Як нагадала прэс-служба БЧ, праезд пасажыраў па электронных праязных дакументах з электроннай рэгістрацыяй быў арганізаваны з 12 верасня гэтага года ў цягніках № 106/105 Брэст — Мінск і № 117/118 Віцебск — Мінск. За першы тыдзень доследнай эксплуатацыі пры дапамозе новай паслугі былі аплачаныя 63 праязныя дакументы. Асабліва запатрабаванай яна аказалася пры набыцці білетаў на цягнік № 117/118 Віцебск — Мінск.
Беларуская чыгунка разлічвае на павышэнне цікавасці да новай паслугі і звяртае ўвагу на яе перавагі. У найбліжэйшай перспектыве плануецца пашырыць прымяненне паслугі электроннай рэгістрацыі для праезду і на іншых цягніках.
"Аплата праезду праз інтэрнэт з электроннай рэгістрацыяй дазваляе значна эканоміць час, не афармляючы праязны дакумент у білетнай касе, і поўнасцю выключае магчымасць страты або псавання праязнога дакумента", — падкрэслівае прэс-служба.
На сайце Беларускай чыгункі (www.rw.by) размешчана відэапрэзентацыя, у якой пакрокава прадэманстраваны працэс афармлення пасажырамі электронных праязных дакументаў з электроннай рэгістрацыяй. У найбліжэйшы час відэапрэзентацыя будзе размешчана ў сістэме продажу праязных дакументаў www.poezd.rw.by.
Электронная рэгістрацыя выконваецца не пазней чым за адну гадзіну да адпраўлення цягніка з пачатковай станцыі маршрута яго накіравання. Пасадка пасажыраў у цягнік ажыццяўляецца пры прад`яўленні дакумента, які сведчыць асобу, на падставе якога быў аформлены электронны праязны дакумент.
Аплаціць куплю праязных дакументаў праз інтэрнэт можна як па інтэрнэт-банкінгу, так і з дапамогай сістэм электронных грошай Easy Pay і WebMoney.
Акрамя таго, цяпер вядуцца работы па падключэнні сэрвісу продажу праязных дакументаў на сайце www.poezd.rw.by да сістэмы інтэрнэт-эквайрынгу для забеспячэння магчымасці аплаты білетаў па банкаўскіх картах плацёжных сістэм Visa International, MasterCard WordWide любога банка свету.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 20 верасня 2012