https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Косава — тэрыторыя жаху


Сярод гучных скандалаў, якія ўзрушылі Еўропу ў 2010 годзе, асаблівае месца займае даклад аб крымінальнай сітуацыі ў Косава міжнароднай групы экспертаў на чале з сенатарам і былым пракурорам Швейцарыі Дзікам Марці.
Дакумент быў падрыхтаваны па даручэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) і змяшчае шакіруючыя факты аб злачыннай дзейнасці так званай "Арміі вызвалення Косава".

Важкае слова Карлы

Цікавая перадгісторыя з`яўлення даклада. Штуршком для работы над ім стала кніга. Пра тое, што "Армія вызвалення Косава" і яе кіраўнікі маюць прамое дачыненне да гандлю "жывым таварам", зброяй, паставак наркотыкаў у велізарных аб`ёмах у Заходнюю Еўропу і нават донарскіх чалавечых органаў, было вядома шмат каму. Высокапастаўленыя чыноўнікі Еўрапейскага саюза і ЗША заплюшчвалі вочы на гэтую інфармацыю, стараліся яе не заўважаць. А прадстаўнікоў Сербіі не вельмі слухалі, бо тыя, маўляў, былі зацікаўленыя ў стварэнні адмоўнага іміджу бедных і свабодалюбівых касавараў, якія моцна пацярпелі ад прыгнёту Бялграда.

Але раптоўна грымнуў гром у выглядзе кнігі знакамітай Карлы дэль Понтэ, якая на працягу васьмі гадоў працавала галоўным пракурорам Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі. Яна з уласцівай ёй дасціпнасцю выклала такія сенсацыйныя факты і звесткі, што не толькі ў Еўропе ўзняўся вялікі скандал. І не дзіва. Кніга юрыста з сусветнай вядомасцю пад назвай "Паляванне: я і ваенныя злачынцы" даволі падрабязна расказвала пра зверствы албанскіх баявікоў у дачыненні мірнага сербскага насельніцтва. У свеце задаліся пытаннем: як такое магло здарыцца? Таму кніга стала падставай для пачатку гучнага міжнароднага расследавання. А яго, заўважце, ініцыявала ў ПАСЕ расійская дэлегацыя, якая прапанавала падрыхтаваць спецыяльны даклад па ўзнятых Карлай дэль Понтэ пытаннях. На працягу двух гадоў вялася карпатлівая, складаная і небяспечная работа па аналізе велізарнага аб`ёму дакументаў, крымінальнай інфармацыі, паказанняў ахвяр і сведак. Дарэчы, частка іх, па зразумелых прычынах, пра якія можна здагадвацца, потым раптоўна памірала ці знікала.

Чорныя справы "Дрэніцкай групы"

Адважны чалавек Дзік Марці (яму ўжо неаднаразова пагражалі) гаворыць, што ўсе факты і звесткі ў дакладзе пацвярджаюцца сведкамі і дакументамі. У даследаванні няма ніводнага галаслоўнага сцвярджэння. Як вынікае з даклада, які быў агучаны 16 снежня 2010 года на пасяджэнні камісіі ПАСЕ па юрыдычных пытаннях, былы ўплывовы палявы камандзір баявікоў, а цяпер лідар Косава Хашым Тачы, у канцы 90-х гадоў узначаліў злачынную арганізацыю "Дрэніцкая група". Як і належыць мафіі, яна займалася заказнымі забойствамі, выкраданнем людзей, так бы мовіць, у медыцынска-гандлёвых мэтах.

Сярод пацярпелых былі не толькі сербы, але і грамадзяне Расіі, Малдавіі, Казахстана, Турцыі і іншых краін. Іх "падманным шляхам заманьвалі ў Косава, абяцалі заплаціць вялікія грошы за ныркі, а затым пасля аперацыі фактычна выкідвалі на вуліцу", пішуць аўтары даклада. Невыпадкова яго асобны раздзел цалкам прысвечаны гандлю чалавечымі донарскімі органамі. Аказваецца, яшчэ ў 1999 годзе ў распараджэнні міжнародных арганізацый меліся звесткі аб выкраданні баявікамі Хашыма Тачы 300 маладых косаўскіх сербаў. Іх перавезлі ў Албанію, дзе медыкі ў падпольных лабараторыях у зняволеных выдалілі жыццёва важныя органы, якія затым былі прададзены ў клінікі Заходняй Еўропы, у прыватнасці, Германіі, а таксама Канады, Ізраіля.

Не будзем падрабязна пераказваць змест даклада, адзначым толькі, што ад яго факталагічнага матэрыялу нармальных людзей ахоплівае жах і абурэнне. Арганізатарам жудасных злачынстваў з`яўляліся кіраўнікі "Арміі вызвалення Косава", якія зараз займаюць усе ключавыя пасады ў органах кіравання ўлады самаабвешчанай дзяржавы Косава, у прыватнасці, Хашым Тачы заняў пасаду прэм`ер-міністра. Яна адкрыла дадатковыя магчымасці для злачыннага бізнэсу. У дакладзе прыводзяцца звесткі з паведамленняў агентаў амерыканскай ФБР і разведвальных службаў заходніх краін. Паводле іх, усё апошняе дзесяцігоддзе Хашым Тачы цалкам кантралюе гераінавы трафік у Еўропу.

Несакрэтныя матэрыялы


Што самае цікавае і абуральнае ў дадзенай гісторыі? Па словах самога Дзіка Марці, гэта тое, што на працягу цэлага дзесяцігоддзя факты крымінальнага гандлю чалавечымі органамі ў Косава, большасці іншых крывавых злачынстваў на тэрыторыі краю былі вядомыя спецслужбам шэрагу еўрапейскіх дзяржаў, увогуле шматлікім людзям і арганізацыям. Ім таксама добра было вядома і тое, што за ўсім гэтым злом стаяць завадатары "Арміі вызвалення Косава" і асабіста "дзяржаўны" чалавек і "прыхільнік еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў" Хашым Тачы. У дакладзе Дзіка Марці прасочваецца ўвесь незаконны ланцужок перапраўкі жыхароў краін Усходняй Еўропы ў падпольныя клінікі, які быў наладжаны пад кіраўніцтвам Хашыма Тачы.

Аднак чамусьці за дзесяць гадоў ні ў каго з дасведчаных і з адпаведнымі паўнамоцтвамі еўрапейскіх чыноўнікаў не ўзнікла ідэя правесці расследаванне гэтых фактаў. А тым часам баявікі Хашыма Тачы стварылі на тэрыторыі Косава атмасферу страху і тэрору, яны прымушалі людзей трымаць рот на замку. Дзіку Марці і яго паплечнікам прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб сведкі злачынстваў перасталі маўчаць і пачалі даваць інфармацыю. І сёння ахова сведак, калі будзе прынятае рашэнне аб працягу расследавання, з`яўляецца надзвычай важнай умовай яго паспяховага правядзення. Бо ўжо страчана шмат сведак. Дарэчы, па звестках той жа Карлы дэль Понтэ, у Албаніі знаходзяцца масавыя пахаванні ахвяр "Дрэніцкай групы", якіх прымусова пазбавілі пэўных органаў. Але эксгумацыя да сённяшняга дня не праводзілася — Албанія пярэчыць.

"Цяжкі падлетак" Еўропы

Незразумелая любоў і павага чыноўнікаў Еўрасаюза да касавараў з крымінальнай біяграфіяй. Здавалася, пасля абнародавання ў дакладзе жудасных фактаў, якія цалкам выкрываюць цяперашняе кіраўніцтва Косава, самы раз неадкладна распачаць непрадузятае міжнароднае расследаванне. Гэта было б у лепшых еўрапейскіх традыцыях барацьбы за справядлівасць і чалавечую годнасць. Але Косаву чамусьці шмат што — як цяжкаму, але любімаму падлетку даруецца, не заўважаюцца не тое што яго выбрыкі (маўляў, з узростам пройдзе), а самыя што ні ёсць цяжкія злачынствы. Па сутнасці, на тэрыторыі краю адбылося стварэнне мафіёзнага анклава з вельмі высокай ступенню карупцыі і арганізаванай злачыннасці. Эксперты па Балканах гавораць, што дзякуючы палітычнай, фінансавай і практычнай дапамозе ЗША і ЕС кіраўнікі Косава адчуваюць сябе недатыкальнымі і непадсуднымі асобамі. Між іншым, цікавая пазіцыя Хашыма Тачы і яго апекуноў да даклада: яны называюць яго атакай на ЗША і Еўрасаюз.

Больш за тое, Прышціна фактычна з дня абвяшчэння незалежнасці пачала падрыхтоўку да ўступлення ў Еўрасаюз. Хоць вельмі сумніўна, што Іспанія ці Кіпр прызнаюць Косава. Тады ім прыйдзецца прызнаць адпаведна незалежнасць Краіны баскаў і самаабвешчаную турэцкую рэспубліку Паўночны Кіпр. Тым не менш, Еўрасаюз робіць крокі насустрач касаварам: нядаўна адмяніў візы ў краіны шэнгенскай зоны. Ужо многія з іх наведалі прагныя да далейшага крымінальнага засваення Еўропы косаўскія албанцы. Гэтым ільготнікам цяпер дастаткова мець пры сабе біяметрычны пашпарт — і ўся Еўропа ў кішэні. А вось такі вольны візавы рэжым расіянам, украінцам, беларусам пакуль і не сніцца. Да іх іншае стаўленне ў Брусэлі. І хто ведае, можа, Косава хутчэй далучыцца да ЕС, чым Украіна, Грузія ці Малдова, якія даўно мараць пра гонар стаць членам аб`яднанай Еўропы. Скажаце, двайныя стандарты? Так. Але як без іх у вялікай палітыцы! На тэрыторыі Косава размешчаныя вайсковыя базы НАТА, край стаў плацдармам распаўсюджвання ўплыву блока на Балканы, лічаць эксперты.

А тым часам немцы ніяк не могуць дэпартаваць з краіны каля 14 тысяч косаўскіх бежанцаў, з якіх 10 тысяч — цыгане. На погляд уладаў Германіі, у Косава за апошнія гады значна знізіўся ўзровень канфліктаў, што стварае магчымасці вяртання бежанцаў на этнічную радзіму. Але тыя туды не вельмі спяшаюцца, нягледзячы на істотную матэрыяльную падтрымку патэнцыйным перасяленцам з боку ўрада ФРГ.

Сербія за працяг расследавання


Вось што гаворыць першы саветнік пасольства Сербіі ў Беларусі Уласцімір Джурычанін з нагоды скандальнага даклада, які выклікаў вялікі рэзананс у свеце. Сербія, па яго словах, станоўча ацаніла работу групы экспертаў пад кіраўніцтвам Дзіка Марці і настойвае на тым, каб кожны факт, выкладзены ў дакладзе, быў расследаваны. Сусветная супольнасць павінна ведаць усю праўду аб злачынствах супраць чалавечнасці на тэрыторыі Косава і Метохіі, а злачынцаў трэба караць. Прычым незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасці. Справядлівасці і праўды чакаюць іх ахвяры і блізкія, гаворыць Уласцімір Джурычанін. Толькі такім чынам можна будзе ў будучыні прымірыць народы, якія жывуць у Косава і Метохіі.

На погляд Сербіі, расследаванне належыць весці пад эгідай і пры актыўным удзеле структур Еўрапейскага саюза, ААН і Міжнароднага трыбунала па былой Югаславіі. Сербія таксама будзе настойваць на прыняцці рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і сербскай папраўкі па Косава, згодна з якімі ўсе іх рэкамендацыі павінны быць абавязковымі для ўсіх членаў Еўрапейскага саюза. З іншага боку, Сербія гатовая да дыялогу паміж Бялградам і Прышцінай, але патрабуе міжнароднай прысутнасці ў Косава для абароны сербскага насельніцтва і іх культурных помнікаў.

Леанід Лахманенка.
Звязда
20 студзеня 2011
 
Дата публикации:20.01.2011
Тематика:Белорусские центры, В мире
Просмотров:3302
 
Ключевые слова:
Косово Югославия Сербия Южные славяне Межнациональные конфликты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме