https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Украіна ўзмацніла патруляванне межаў у сувязі з правядзеннем расійска-беларускіх вучэнняў "Захад-2017"


Аб гэтым заявіў у эфіры тэлеканала "112 Украина" памочнік кіраўніка ДПСУ Алег Слабадзян.
Дзяржаўная памежная служба Украіны ўзмацніла патруляванне межаў на ўсіх участках у сувязі з правядзеннем расійска-беларускіх вучэнняў "Захад-2017" 14—20 верасня.

"Гэтыя меры праводзяць ужо з пачатку верасня. У нас стартавалі камандна-штабныя вучэнні, у рамках якіх былі ўзмоцненыя ўчасткі мяжы на ўсіх без выключэння напрамках, пачынаючы ад зоны АТА, паўночнай, заходняй, паўднёвай, гэта значыць, на ўсіх участках мы ўзмацняем меры прынамсі на перыяд да заканчэння вучэнняў "Захад-2017", — адзначыў Алег Слабадзян.

Паводле слоў Слабадзяна, у Беларусь задоўга да пачатку саміх вучэнняў ужо пачынаюць прыбываць расійскія войскі. "Таму становішча трэба кантраляваць, і гэтыя меры мы ўжо праводзім", — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка некалькі дзён таму ў Харкаве заявіў, што ваенныя вучэнні Расійскай Федэрацыі ў Беларусі "Захад-2017" нясуць пагрозу для Украіны. "Мы з вялікай увагай ставімся да правядзення гэтых вучэнняў. Бачым магчымасці пагрозы, у тым ліку і для тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Я магу падкрэсліць, што падчас візіту Лукашэнкі мы асобна абмяркоўвалі гэтае пытанне і атрымалі запэўніванні, што ні ў якім выпадку з тэрыторыі Беларусі ні цяпер, ні ў будучыні не будзе пагрозы. І я спадзяюся, што слова стрымаюць. Зараз мы будзем уважліва маніторыць, каб уся тэхніка, якая была завезеная для вучэнняў, была вывезеная і пагрозы былі знятыя", — сказаў Парашэнка.

У сваю чаргу начальнік Генштаба Узброеных сіл Украіны Віктар Мужэнка адзначыў, што Украіна ў сувязі з вучэннямі "Захад-2017" рыхтуецца да розных сцэнараў. Паводле яго слоў, гэтыя вучэнні маюць больш шырокі кантэкст, чым абвешчаныя манеўры на тэрыторыі Беларусі: яны маюць на мэце падрыхтоўку расійскіх войскаў для наступальных дзеянняў і нясуць пагрозу як для краін НАТА, так і для дзяржаў постсавецкай прасторы.

Раней сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны (СНБА) Украіны Аляксандр Турчынаў заяўляў, што Расійская Федэрацыя падчас вучэнняў будзе рыхтавацца да вялікай вайны з Захадам. Ён правёў паралель паміж будучымі вучэннямі і іншымі падобнымі манеўрамі ўзброеных сіл РФ перад расійска-грузінскім канфліктам у 2008 годзе і анексіяй Крыма ў 2014 годзе. Паводле слоў Турчынава, паводле афіцыйных даных Мінабароны Расіі, у вучэннях павінны ўзяць удзел каля 13 тыс. вайскоўцаў, 280 адзінак узбраення і ваеннай тэхнікі і 25 адзінак авіяцыйнай тэхнікі. Але ў СНБА Украіны лічаць, што ўдзел вайскоўцаў у вучэннях ацэньваецца ў 230—240 тыс. чалавек, баявой тэхнікі — больш чым у 10 тыс. адзінак, лятальных апаратаў — 100 адзінак, а караблёў і падводных лодак — 40 адзінак.

Пры гэтым Турчынаў лічыць, што манеўры ў Паўднёвай ваеннай акрузе УС РФ накіраваныя на стварэнне ўдарных груповак войскаў для новага ўварвання на тэрыторыю Украіны.

БелаПАН
Мінск, 4 верасня 2017
 
Дата публикации:04.09.2017
Тематика:Новости, В мире
Просмотров:491
 
Ключевые слова:
Украина Военные учения "Запад-2017" Граница
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме