https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Урад Беларусі ў выгнанні ў агляднай перспектыве не мае шанцаў на міжнароднае прызнанне, а без гэтага ідэя губляе сэнс


Такую думку выказаў на міжнароднай канферэнцыі "Будучыня Беларусі" 25 мая ў Вільнюсе Ханс-Георг Вік, старшыня аб`яднання "Правы чалавека ў Беларусі" (Берлін).
Разам з тым ідэя замежнага цэнтра для падтрымкі дэмакратычных перамен у кране "не зусім абсурдная", мяркуе Вік, які ўзначальваў у свой час місію АБСЕ ў Мінску.

У цэлым удзельнікі спантанна ўзніклай на канферэнцыі дыскусіі вельмі крытычна ацанілі ідэю ценявога ўрада або пераходнага савета за мяжой для забеспячэння кардынальных грамадска-палітычных перамен у Беларусі, што атрымала апошнім часам вялікі рэзананс. З такой ініцыятывай выступіў палкоўнік спецназу ў адстаўцы Уладзімір Барадач, які эміграваў у Германію.

"Не варта пераносіць за межы Беларусі тое, што можа быць зроблена ўнутры краіны", — заявіў на канферэнцыі беларускі палітолаг Юрый Чавусаў. На яго думку, стварэнне нават не ўрада ў выгнанні, а нейкага апазіцыйнага цэнтра каардынацыі можа негатыўна адбіцца на становішчы палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі.

У каментарыі для БелаПАН Чавусаў растлумачыў: "Дзіўна будзе выглядаць, калі кіраванне апазіцыяй будзе весціся з-за мяжы — менавіта ж у гэтым улада абвінавачвае сваіх унутраных апанентаў ужо зараз. Гэта можа яшчэ больш аддаліць апазіцыю ад яе мэтавых груп, ад насельніцтва".

"Структуры, якія рэальна дзейнічаюць за мяжой, такія як Дом правоў чалавека ў Вільнюсе, заўсёды ствараюцца для ажыццяўлення канкрэтных функцый, якія нельга ажыццяўляць унутры краіны, — для выдання кніг, правядзення маладзёжных летніх школ і канферэнцый, акумулявання фінансавых сродкаў у дапамогу палітзняволеным", — зазначыў Чавусаў. Інакш кажучы, роля такіх замежных структур можа быць толькі сэрвіснай, мяркуе аналітык.

Галоўны рэдактар часопіса Arche Валер Булгакаў назваў ідэю ценявога ўрада за мяжой прыкладам "блізарукага мыслення". Для такога праекта ў беларускім выпадку няма перадумоў, бо звычайна пераходныя савета ствараюцца з прыцэлам на нейкі варыянт інтэрвенцыі, зазначыў ён. Булгакаў мяркуе, што важна пераадолець раскол беларускага грамадства, таму што рэжым вырашае задачу ўтрымання ўлады, "сутыкаючы беларусаў ілбамі".

На думку лідара грамадзянскай кампаніі "Наш дом" Вольгі Карач, перамены ў краіне забяспечыць толькі той лідар і тая каманда, "якія змогуць заваяваць сэрцы выбаршчыкаў". Гэты шлях цяжкі, але іншага няма, заявіла яна падчас дыскусіі.

Каментуючы нядаўнія выказванні міністра замежных спраў Літвы Аўдронюса Ажубаліса, які заклікаў падумаць аб пераходным савеце для Беларусі, Карач прызнала, што грамадзянская супольнасць мае патрэбу ў падтрымцы звонку. Але гэта не азначае, дадала кіраўнік "Нашага дома", што тыя ці іншыя замежныя структуры могуць прымаць рашэнні, распрацоўваць стратэгіі за беларусаў, якія змагаюцца за перамены ўнутры краіны.

Канферэнцыя "Будучыня Беларусі", што праходзіць у Вільнюсе 25—26 мая, прысвечана 20-годдзю незалежных даследаванняў у Беларусі і заснавання Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД).

Больш як сотня вядомых вучоных, даследчыкаў, экспертаў, спецыялістаў па пытаннях развіцця, лідараў грамадзянскай супольнасці з Беларусі і іншых дзяржаў падчас двухдзённай дыскусіі фармулююць канцэптуальнае бачанне перспектыў краіны. Адна з задач — прапанаваць рэкамендацыі, як у цяперашніх умовах можна ўстанавіць сувязь аналітычнай супольнасці, прыхільнікаў дэмакратычных перамен з шырокімі слаямі грамадства.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН
Вільнюс, 25 мая 2012
 
Дата публикации:25.05.2012
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:2726
 
Ключевые слова:
Вільня Конференция Права человека Выбры в Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме