Раман Галоўчанка адзначыў, што Беларусь падзяляе падыходы ШАС па процідзеянні пратэкцыянізму і гандлёвых войнах, якія тармозяць сусветнае развіццё. «За лозунгамі нашых заходніх партнёраў аб неабходнасці барацьбы з аўтакратыяй, пашырэння ліберальна-дэмакратычных каштоўнасцей, па сутнасці, стаіць старое каланіяльнае мысленне. Яно адлюстроўвае імкненне да выцяснення канкурэнтаў з прэміяльных рынкаў, ігнараванне гістарычных і нацыянальных асаблівасцей іншых дзяржаў і халодны геапалітычны разлік, нацэлены на захаванне палітычнага і эканамічнага дамінавання Захаду», — сказаў ён.
«Сёння супраць Беларусі развязана поўнамаштабная гібрыдная вайна па ўсіх напрамках. Заходнімі краінамі ўведзены чатыры пакеты санкцый, у тым ліку эканамічнага характару, абмяркоўваюцца і далейшыя абмежаванні, падставай для якіх на гэты раз стаў справакаваны самім жа Еўрасаюзам міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і ЕС. Мэта дзеянняў нашых апанентаў відавочная: не пусціць у Еўропу мігрантаў і бежанцаў, якія сталі ахвярамі згубнай палітыкі па бяздумным насаджэнні так званай дэмакратыі, якая прывяла да ўнутрыпалітычных і міжэтнічных канфліктаў, разбурэння эканомікі і сацыяльнай інфраструктуры некалі стабільных дзяржаў, выкачванні іх прыродных рэсурсаў», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Ён звярнуў увагу, што з такімі падыходамі ў тым ці іншым выглядзе сутыкаецца таксама і шэраг іншых краін ШАС. «Для процістаяння гэтым негатыўным з’явам усёй сям’і ШАС у міжнародных адносінах мэтазгодна ўзгоднена выступаць супраць любых праяў дыктату, аднабаковых абмежавальных мер і ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых краін пад выглядам забеспячэння дэмакратыі і правоў чалавека», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.
Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва — міжнародная арганізацыя, створаная ў 2001 годзе. Беларусь з’яўляецца наглядальнікам пры ШАС.
Звязда, 25 лістапада 2021