https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Міжнародныя рэйтынгі беларускіх банкаў працягваюць зніжацца


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновыя рэйтынгі дэфолту эмітэнта (РДЭ) шасці буйных беларускіх банкаў — "Белгазпрамбанка", "Беларусбанка", "Белінвестбанка", "Белзнешэканамбанка", "БПС-Банка" і "Банка ВТБ" (Беларусь). Як вынікае з паведамлення Fitch, рэйтынгі паніжаны на адну ступень, з "B" да "B-". Прагноз па рэйтынгах застаўся "негатыўным".
Агенцтва таксама пагоршыла прагноз па рэйтынгах "БТА Банка" са "стабільнага" да "негатыўнага", пацвердзіўшы яго рэйтынг на ўзроўні "B-".

"Зніжэнне [рэйтынгаў і прагнозу] адлюстроўвае перагледжаную ацэнку Fitch адносна суверэнных і краінавых рызык Беларусі, у прыватнасці ў выніку па-ранейшаму слабых знешніх фінансаў краіны", — гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, паніжэнне рэйтынгаў улічвае сур`ёзныя складанасці, з якімі сустракаецца банкаўская сістэма.

Fitch чакае, што якасць актываў у беларускіх банкаў пагоршыцца "ў выніку рэзкага запавольвання крэдытавання, зніжэння эканамічнай актыўнасці, высокай інфляцыі  і, верагодна, больш селектыўнай падтрымкі карпаратыўнага сектара з боку дзяржавы".

У той жа час, на думку агенцтва, "паказчыкі якасці актываў згодна са справаздачнасцю, хутчэй за ўсё, будуць пагаршацца павольнымі тэмпамі з прычыны істотнай долі доўгатэрміновых крэдытаў, дзяржаўных субсідый па працэнтных выплатах і верагоднай гатоўнасці банкаў у дзяржуласнасці рэструктурыраваць і пралангіраваць праблемныя крэдыты".

У прыватнасці, прадстаўнікі агенцтва адзначаюць, што доўгатэрміновыя РДЭ "Беларусбанка" і "Белінвестбанка" "адлюстроўваюць слабую крэдытаздольнасць на самастойнай аснове і абмежаваны патэнцыял падтрымкі ад уладаў краіны ў выпадку неабходнасці". "Негатыўны" прагноз па гэтых рэйтынгах улічвае патэнцыял далейшага аслаблення іх плацежаздольнасці і валютнай ліквіднасці, а таксама верагодны працяг пагаршэння ўласных фінансавых пазіцый дзяржавы і, значыць, яе здольнасці аказаць падтрымку банкам.

Трэба адзначыць, што ў сакавіку гэтага года Fitch пагоршыла прагноз па доўгатэрміновых РДЭ сямі буйных беларускіх банкаў — "Белаграпрамбанка", "Белгазпрамбанка", "Беларусбанка", "Белінвестбанка", "Белзнешэканамбанка", "БПС-Банка" і "Банка ВТБ" (Беларусь) са "стабільнага" да "негатыўнага". Сваё рашэнне агенцтва растлумачыла тым, што фінансавае становішча Беларусі ў чацвёртым квартале 2010 года і пачатку 2011-га значна пагоршылася, і ў кароткатэрміновай перспектыве можа пагоршыцца яшчэ больш.

Таксама ў сакавіку яшчэ два вядучыя рэйтынгавыя агенцтвы свету панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі. Standard & Poor`s панізіла доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг Беларусі па абавязацельствах у замежнай валюце з "В+" да "В", а доўгатэрміновы рэйтынг па абавязацельствах у нацыянальнай валюце — з "ВВ" да "В+", прагноз па доўгатэрміновых рэйтынгах "негатыўны". Moody`s Investors Service знізіла крэдытны рэйтынг Беларусі на адзін пункт — з "B1" да "B2".

22 ліпеня Moody`s панізіла таксама доўгатэрміновыя дэпазітныя рэйтынгі па абавязацельствах у нацыянальнай валюце шасці беларускіх банкаў — дзяржаўных  "Беларусбанка", "Белаграпрамбанка", "Белінвестбанка", "Белпрамбудбанка" і "МТБанка", а таксама банка "Масква-Мінск" (беларуская "дачка" "Банка Масквы"). Доўгатэрміновы дэпазітны рэйтынг "Белпрамбудбанка" быў паніжаны да "B1" з "Ba3", усіх астатніх банкаў — да "B3" з "B2", прагноз па ўсіх рэйтынгах "негатыўны". Такое рашэнне агенцтва прыняло ў сувязі з абмежаваным знешнім фінансаваннем, дэфіцытам замежнай валюты, істотнай дэвальвацыяй беларускага рубля, магчымым пагаршэннем сітуацыі ў банкаўскай сістэме, а таксама заклапочанасцю палітычнымі і эканамічнымі наступствамі абмежавання знешняй ліквіднасці.

Між тым, на думку міністра эканомікі Беларусі Мікалая Снапкова, ацэнкі рэйтынгавых агенцтваў не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі ў эканоміцы. "На наш погляд, неабходна ацэньваць у большай ступені патэнцыял эканамічнага развіцця, чым даваць імгненную ацэнку тым ці іншым эканамічным індыкатарам", — заяўляў Снапкоў на брыфінгу ў Мінску 31 сакавіка.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 4 жніўня 2011
 
Дата публикации:04.08.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3305
 
Ключевые слова:
Экономика Кризис в Беларуси Белорусские банки Рейтинг
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме