https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Смяротная кара абвінавачваных у тэрарызме Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава стала для Аляксандра Лукашэнкі "чарговай трагедыяй у жыцці"


Пра гэта беларускі кіраўнік заявіў у эксклюзіўным інтэрв`ю тэлеканалу Russia Today.
Інтэрв`ю было дадзена 20 сакавіка падчас візіту Лукашэнкі ў Маскву. Сёння яго ўрыўкі з`явіліся ў некаторых расійскіх СМІ. Інтэрв`ю Аляксандра Лукашэнкі тэлекампаніі Russia Today будзе паказанае па канале "Беларусь-1" 22 сакавіка пасля праграмы "Панарама".

"Больш за ўсё я суперажываў бацькам гэтых людзей, якім я дапамагчы не магу. Вось часта пытаюцца: "Што для вас самае цяжкае?" Я ўжо гаварыў неяк публічна, што для мяне самае цяжкае — падпісаць адпаведны ўказ аб непамілаванні. Памілаваў жа я за ўвесь перыяд (знаходжання ва ўладзе. — БелаПАН.), па-мойму, толькі аднаго чалавека", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама сцвярджае, што Еўрасаюз ніколі не прасіў яго пачакаць з выкананнем смяротнага прыгавору Канавалаву і Кавалёву. "Еўрасаюз ніколі не прасіў мяне пачакаць з пакараннем гэтых людзей. Еўрасаюз заўсёды ад нас патрабаваў адмяніць смяротную кару", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Захад не прапаноўваў яму ніякіх дыпламатычных уступак. "Мне гэта не прапаноўвалі. Потым, якія гэта будуць палітычныя ўступкі? Але нават калі б мне прапанавалі, было б так, як сёння ёсць. Таму што гэта зусім несупастаўная праблема і пытанні. Палітычныя ўступкі з боку Захаду патрабуюць палітычных крокаў насустрач Захаду. Гэта чыстая крымінальшчына, прытым вельмі катастрафічная крымінальшчына, даравання якой няма. Я  думаю, так бы паступілі і ў Расіі, і ў іншых краінах. Таму няма чаго тут параўноўваць. І яшчэ раз падкрэсліваю: мне гэта і не прапаноўвалася", — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў, што судовы працэс па справе Канавалава і Кавалёва "ішоў ад пачатку да канца абсалютна празрыста". "І потым, намёк нейкі на фальсіфікацыю, падтасоўку... Паўстае пытанне: навошта? Адкажыце вы мне на пытанне, стаўшы на маё месца: навошта мне гэтая фальсіфікацыя?" — пацікавіўся Лукашэнка.

Нагадаем, у выніку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка 2011 года 15 чалавек загінулі, больш за 300 атрымалі раненні. Ужо 12 красавіка падазроныя Канавалаў і Кавалёў былі затрыманыя. Суд над імі пачаўся 15 верасня. Назіральнікі і праваабаронцы звярталі ўвагу на шматлікія нестыкоўкі падчас следства і судовага працэсу.

На судзе Канавалаў прызнаў віну ва ўчыненні шэрагу тэрактаў, у той час як Кавалёў прызнаў віну толькі ў неданясенні аб падрыхтоўцы выбуху ў метро. У канцы лістапада Вярхоўны суд прыгаварыў 25-гадовых абвінавачваных да вышэйшай меры пакарання. Канавалаў прыгавор не аспрэчваў і пра памілаванне не прасіў, Кавалёў звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні.

14 сакавіка стала вядома, што Лукашэнка памілаваць асуджаных адмовіўся ў сувязі з "выключнай небяспекай і цяжкасцю наступстваў для грамадства ад учыненых злачынстваў".

16 сакавіка маці Кавалёва накіравала на імя Аляксандра Лукашэнкі зварот з просьбай прыпыніць на год выкананне смяротнага прыгавору ў дачыненні да сына на падставе арт. 61 Канстытуцыі. "Спадзяюся, што за гэты час зварот, які знаходзіцца на разглядзе Камітэта ААН па правах чалавека, будзе разгледжаны. Калі ласка, дайце магчымасць майму сыну дачакацца вынікаў разгляду звароту ў ААН. Прашу Вас, прыпыніце пакаранне на адзін год", — гаварылася ў лісце.

Перагледзець сваё рашэнне аб непамілаванні Кавалёва і Канавалава Лукашэнку таксама заклікалі еўрапейскія палітыкі і інстытуты, у тым ліку — парламент Еўрасаюза. Так, старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц, у прыватнасці, заявіў: "Я глыбока засмучаны звесткамі, што прэзідэнт Лукашэнка адмовіўся памілаваць Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава. <...> Яны былі асуджаныя, нягледзячы на сур`ёзныя сумненні наконт іх ролі ў гэтай трагічнай падзеі. Згодна са справаздачамі праваабарончых арганізацый, вядзенне іх працэсу не адпавядала міжнародным стандартам".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 21 сакавіка 2012
 
Дата публикации:21.03.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3398
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро Теракт Терроризм Смертный приговор
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме