https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Расповед айца Генрыка аб тым, як сустракаць Божае Нараджэнне


Як дасягнуць душэўнага балансу і сустрэць Каляды ў добрым настроі, распавёў ксёндз Генрык Акалатовіч, доктар права, пробашч касцёла Святога Юзафа ў Валожыне.
Напярэдадні Новага года часта чуем ад знаёмых, што ў іх няма святочнага настрою. Нехта незадаволены надвор`ем, якое хутчэй нагадвае восеньскае, чым зімовае. Нехта расчараваны вынікамі сыходзячага года. Усё гэта прычыны знешнія, паўплываць на якія мы не можам. А вось унутраныя ўстаноўкі і ўласнае светаўспрыманне — гэта тое, што цалкам залежыць ад нас саміх.

Святое месца, сем алтароў

Бывае так: бачыш чалавека ўсяго некалькі секундаў і ўжо разумееш — гутарка атрымаецца. Так было і з айцом Генрыкам, які сустрэў нас каля самых дзвярэй упрыгожанага да свята касцёла.

Энергічны чалавек, побач з якім адчуваеш спакой — такімі словамі можна яго апісаць. За сваё жыццё айцец Генрык служыў у храмах розных краін: у Рызе, Браславе, Ракаве, Нясвіжы, Рыме, Сталовічах, Бабруйску. Цяпер ксёндз служыць у Валожынскім касцёле Святога Юзафа.

— Для мяне кожны храм — гэта святое месца, — гаворыць ён. — Фундаменту Валожынскага касцёла, у якім я цяпер служу, амаль чатырыста гадоў. Спачатку на яго месцы стаяў драўляны храм, але войны і ліхалецці, якія былі ў гісторыі нашай краіны, яго не пашкадавалі — ён згарэў. Недзе дзвесце гадоў таму вернікі збудавалі вось гэты каменны касцёл, які да сёння мы і бачым. Але калі б вы завіталі сюды гадоў 30 таму, вы б не пазналі гэтае месца. Раней тут знаходзіўся завод жалезабетонных вырабаў. Прыйшоў час — і наш касцёл вярнулі вернікам.

З таго часу тут адбываецца рэстаўрацыя, вяртанне да крыніц. На сённяшні дзень, дзякуючы парафіянам пабудавана сем алтароў.

Праўда, айцец Генрык распавёў, што ў касцёле пакуль няма аргана. Раней ён быў, нават засталіся людзі, якія памятаюць яго гучанне.

— Пасля заканчэння семінарыі касцёльная ўлада накіравала мяне вучыцца за мяжу. Там я пісаў кандыдатскую, бараніў доктарскую дысертацыю. З намі ў групе вучыліся не толькі ксяндзы, але таксама і свецкія хлопцы ды дзяўчаты. І вось я пазнаёміўся з дзяўчынай з Галандыі: яе бацька мае вялікую фабрыку па вырабе музычных інструментаў, у тым ліку і арганаў. Мы сябруем дагэтуль. Неяк яны з бацькам прыязджалі сюды. І ён сказаў мне, што акустыка ў нашым касцёле цудоўная, але адзінае, чаго бракуе, — гэта аргана.

Дай Божа, прыйдуць новыя пакаленні вернікаў і ксяндзоў, якія змогуць здабыць для Валожынскага касцёла арган.

Беларуская мова і абед у Скандынавіі

Традыцыі — адна з асноўных рэчаў, якую хацелася абмеркаваць з айцом Генрыкам. Напрыклад, правядзенне службаў на беларускай мове. Падчас размовы мы згадалі ксяндза Уладзіслава Чарняўскага, які доўгі час быў пробашчам касцёла Панны Марыі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна. Айцец Уладзіслаў Чарняўскі знакаміты тым, што перакладаў духоўную літаратуру на беларускую мову, а таксама праводзіў беларускамоўныя імшы яшчэ да таго, як гэта было дазволена Ватыканам у 1962—1965 гады.

На маё пытанне аб тым, наколькі важна, каб у храме гучала нацыянальная мова, айцец Генрык адказаў шчыра: «Дзякуй за пытанне, але яно гучыць для мяне дзіўна». Сам ксёндз размаўляе па-беларуску не толькі на рабоце, але і дома:

— Мы жывём у Беларусі — гэта наша Бацькаўшчына. Чалавек з самага дзяцінства ўбірае ў сябе мову. Божанька даў мне дзве магчымасці сустрэцца з Папам Рымскім, цяпер святым Янам Паўлам ІІ. Адбылося гэта ў канцы 1980-х гадоў, калі яшчэ існаваў Савецкі Саюз. Сустрэча праходзіла ў Скандынавіі, і пасля службы нас запрасілі на абед. Атрымалася, што мяне пасадзілі каля святога айца. І вось Ян Павел ІІ у мяне пытаецца: «Ты з Савецкага Саюза. Скажы мне, як ты вырашаеш пытанне з мовай?» Я яму тады адказаў так: «Святы айцец, для мяне гэтага пытання не існуе. Бо калі людзі прыходзяць да мяне і просяць правесці службу, то першае, пра што я ў іх пытаюся, — на якой мове будзем маліцца». Гэта значыць, што не я абіраю мову, а людзі. На сённяшні дзень у Валожынскім касцёле, каб нікога не пакрыўдзіць, выконваюцца службы на польскай і беларускай мовах. І тут няма ніякіх праблем.

Сёння ўсё больш вернікаў хоча чуць у храме беларускую мову, яна запатрабаваная. Айцец Генрык распавёў, што ёсць літургічная камісія, пры якой ужо некалькі гадоў выдаецца беларускамоўная імша. Таксама ёсць кнігі да святых сакрамэнтаў на беларускай мове, малітоўнік «Ойча наш» як для дарослых, так і для дзяцей:

— Ужо не бяда. Касцёл развіваецца і, дзякуй Богу, з кожным годам усё, што патрэбна, з`яўляецца, — адзначыў ксёндз.

Стог сена і ноч на вакзале

Падчас размовы з айцом Генрыкам цікава было даведацца, як сустракалі Каляды ў яго дзяцінстве. Якія традыцыі існавалі? Здавалася б, што можа быць лепш за свята, праведзенае ў вясковай хаце? За акном падае снег, ты, седзячы на цёплай печцы, слухаеш бабуліны казкі — і вось-вось бацькі паклічуць за святочны стол. Усё гэта, вядома, было, але існавалі і выпрабаванні — усё ж такі жыццё ў вёсцы складанейшае за гарадское. Нарадзіўся ксёндз каля Баранавіч, у вёсцы Новая Мыш:

— Для адзначэння Божага Нараджэння ў нас было шмат цудоўных традыцый. Мы ўпрыгожвалі ёлку, і ўжо на куццю, увечары, ставіўся стол з абрусам. На яго клалася сена як напамін аб тым, што пан Езус нарадзіўся ў хляве. Пасярэдзіне стала ставілася свянцоная свечка — знак таго, што сям`я просіць, каб святло народжанага Сына асвятляла дом. Побач са свечкай у талерачцы клаліся свянцоныя аплаткі. А вакол — посная ежа. Зазвычай дванаццаць страў. Тады збіралася ўся сям`я, і мы пачыналі чытаць малітвы. Потым, вядома ж, дарылі падарункі. Памятаю, як мы, дзеці, падпісвалі карткі бацькам. Маці з бабуляй пачыналі спяваць калядкі — надыходзіў час святой імшы.

У роднай вёсцы айца Генрыка касцёл быў, але не было ксяндза, таму службы праводзіліся ў Баранавічах. Але ў час яго дзяцінства ў людзей не было сваіх машын, а да Баранавіч — адзінаццаць кіламетраў. Айцец Генрык успамінае, як заўсёды з бацькамі і жыхарамі вёскі садзіліся на апошні аўтобус і ехалі ў Баранавічы. Да святой імшы, якая традыцыйна праводзіцца апоўначы, заставалася некалькі гадзін, таму чакалі на вакзале. Потым ішлі ў касцёл. Пабыўшы на службе, вярталіся а другой гадзіне ночы на вакзал. Там сядзелі да раніцы і чакалі першы аўтобус.

— Для нас, дзяцей, гэта была прыгода. Я гэты час успамінаю з радасцю і задавальненнем.

Зразумела, беларуская вёска не абыходзіцца без калядоўшчыкаў. На малой радзіме айца Генрыка гэтая традыцыя называлася «хадзіць па калядзе». Старэйшыя хлопцы рабілі зорку на шасце, у сярэдзіне якой выразаліся фігуркі — усё гэта падсвечвалася ліхтарыкам.

Падлеткі і моладзь збіраліся групай па пятнаццаць-дваццаць чалавек і хадзілі з хаты ў хату, спяваючы калядкі. У сваю чаргу, гаспадары частавалі ці кавалкам прыгатаванай булкі, ці цукеркамі.

Распачыналася калядаванне 25 снежня і доўжылася каля тыдня.

Падрыхтоўка да свята

Айцец Генрык распавёў, што ў касцёльным календары месяц снежань мае назву Адвэнт. З лацінскай мовы гэта тлумачыцца як чаканне, спадзяванне. У гэты час трэба абавязкова запытацца, ці ачысціў ты сваю душу ад грахоў. І як на працягу года адносіўся не толькі да блізкіх табе людзей, а ўвогуле да ўсіх тых, каго сустракаў на жыццёвым шляху.

— Касцёл заахвочвае, каб напярэдадні Каляд чалавек паглядзеў, у якім стане яго душа. Ці ўсё добра ў адносінах з Богам, з блізкімі, — расказаў ксёндз. — Я заўсёды падкрэсліваю: чалавек, спяшайся рабіць добрыя ўчынкі. Бо як мы адыдзем з гэтай зямлі, нас чакае суд Божы. І туды мы не бяром ні свае дыпломы, ні пасады. А бяром свае добрыя ўчынкі.

А яшчэ вось над чым варта падумаць. Кожны з нас мае дзве кнігі: Кнігу смерці і Кнігу жыцця. У Кнізе смерці запісваюцца ўсе грахі чалавека: брыдкія словы, праклёны, нянавісць, адным словам, усё дрэннае. У Кнігу жыцця запісваецца ўсё добрае — дапамога, міласэрнасць. Чалавек мусіць жыць так, каб яго Кніга смерці была чыстая, а Кніга жыцця была ўся спісаная. Ніхто не патрабуе рабіць больш за сваю моц, але ў меру магчымасцяў — імкніся да добрых учынкаў, будзь багатым у вачах Божых.

На куццю, якая адбываецца 24 снежня, ксёндз параіў прыязджаць да сваіх бацькоў:

— Дзеці, калі вы зберацеся з сям`ёй разам, абавязкова дадайце: «Пане Божа, дзякуем табе за тое, што ты дазволіў нам прыехаць у бацькоўскую хату. Дзякуем табе за тое, што мама і тата, бабуля і дзядуля сустракаюць нас на ганку. Дзякуем, што яны жывыя і здаровыя. Дай, Пане Божа, каб яны праз год таксама сустрэлі нас, нашых унукаў і праўнукаў».

Віншаванне для чытачоў

— Шаноўныя чытачы, парафіяне, праваслаўныя браты і сёстры, жыхары нашай Бацькаўшчыны, жадаю вам апекі Божай. Каб народжаны Сын Божы прынёс у сэрца кожнага чалавека мір, супакой, паразуменне, адзінства. Каб мы са свайго жыцця зямнога выкінулі злосць, нянавісць, гвалт і іншыя страшныя грахі. Каб Божанька кіраваў нашай Бацькаўшчынай і ўсімі людзьмі. Каб усе памяталі загад: «Чалавек, любі блізкага, як сам сябе любіш. Не рабі блізкаму таго, чаго не хочаш, каб зрабілі табе». Хай Маці Божая апякуецца над нашай Беларуссю.

Аўтар: Арына Карповіч
Звязда, 24 снежня 2021
 
Дата публикации:24.12.2021
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:271
 
Ключевые слова:
Валожын Римско-католическая церковь Христианство Свята нараджэння Пана Религия Беларуская мова
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме