Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што развіццё гарбарнай і абутковай галін мае вялікае значэнне для паспяховага функцыянавання эканомікі краіны. Работа прадпрыемстваў гэтых галін узаемазвязана і павінна апірацца на мясцовыя аднаўляльныя віды сыравіны. Аднак апошнія гады ў гэтай сферы збіраліся праблемы як эканамічнага, так і тэхналагічнага характару.
"Лепшую сыравіну ў неапрацаваным выглядзе гналі за мяжу. З 2000 па 2010 год вываз неапрацаваных шкур умудрыліся нарасціць аж у тры разы. Сабе пакідалі гразь і адходы ад першаснай апрацоўкі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у 2010 годзе ўрад, абгрунтоўваючы прыняцце загараджальных мер па вывазу сыравіны, абяцаў забяспечыць яе пастаўкі на беларускія прадпрыемствы. "У выніку колькі беларускай сыравіны і паўфабрыкатаў пайшло на вытворчасць абутку? Толькі 40 працэнтаў. Астатняе ў пераважнай масе (больш як 50 працэнтаў) па-ранейшаму гналі ў Італію, Польшчу, Індыю, нават ва Украіну. Уласную абутковую галіну не забяспечваюць скурай у дастатковай колькасці і - галоўнае - неабходнай якасці", - падкрэсліў Прэзідэнт. Атрымліваецца, што для вытворчасці скураных тавараў высакаякасную скуру ўвозяць з-за мяжы, інакш кажучы, з-за мяжы прывозяць экспартаваную з Беларусі скуру з больш высокай якасцю апрацоўкі. Хоць гэты цыкл вытворчасці можна і трэба наладзіць у Беларусі і тым самым скараціць расход валюты, упэўнены Прэзідэнт.
"Абутковыя прадпрыемствы краіны наогул пайшлі па шляху найменшага супраціўлення. Сталі актыўна нарошчваць увоз замежных загатовак для абутку. А гэта - шыты верх абутку з устаноўленымі маланкамі, засцежкамі, іншай фурнітурай, ды і з падэшвай у камплекце. І ўласную вытворчасць звялі, па сутнасці, да адной тэхналагічнай аперацыі - прыклейкі падэшвы. Але такое ноу-хау прыводзіць да таго, што прадпрыемствы губляюць свой тэхналагічны, прафесійны ўзровень і кваліфікаваныя кадры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
З пункту гледжання ведамасных інтарэсаў сітуацыя ў абутковай прамысловасці складваецца не так ужо і дрэнна. "Абутковыя прадпрыемствы працуюць, нават рэнтабельна, людзі атрымліваюць зарплату. Якія, маўляў, да іх прэтэнзіі? Але трэба яшчэ паглядзець, якая рэнтабельнасць і якія зарплаты", - адзначыў Прэзідэнт.
Паводле даных, якія агучыў кіраўнік дзяржавы, за апошнія дзесяць гадоў уласная вытворчасць абутку ў Беларусі знізілася з 16 млн. да 13 млн. пар у год. Штогадовы імпарт абутку за гэты перыяд узрос больш як у дзесяць разоў - да 10 млн. пар, што ў доларавым эквіваленце складае звыш $200 млн. "Гэта значыць, мы губляем уласны рынак. Аддаём свае грошы чужому дзядзьку. Галоўная прычына таго - невысокая якасць і недастатковы асартымент беларускага абутку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу на вялікі працэнт імпарту ў сабекошце айчыннай абутковай прадукцыі: "Наша абутковая прамысловасць б`е рэкорды імпартаёмістасці. У сабекошце прадукцыі, вырабленай на "Прамені", імпарт складае 71 працэнт, на "Белвесце" - амаль 70 працэнтаў, на "Сан Марко" - амаль 70 працэнтаў, на "Чырвоным Кастрычніку" - больш за палавіну. Інакш кажучы, тое, што ў нас вырабляецца, таксама амаль не наша". У выніку на прадпрыемствах абутковай галіны склалася адмоўнае сальда знешнегандлёвых аперацый. З 2006 года гэты паказчык узрос амаль у 5,5 раза і дасягнуў амаль $40 млн.
"Фактычна цэлая галіна паразітуе на золатавалютных рэзервах дзяржавы, хоць усе павінны прывозіць валюту ў краіну", - так ахарактарызаваў кіраўнік дзяржавы работу гарбарнай і абутковай галін. Прэзідэнт нагадаў, што ім было дадзена даручэнне Савету Міністраў прыняць неабходныя рашэнні для выпраўлення сітуацыі. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, якія канкрэтна меры прыняты ўжо, каб пераламаць негатыўныя тэндэнцыі. Пры гэтым ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, што праблемныя пытанні галіновай палітыкі не павінны замыкацца на вузкаведамасным узроўні, у першую чаргу трэба думаць пра агульнадзяржаўны эфект.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што прадпрыемствам гарбарнай і абутковай галін трэба будзе працаваць у новых умовах інтэграцыі Беларусі ў Мытны саюз, Адзіную эканамічную прастору, а таксама з улікам уступлення Расіі ў СГА.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не раз звяртаў увагу на недахопы ў рабоце гарбарнай і абутковай прамысловасці, выказваючы ў іх адрас не толькі заўвагі, але і сур`ёзныя нараканні. "Таму мяне сёння цікавіць, як урад прыслухаўся да нараканняў, выказаных Прэзідэнтам, што сёння зроблена і што прапануецца на заўтра. Але ненармальна, калі мы хвалімся, што ў нас развітая сельская гаспадарка і мы атрымліваем вялікую колькасць мяса, і ў той жа час не можам забяспечыць гарбарнай сыравінай абутковую прамысловасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
8 лістапада 2012, Мінск
Кацярына Крышэнік - БЕЛТА