https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Крызіс парушыў палітычны балянс у Грузіі. Магчыма, што і да лепшага


Імклівы палітычны крызіс у Грузіі прывёў да таго, што 4 лістапада быў звольнены міністар абароны краіны, які прытрымліваўся празаходніх пазыцый.
На знак салідарнасьці зь ім у адстаўку сышлі міністар замежных спраў і міністар у пытаньнях інтэграцыі ў эўрапейскія і эўраатлянтычныя структуры. У выніку кіроўную кааліцыю «Грузінская мара» пакінулі 10 дэпутатаў.

Кааліцыя, такім чынам, страціла парлямэнцкую большасьць, а перад партыямі Грузіі адкрыліся магчымасьці для стварэньня новых альянсаў. Аднак, нягледзячы на ўсю драматычнасьць таго, што адбываецца, гэты крызіс не зьяўляецца нечаканасьцю або падставай для залішніх хваляваньняў. Наадварот, ён можа зрабіць у грузінскай палітыцы зьмены, неабходныя для таго, каб даць выбаршчыкам больш пэўны набор магчымасьцяў у будучыні.

Непасрэднай прычынай крызісу стала ўрадавае расьсьледаваньне, распачатае пракуратурай паводле падазрэньня ў карупцыі адносна некаторых супрацоўнікаў міністэрства абароны. Калі ж кіраўнік вайсковага ведамства Іраклій Аласанія ўзьняўся на абарону сваіх супрацоўнікаў, прэм’ер-міністар Іраклій Гарыбашвілі абвясьціў 4 лістапада аб яго звальненьні.

Аднак варта зьвярнуць увагу на той факт, што кіроўная кааліцыя «Грузінская мара» ўжо даўно зьяўлялася мінай запаволенага дзеяньня, гатовай узарвацца ў любы момант. Кааліцыя была ўтворана ў 2012 годзе зь некалькіх партый, аб’яднаных толькі мэтай скінуць прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі, які тады быў пры ўладзе. Фінансаваньне кааліцыі ажыцьцяўлялася мільярдэрам Бідзінай Іванішвілі, які зарабіў свой капітал у 1990-я гады ў Расеі. Для зьвяржэньня Саакашвілі кааліцыя выявілася дзейсным сродкам, але прапанаваць больш шырокую аб’яднаўчую плятформу яна не змагла. Двума гадамі пазьней несумяшчальнасьць некаторых зь яе партый стала цалкам відавочнай.

Мільярдэр Бідзіна Іванішвілі сышоў у дастаўку з пасады прэм`ера ўраду Грузіі, але працягвае кантраляваць палітычны Алімп у Тбілісі.
Мільярдэр Бідзіна Іванішвілі сышоў у дастаўку з пасады прэм`ера ўраду Грузіі, але працягвае кантраляваць палітычны Алімп у Тбілісі.
Аласанія і тыя палітыкі, што пакінулі свае пасады на знак салідарнасьці зь ім, зьяўляюцца найбольш адкрытымі прадстаўнікамі ўнутрыкааліцыйнага лягеру прыхільнікаў інтэнсіўнага збліжэньня з НАТО і Эўразьвязам. У адрозьненьне ад іх, Гарыбашвілі стараецца ўраўнаважыць сваю публічную падтрымку эўраінтэграцыі спробамі паляпшэньня дачыненьняў з Масквой. Гэтыя намаганьні, якія ўключаюць у сябе разьвіцьцё гандлю з Расеяй, падтрымліваюцца Іванішвілі, які пакінуў у 2013 годзе пасаду прэм’ер-міністра. Тады Іванішвілі заявіў, што яго місія выкананая.

Цяпер, праз шэсьць гадоў пасьля заканчэньня грузінска-расейскай вайны, у выніку якой уся камэрцыйная дзейнасьць паміж дзьвюма краінамі была спыненая і Грузія страціла 20 адсоткаў сваёй тэрыторыі, Расея ўжо стала чацьвёртым па аб’ёме гандлёвым партнэрам Грузіі. У той жа час, Грузія не далучылася да міжнародных санкцый супраць Масквы, уведзеных з нагоды падзеяў ва Ўкраіне.

Аднак, нягледзячы на гэтак відавочную розьніцу ў падыходах, цяперашні палітычны крызіс у Грузіі разгарэўся ня толькі з-за інтэнсіўнасьці збліжэньня з Захадам.

У «Грузінскай мары» дастаткова празаходніх палітыкаў, асабліва зь ліку рэспубліканцаў — партыі сьпікера парлямэнту Давіда Ўсупашвілі. Крызіс, падобна, зьвязаны з немагчымасьцю палітычных лідэраў працягваць сваю дзейнасьць у рамках аморфнай кааліцыі, складзенай Іванішвілі з рознавектарных партый.

Ступень ўплыву Іванішвілі на «Грузінскую мару» — нягледзячы на тое што ён пакінуў сваю афіцыйную пасаду — праявілася ў яго нечаканай прысутнасьці на пасяджэньні палітрады кааліцыі 5 лістапада, на якім дэпутаты партыі Аласанія «Свабодныя дэмакраты» мелі намер разьвітацца са сваімі былымі партнэрамі. Непрыемна зьдзіўленыя ягоным зьяўленьнем, «Свабодныя дэмакраты» на знак пратэсту пакінулі пасяджэньне.

Страта «Грузінскай марай» парлямэнцкай большасьці можа адкрыць новыя палітычныя магчымасьці. Пасьля таго, як «Грузінскую мару» пакінулі 10 дэпутатаў партыі Аласанія «Свабодныя дэмакраты», яе колькасьць скарацілася да 73 дэпутатаў. Парлямэнцкую большасьць 150-мясцовага заканадаўчага органу складаюць 76 крэслаў. Для таго, каб зноў дамагчыся большасьці, кааліцыі неабходна вызначыць свае найважнейшыя каштоўнасьці і пастарацца прыцягнуць на свой бок незалежных дэпутатаў.

Такім чынам, крызіс становіцца магчымасьцю для ўзьнікненьня больш моцнага апазыцыйнага блёку або нават новай кіруючай кааліцыі. Такое можа адбыцца ў выпадку (хоць гэты варыянт малаверагодны), калі Аласанія уступіць у саюз з «Адзіным нацыянальным рухам». Партыя Саакашвілі і па гэты дзень мае 51 крэсла ў парлямэнце. Сумесна з 10 дэпутатамі «Свабодных дэмакратаў» Аласанія, новаму блёку спатрэбілася б толькі 15 крэслаў, каб атрымаць парлямэнцкую большасьць.

Усё гэта можа самым спрыяльным чынам адбіцца на Грузіі з улікам усеагульных выбараў 2016 году. Росквіт парлямэнцкіх дэмакратый наўпрост зьвязаны з неабходнасьцю даць выбаршчыкам выразна пазначаныя варыянты выбару. Цяпер у палітычных партый Грузіі такая магчымасьць зьявілася.

Радыё Свабода, 6 лістапада 2014
 
Дата публикации:06.11.2014
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:876
 
Ключевые слова:
Грузия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме