Перад пачаткам шэсця адзін з яго арганізатараў, намеснік старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі падкрэсліў, што такія акцыі важныя для беларускага народа. "Раней у Курапатах і ў Лошыцы нас расстрэльвалі і знішчалі фізічна. Цяпер беларускую нацыю знішчаюць апасродкавана, праз этнацыд, Чарнобыль, праз гідролізную гарэлку і праз дэградацыю. Але гэтымі шэсцямі мы паказваем, што беларуская нацыя жыве і будзе жыць", — сказаў Беленькі.
Як адзначыў палітык, у апошні час якасна змяніўся склад удзельнікаў такіх акцый. "Калі раней гэта былі пераважна людзі пажылога ўзросту, то цяпер на іх прыходзіць больш моладзі. Сэнс такіх акцый не толькі ў памінанні продкаў, але і ў пераемнасці пакаленняў", — падкрэсліў Беленькі.
За ходам акцыі традыцыйна назіраюць супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, здымаюць на відэа.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 4 лістапада 2012