Як паведамляе прэс-служба БДУ, рэйтынг складаецца восьмы год іспанскай даследчай лабараторыяй Laboratorio de Internet і абнаўляецца двойчы ў год: у студзені і ліпені.
У яго апошняй рэдакцыі прааналізавана 20 тыс. 745 універсітэтаў з прыкладна 30 тыс. сусветных універсітэтаў. Выніковы рэйтынг разлічваецца як сярэднеўзважанае чатырох паказчыкаў: "бачнасць", "памер", "спецыяльныя файлы" і "навуковыя публікацыі".
Сярод універсітэтаў краін СНД БДУ падняўся на чацвёртае месца, прапусціўшы наперад толькі тры расійскія ўніверсітэты: МДУ (176), Санкт-Пецярбургскі (494) і Томскі (521) універсітэты.
На першых месцах рэйтынгу традыцыйна размясціліся Гарвардскі ўніверсітэт, Масачусецкі тэхналагічны інстытут і Стэнфардскі ўніверсітэт.
Як адзначаюць у прэс-службе БДУ, у апошнія тры гады сусветны рэйтынг ВНУ пастаянна расце. Так, у ліпені 2009 года ўніверсітэт займаў 1 тыс. 916-ю пазіцыю, у студзені 2010-га — 1 тыс. 732-ю, у ліпені 2010 года — 1 тыс. 476-ю, у ліпені 2011 года — 1 тыс. 208-ю, у студзені 2012 года — 843-ю, а гэтым летам апынуўся на 595-м месцы.
Нагадваецца таксама , што, згодна з рэйтынгам вядомага брытанскага агенцтва QS (QS World University Rankings), восенню 2011 года БДУ ўвайшоў у ТОП-700 найлепшых універсітэтаў свету і знаходзіцца ў групе ВНУ, якія займаюць 501—550-ю пазіцыі.
"Такім чынам, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт уваходзіць у два працэнты найлепшых універсітэтаў свету", — робіць выснову прэс-служба БДУ.
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 1 жніўня 2012