https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка: Міліцыя павінна быць прыстасаваная да сітуацыі, што складваецца ў краіне і вакол нашай дзяржавы


З боку МУС рэфармаванне органаў унутраных спраў Беларусі ў цэлым плануецца завяршыць ужо сёлета.
Асноўнай мэтай пераўтварэнняў у МУС з`яўляецца не кардынальная ломка ведамства, а канструктыўнае ўдасканаленне яго працы, каб забяспечвалася абарона людзей, грамадства, дзяржавы ад злачынных замахаў з улікам сучасных з`яў і тэндэнцый, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе.

"Гэта значыць галоўная задача — міліцыя павінна быць прыстасаваная да той сітуацыі, што складваецца ў краіне і вакол нашай дзяржавы", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У першую чаргу, мяркуе ён, неабходна аптымізаваць структуру органаў унутраных спраў, зрабіць яе больш простай, выключыць дубляваныя звёны, скараціць колькасны склад, вызваліць міліцыю ад неўласцівых ёй функцый, прывесці вайсковы складнік у адпаведнасць з патрабаваннямі сённяшняга дня.

Такую працу, падкрэсліў Лукашэнка, трэба правесці на ўсіх узроўнях, ад участковага інспектара міліцыі, надаўшы яму асноўную ўвагу, да апаратаў кіравання органаў унутраных спраў.

Беларускі кіраўнік упэўнены, што пры захаванні аб`ёмаў фінансавання гэта дазволіць павялічыць матэрыяльнае стымуляванне супрацоўнікаў, не абцяжарваючы дзяржбюджэт дадатковымі расходамі. "Інакш кажучы, усё, што ўдасца сэканоміць падчас рэфармавання МУС, павінна застацца і застанецца ў вас для таго, каб размеркаваць у сувязі з вашымі патрэбамі", — растлумачыў сваю пазіцыю Лукашэнка.

Ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці вызначыць галоўныя кірункі рэфармавання, зыходзячы з асноўнага прызначэння органаў унутраных спраў, не забываючы пры гэтым пра ўнутраныя рэзервы, якія варта выкарыстаць у поўнай ступені.

У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў транспартную міліцыю, на долю якой прыпадае прыблізна 1% злачынстваў, што рэгіструюцца ў краіне: "Відавочна, што ўзровень нагрузкі на асабовы склад там на некалькі парадкаў ніжэйшы, чым у тэрытарыяльных органах. У сувязі з гэтым заканамерна паўстае пытанне аб ліквідацыі такога дысбалансу".

Кіраўнік дзяржавы мяркуе, што міліцыю можна вызваліць і ад экспертнай дзейнасці, бо са стварэннем Следчага камітэта яна перастала быць адной з асноўных задач органаў унутраных спраў: большасць экспертыз праводзяць з ініцыятывы следства.

"Лагічна абмеркаваць пытанне вызвалення міліцыі ад гэтых неўласцівых ёй функцый. Адначасова выключыць ведамасны ўплыў і забяспечыць незалежнасць экспертаў. Гэта павысіла б аб`ектыўнасць расследавання, дазволіла больш поўна забяспечыць законныя правы і інтарэсы нашых грамадзян", — мяркуе Лукашэнка.

"Дастаткова эфектыўна", паводле яго ацэнкі, з 1991 года выконвае сваё прызначэнне галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. Аднак "фактар арганізаванай злачыннасці зараз не ўяўляе, напэўна, ужо такой рызыкі для нацыянальнай бяспекі, як гэта было раней", заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Цяпер, з улікам наяўнага становішча і без урону для справы, магчыма <…> умацаваць асабовым складам глаўка іншыя службы крымінальнай міліцыі, на якія прыпадае асноўная нагрузка па раскрыцці злачынстваў. Пры гэтым галоўнае ўпраўленне павінна застацца дзейсным фактарам стрымлівання для карупцыі і рэцыдыву арганізаванай злачыннасці", — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, 15 кастрычніка міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, прадстаўляючы калектыву УУС Мінаблвыканкама новага кіраўніка Віктара Сянько, паведаміў: асноўныя рэформы будуць скіраваныя на тое, каб палепшыць службу міліцыі па ўсіх кірунках. Пры гэтым ён падкрэсліў, што перамены ў МУС адбудуцца не рэвалюцыйна, а будуць, як на тое нацэльвае кіраўнік дзяржавы, узважаным удасканаленнем існай працы ведамства.

"Міліцыя служыць народу і ў імя народа — гэтыя фразы без пафасу павінны быць напоўненыя рэальным практычным зместам. У сувязі з гэтым прадугледжаны шэраг мер — арганізацыйных, практычных, ідэалагічных — па прыцягненні грамадскасці да дзейнасці міліцыі", — сказаў Шуневіч.

На думку міністра, рэформа дазволіць зрабіць працу міліцыі больш прадметнай, якаснай. Яна будзе прадугледжваць стварэнне грамадскіх саветаў пры МУС, УУС, распрацоўку новых палажэнняў дысцыплінарнага статуту, кодэкса гонару супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, перагляд падыходаў да камплектавання, навучання кадраў, рэфармаванне міліцыі грамадскай бяспекі, службы ўчастковых інспектараў міліцыі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 15 лістапада 2012
 
Дата публикации:15.11.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:2330
 
Ключевые слова:
Правопорядок Белорусская милиция Реорганизация
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме