Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся падрыхтаваць праект дэкрэта, які забараняе работнікам дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрна "Беллеспаперапрам" звальняцца да заканчэння мадэрнізацыі вытворчасцей.
"Падрыхтуйце дэкрэт, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Да заканчэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з прадпрыемства без дазволу кіраўніка. Адпусціць — няхай ідзе, не адпусціць — павінен працаваць. За парушэнне — на прымусовыя работы".
Паводле слоў Лукашэнкі, гэта "тычыцца ўсіх — рабочых, спецыялістаў і кіраўнікоў". "А то мы дастукаемся да таго, што заўтра пачнуць хадзіць па Барысаве і Мінску з віламі і адзін аднаго калоць, замест таго каб запусціць вытворчасць і атрымліваць тысячу долараў у 2015 годзе", — дадаў ён.
"На час мадэрнізацыі катэгарычна забараніць усялякія звальненні з заўтрашняга дня, 1 снежня. <…)> А задача дырэктара прадпрыемства — са спецыялістамі кожны дзень даводзіць аб`ём работ", — заявіў Лукашэнка.
Ён даручыў прадугледзець у праекце дэкрэта магчымасць унясення работнікамі скаргаў, якія будзе ўпаўнаважаны разглядаць губернатар таго ці іншага рэгіёну. "Таму што розныя бываюць выпадкі. Прымае канчатковае рашэнне губернатар. Але катэгарычна, прынцыпова работнік, служачы і кіраўнік не павінен звольніцца да заканчэння мадэрнізацыі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Майце на ўвазе, нас пачнуць яшчэ больш папракаць у "дыктатуры", што мы людзей прымушаем, забараняем звальняць, — адзначыў Лукашэнка. — Скажу, каб людзі ведалі: вам, кіраўнікам, прыйдзецца ў першым квартале наступнага года на гэтых прадпрыемствах усім, каго вы будзеце тут трымаць, забараніўшы звальняць, давесці зарплату да 400—500 долараў".
"Тады людзі скажуць: прэзідэнт прыняў рашэнне, прымусіў тут працаваць, але — нармальная заработная плата, яна амаль у два разы вырасце ў параўнанні з цяперашняй", — лічыць Лукашэнка.
БелаПАН
Мінск, 30 лістапада 2012