Дні знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ў Пекіне былі напоўнены перагаворамі з прадстаўнікамі кітайскіх дзелавых колаў. Галоўнае ж мерапрыемства — сустрэча з Сі Цзіньпінам, якая ўпершыню прайшла дома ў кітайскага лідара — у рэзідэнцыі Чжуннаньхай. Гэта знак асаблівай прыхільнасці і дружбы паміж кіраўнікамі дзяржаў.
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін пацвердзілі курс на ўмацаванне сяброўства і супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі
«Літаральна побач мой кабінет. Упершыню тут я вас прымаю», — сказаў пры сустрэчы Сі Цзіньпін.
Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу адзначыў, што вельмі цэніць дружалюбнасць кітайскага калегі:
«Яна падкрэслена тым, што вы запрасілі мяне ў свой дом. Я вам вельмі ўдзячны і, зразумела, буду чакаць вас у сваім доме».
«Мяне таксама здзіўляе і ўражвае дагэтуль, хоць я 15-ы раз у Кітаі і ў мяне 30-гадовы тэрмін супрацоўніцтва з КНР, ваша стаўленне да гасцей. Паверце, гэта агульнае меркаванне. Мы з прэзідэнтамі, асабліва постсавецкіх рэспублік, часта абменьваемся гэтымі думкамі. У нас аднолькавае меркаванне. І мы гэта разумеем і вельмі цэнім», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Старшыня КНР з цеплынёй прывітаў Прэзідэнта Беларусі, падкрэсліўшы даўнюю асабістую дружбу.
«Хачу яшчэ раз вас павіншаваць з перавыбраннем Прэзідэнтам Беларусі. Гэта ў поўнай меры сведчыць аб падтрымцы і даверы народа Беларусі ў ваш адрас. Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам Беларусь абавязкова дасягне яшчэ больш яркіх новых поспехаў у дзяржаўным будаўніцтве», — сказаў Сі Цзіньпін.
Размова лідараў працягвалася дзве з паловай гадзіны. Падводзячы вынікі візіту ў кароткім інтэрв’ю журналістам, Аляксандр Лукашэнка сказаў:
«Усё прайшло як мага лепш. Мы з сябрам сустрэліся, паразмаўлялі. Дамовіліся аб тым, што мы павінны інтэнсіфікаваць нашы адносіны. Вельмі ўдачна».
«Гэта была сямейная сустрэча ў вузкім асяроддзі. Не афіцыйная, не рабочая — сямейная. Тым не менш, кітайцы ёсць кітайцы — яны арганізавалі ўсё на высокім узроўні. Малайцы. Таму мы і з рэальным сектарам эканомікі, з фінансамі (прадстаўнікамі гэтых сфер.) сустрэліся, перагаварылі. А сёння са Старшынёй (Сі Цзіньпінам.), міністрам замежных спраў Ван І — стары наш сябар, — расказаў Прэзідэнт. — Я лічу, што візіт быў паспяховым. А галоўнае, для іх (адказных з абодвух бакоў.) калідор пашыраны — дзейнічайце. Таму я і гавару паслу: «Галавой адказваеце за адносіны з Кітаем. Гэта для нас новыя магчымасці».
Сі Цзіньпін падкрэсліў, што паміж Беларуссю і Кітаем мацнее традыцыйная дружба, умацоўваецца непарушны палітычны ўзаемадавер, пашыраецца супрацоўніцтва практычна ва ўсіх сферах.
«Мы захоўваем цесныя кантакты і каардынацыю ў міжнародных справах — і ў рамках ШАС, і ў рамках ААН. Як і вы, як і наша краіна, ніколі не падпарадкоўваемся якому-небудзь міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання. Разам мы абараняем міжнародную справядлівасць і роўнасць», — сказаў кітайскі лідар.
«Мы захоўваем цесныя кантакты і каардынацыю ў міжнародных справах — і ў рамках ШАС, і ў рамках ААН. Як і вы, як і наша краіна, ніколі не падпарадкоўваемся якому-небудзь міжнароднаму гегеманізму, палітыцы цкавання. Разам мы абараняем міжнародную справядлівасць і роўнасць», — сказаў кітайскі лідар.
Ён таксама запрасіў Прэзідэнта Беларусі на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і парад у Пекіне, якія пройдуць у канцы жніўня — пачатку верасня бягучага года.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер позіркі многіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, звернуты на Пекін.
«Вы вельмі правільна адзначылі асноўную асаблівасць цяперашняга часу — беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду на нас, перш за ўсё на Кітайскую Народную Рэспубліку. І сёння позіркі многіх дзяржаў, як і Беларусі, звернуты на вас — на Пекін», — сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, яшчэ 5 гадоў таму гаварылі:
«Калі Кітай вытрымае, значыць, планета будзе ўраўнаважана і будзе існаваць».
«Сёння ўжо кажуць: «Кітай вытрымаў, вытрымае і Кітай не дазволіць зламаць сусветны парадак. У гэтым перакананы многія-многія народы. Кіраўнікі дзяржаў, з якімі я сустракаўся, мне аб гэтым гаварылі», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звязда, 4 чэрвеня 2025