Уплыў узброеных канфліктаў на дзяцей у 2024 годзе дасягнуў беспрэцэдэнтных маштабаў. Гэты год стаў адным з самых цяжкіх у гісторыі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) для дзяцей, якія аказаліся ў эпіцэнтры войнаў і гвалту.
Па дадзеных ЮНІСЕФ, колькасць дзяцей, якія жывуць у зонах канфлікту або вымушаных пакінуць свае дамы з-за гвалту, дасягнула рэкордных паказчыкаў. Гэтыя дзеці сутыкаюцца з грубымі парушэннямі сваіх правоў: яны гінуць, атрымліваюць калецтвы, пазбаўляюцца доступу да адукацыі, хранічна недаядаюць і сутыкаюцца з недахопам жыццёва неабходных вакцын. Узброеныя канфлікты сталі прычынай 80 працэнтаў усіх гуманітарных патрэб, пазбавіўшы мільёны людзей доступу да харчавання, ахове здароўя і чыстай вадзе.
Сёння 473 мільёны дзяцей — кожнае шостае дзіця ў свеце — пражываюць у зонах канфлікту. У працэнтных суадносінах гэта амаль удвая больш, чым у 1990-х гадах. Да канца 2023 года колькасць дзяцей, вымушаных пакінуць свае дамы, дасягнула 47,2 мільёна, а ў 2024 годзе гэты паказчык працягваў расці з-за эскалацыі гвалту ў Гаіці, Ліване, М’янме, Судане і Дзяржаве Палестына.
Выканаўчы дырэктар ЮНІСЕФ Кэтрын Расэл папярэдзіла аб катастрафічных наступствах гэтай тэндэнцыі. «2024 год стаў адным з самых трагічных для дзяцей, якія пацярпелі ад войн. Дзіця, якое расце ў зоне канфлікту, з высокай доляй верагоднасці не мае магчымасці хадзіць у школу, пакутуе ад недаядання і пазбаўляецца прытулку, у адрозненне ад сваіх аднагодкаў, якія жывуць у міры. Гэта не можа стаць новай нормай. Мы не можам дазволіць дзецям станавіцца ахвярамі бяздзейнасці перад тварам войнаў», — сказала яна.
ААН зафіксавала ў 2023 годзе амаль 33 тысячы грубых парушэнняў правоў дзяцей, што стала самым высокім паказчыкам за ўсю гісторыю маніторынгу. Сярод зафіксаваных парушэнняў — забойствы, калецтвы і выкарыстанне дзяцей у якасці салдат. Дадзеныя за 2024 год пакуль не канчатковыя, але, паводле папярэдніх ацэнак, сумная статыстыка зноў вырасце.
Асаблівую трывогу выклікае рост сэксуальнага гвалту над дзецьмі. У Гаіці колькасць такіх злачынстваў павялічылася на 1000 працэнтаў у параўнанні з мінулым годам. Таксама асабліва ўразлівымі застаюцца дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, якія часцей праходзяць праз гвалт.
Больш за 52 мільёны дзяцей у зонах канфлікту не маюць магчымасці вучыцца. У Газе, Судане і іншых пацярпелых рэгіёнах многія дзеці не наведваюць школу ўжо больш за год. Навучальныя ўстановы Украіны, Сірыі і Дэмакратычнай Рэспублікі Конга разбураны або пераабсталяваны для іншых мэт.
Недаяданне таксама дасягнула крытычнага ўзроўню: больш за 500 тысяч чалавек у пяці краінах, ахопленых канфліктамі, знаходзяцца на мяжы голаду. У суданскім Паўночным Дарфуры ўпершыню з 2017 года афіцыйна пацверджаны масавы голад.
Дзеці ў зонах канфліктаў таксама не атрымліваюць медыцынскіх паслуг. Каля 40 працэнтаў непрышчэпленых дзяцей у свеце жывуць у краінах, ахопленых вайной, што робіць іх уразлівымі перад успышкамі такіх хвароб, як адзёр і поліяміэліт.
Псіхалагічныя траўмы ў дзяцей набываюць пагрозлівыя маштабы. Гвалт, страта блізкіх і разбурэнне звыклага асяроддзя выклікаюць дэпрэсію, начныя кашмары, агрэсію і замкнёнасць.
ЮНІСЕФ заклікае ўсе бакі канфліктаў захоўваць міжнароднае гуманітарнае права, абараняць правы дзяцей і пакласці канец іх пакутам. «Дзеці ў зонах канфліктаў штодня змагаюцца за выжыванне, яны пазбаўлены дзяцінства, — падкрэсліла Расэл. — Яны не ходзяць у школу, іх разлучаюць з роднымі, яны губляюць свае дамы. Ім не даюць магчымасці гуляць, вучыцца і проста быць дзецьмі. Свет працягвае іх здраджваць. У 2025 годзе мы абавязаныя зрабіць больш, каб змяніць гэтую сітуацыю».
Звязда, 30 снежня 2024