на пытанне, ці не з`яўляецца мадэрнізацыя, якая праводзіцца ў розных галінах прамысловасці, у тым ліку тэкстыльнай, дрэваапрацоўцы, тымі рэформамі, якіх патрабуе ад Беларусі Міжнародны валютны фонд. "Гэта структурныя рэформы, але не ў інтарэсах тых, хто трымае МВФ. Ім было б лепш, калі б мы гэтыя прадпрыемствы заўтра прадалі, усё роўна каму, нават грамадзянам Беларусі. Яны купяць у грамадзян, як гэта было на "Камунарцы". Гэта ім, напэўна, трэба", — выказаў меркаванне Лукашэнка.
"МВФ — гэта палітычная арганізацыя, вось і ўсё. Таму гавораць, раяць дзесьці, мы слухаем. Нейкая доля справядлівай крытыкі, нармальных прапаноў ёсць, мы выкарыстоўваем. Але жыць будзем сваімі мазгамі", — заявіў ён.
Лукашэнка таксама растлумачыў, чаму ён асабіста вымушаны ездзіць па прадпрыемствах і займацца пытаннямі развіцця адпаведных галін, прымаючы часам непапулярныя рашэнні. "Калі прэзідэнт не будзе хадзіць па цэхах і ўнікаць у вытворчыя працэсы, значыць, гэта не прэзідэнт. Для Беларусі — адназначна", — перакананы кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка лічыць, што прэзідэнт павінен ведаць асноўныя галіны і, пажадана, асноўныя тэхналагічныя працэсы. "Па-другое, прэзідэнт ходзіць таму, што лайдачаць іншыя. Але я не хачу паўстаць перад народам нейкім героем — гэта звязана з працэсам мадэрнізацыі", — дадаў беларускі кіраўнік.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2012