Як паведаміла прэс-група УВКР, 15 кастрычніка супрацоўнікамі ўпраўлення ваеннай контрразведкі сумесна з байцамі групы "Альфа" пры спробе збыту чарговай партыі гашышу і амфетаміну затрыманы два грамадзяніны Беларусі.
Здзелка праходзіла ў адной са сталічных шматпавярховак па вуліцы Магілёўскай, дзе здымаў кватэру арганізатар канала пастаўкі. Малады чалавек 1986 года нараджэння прадаў свайму саўдзельніку больш чым 90 грамаў гашышу і каля 70 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва — амфетаміну. Пры асабістым надглядзе затрыманага, а пазней і ў яго кватэры, супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі чарговыя фасоўкі гашышу, падрыхтаваныя да рэалізацыі, і 2.800 долараў ЗША, выручаныя за збыт наркотыкаў.
У ходзе рэалізацыі інфармацыі, атрыманай ваеннымі контрразведчыкамі, было ўстаноўлена, што малады чалавек арганізаваў канал пастаўкі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў з Санкт-Пецярбурга і рэалізоўваў названыя рэчывы разам са знаёмымі на тэрыторыі Беларусі.
У дачыненні да затрыманых упраўленнем ваеннай контрразведкі распачаты дзве справы па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч. 1 і ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў). Арганізатару злачыннай дзейнасці пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 18 кастрычніка 2012