https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь не будзе ўтрымліваць і закупляць старыя ўзбраенні


Гэта вынікае з заявы Аляксандра Лукашэнкі 13 лістапада падчас даклада міністра абароны Юрыя Жадобіна.
"Мы дамаўляліся пра тое, што нам трэба яшчэ раз паглядзець на нашу армію і прыняць рашэнне ў кірунку яе, можа, не мадэрнізацыі, а ўдасканалення, каб мы не пайшлі не тым шляхам (таму што гэта вялікія затраты), а стваралі армію адпаведна тым выклікам, якія сёння існуюць, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Да прыкладу, навошта нам утрымліваць ці закупляць старыя ўзбраенні, калі ў сучаснай вайне яны не могуць быць прыменены. Тое ж самае магу сказаць і па колькасці, і па персаналіях, і па структуры Узброеных сіл".

Нагадаем, апошнім часам актыўна мусіравалася інфармацыя пра тое, што Беларусь мае намер набыць 18 Су-30, што стаялі раней на ўзбраенні індыйскай арміі. Гэтыя самалёты зараз знаходзяцца на 558-м авіярамонтным заводзе ў Баранавічах. Каля месяца таму кіраўнік Федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Расіі Аляксандр Фамін практычна абверг гэтыя звесткі. Паводле яго слоў, калі некалькі гадоў таму Беларусь сапраўды была першай у спісе патэнцыяльных пакупнікоў "індыйскіх" знішчальнікаў, то зараз цікавасці да іх яна не праяўляе.

"Мы прынялі рашэнне аб тым, што збяруцца разумныя людзі, у нас іх дастаткова ў арміі, і з улікам апошніх падзей у розных рэгіёнах свету мы яшчэ раз паглядзім на нашы Узброеныя сілы. Гэта — галоўнае пытанне", — заявіў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў паведаміць аб выніках працы па навядзенні парадку ў гарнізонах і часцях: "Мы ведаем, якія гарнізоны і часці нам будуць патрэбны, і мы там павінны навесці добры парадак і па захоўванні тэхнікі, і па раскватараванні асабовага складу і гэтак далей. Гэта таксама вельмі важнае пытанне. Ведаю, што вы над ім працавалі. Якія зараз справы, і якія работы яшчэ засталіся?"

Жадобін паведаміў аб выніках чарговага навучальнага года, які прайшоў ва Узброеных сілах, аб асноўных мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Цягам года было праведзена больш як 350 такіх мерапрыемстваў рознага маштабу.

Кіраўніку дзяржавы таксама паведамлена аб падрыхтоўцы авіяцыі. "Мы ўпершыню ў падрыхтоўцы лётчыкаў дасягнулі сярэдняга ўзроўню налёту ў 77 гадзін. Летась было 66 гадзін, а ў мінулыя гады — у раёне 30 гадзін. Мяркую, што гэта дастаткова высокі ўзровень падрыхтоўкі нашых пілотаў", — сказаў міністр.

Апрача таго, Жадобін паведаміў аб стане тэхнікі і ўзбраення, мерах па падтрыманні ўсіх узораў тэхнікі ў боегатовым становішчы, мерапрыемствах па аптымізацыі Узброеных сіл, выкананні даручэнняў прэзідэнта па павышэнні грашовага забеспячэння асабовага складу, вырашэнні жыллёвых пытанняў.

"Мы сёлета ўжо здалі чатыры дамы, і ў высокай ступені гатоўнасці знаходзяцца яшчэ пяць дамоў, два з якіх будуць здадзены сёлета. Астатнія — у першым паўгоддзі наступнага года. Маецца на ўвазе будаўніцтва службовага жылля, — паведаміў міністр. — Апрача таго, было пабудавана і ўведзена ў строй восем кааператываў. І да канца года чакаецца ўвядзенне яшчэ адзінаццаці".

У цэлым Лукашэнка станоўча ацаніў дзейнасць Міністэрства абароны ў мінулым навучальным годзе і паставіў шэраг задач па ўдасканаленні дзейнасці ваеннай арганізацыі дзяржавы.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 лістапада 2012
 
Дата публикации:13.11.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2147
 
Ключевые слова:
Вооружение Белорусская армия Модернизация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме