https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Яшчэ адзін актывіст "Еўрапейскай Беларусі" вырашыў не вяртацца на радзіму


Сваё рашэнне Аляксандр Атрошчанкаў растлумачыў магчымым паўторным арыштам.
Яшчэ адзін актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" — прэс-сакратар былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў — прыняў рашэнне не вяртацца на радзіму. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв`ю газеце "Наша ніва".

Цяпер ён знаходзіцца ў Варшаве.

Атрошчанкаў паведаміў, што за межамі Беларусі ён знаходзіцца з 3 верасня.

"3 верасня я вяртаўся ў Беларусь з міжнароднай канферэнцыі. Вяртаўся цягніком з Расіі, партызанскімі шляхамі. У цягніку была спроба затрымання, арышту ці выкрадання мяне — не ведаю нават, як гэта назваць... За некалькі прыпынкаў да Мінска ў вагон пачалі заходзіць па адным чалавеку ў цывільным, якія сачылі за мной. Я патэлефанаваў Наталлі Радзінай і сваёй жонцы, паведаміў, што магу быць арыштаваны. Але я змог увесці гэтых людзей у зман і адарвацца. У Мінску я нават не заходзіў дадому, таму што разумеў, што там мяне могуць чакаць, а адразу вылічваў шляхі адступлення", — расказаў прэс-сакратар Саннікава.

Ён не стаў удакладняць, якім чынам выехаў з краіны, з тых меркаванняў, што "гэтым шляхам яшчэ могуць скарыстацца іншыя людзі".

Атрошчанкаў таксама паведаміў, што за мяжой да яго далучылася сям`я — жонка Дар`я Корсак з нядаўна народжаным сынам. Актывіст "Еўрапейскай Беларусі" мае намер застацца ў Варшаве і займацца "грамадскай дзейнасцю на карысць Беларусі".

Пры гэтым Атрошчанкаў падкрэсліў, што пакуль не збіраецца прасіць палітычнага прыстанішча. "Пакуль я разглядаю сваё знаходжанне ў Варшаве як доўгатэрміновую камандзіроўку", — сказаў ён.

У пачатку верасня пра сваё рашэнне застацца за мяжой абвясціў каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь", давераная асоба Саннікава Дзмітрый Бандарэнка. Ён цяпер таксама знаходзіцца ў Варшаве.

26 кастрычніка стала вядома, што Андрэй Саннікаў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Вялікабрытаніі.

Усе трое прадстаўнікоў "Еўрапейскай Беларусі" былі асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года, прыгавораны да розных тэрмінаў пазбаўлення волі і прызнаны палітычнымі зняволенымі.

31-гадовы Аляксандр Атрошчанкаў быў адлічаны з факультэта міжнародных адносін БДУ за палітычную дзейнасць. У 2001—2006 гадах быў членам маладзёжнай апазіцыйнай арганізацыі "Зубр", неаднаразова затрымліваўся падчас апазіцыйных акцый. Дзесяць гадоў прапрацаваў карэспандэнтам сайта www.charter97.org. Пасля стварэння грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" стаў яе прэс-сакратаром.

Атрошчанкаў быў затрыманы 20 снежня 2010 года ў сваёй кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. У сакавіку 2011 года асуджаны паводле артыкула 293 КК (масавыя беспарадкі) і прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У верасні таго ж года выйшаў на волю на падставе ўказа Лукашэнкі аб памілаванні. У адрозненне ад Саннікава і Бандарэнкі, з просьбай аб памілаванні да Лукашэнкі Атрошчанкаў не звяртаўся.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2012
 
Дата публикации:05.11.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2319
 
Ключевые слова:
Оппозиция в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме