«Па дадзеных на 29 траўня пацверджаны 21 выпадак, з якіх адзін лятальны. Памёр саракагадовы пацыент са спадарожнымі захворваннямі, які прымаў імунапаніжальныя прэпараты», — гаворыцца ў паведамленні.
Першы выпадак заражэння чалавека воспай малпаў быў выяўлены яшчэ ў 1970 годзе. Аднак у апошнія месяцы ў розных краінах Еўропы, а таксама ў Амерыцы і Аўстраліі выявілі больш за 250 выпадкаў інфекцыі. У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адзначаюць, што з-за раптоўнага і адначасовага з`яўлення хваробы ў некалькіх краінах, у тым ліку ў неэндэмічных раёнах, вірус мог перадавацца незаўважаным на працягу нейкага часу.
На дадзены момант, як запэўніваюць медыкі, няма неабходнасці ў масавай вакцынацыі людзей ад воспы малпаў. Інфекцыя галоўным чынам перадаецца пры цесным фізічным кантакце, таму асноўнымі спосабамі кантролю захворвання застаюцца адсочванне кантактаў, расследаванне і ізаляцыя.
Воспа малпаў па клінічнай карціне нагадвае натуральную воспу, хаця праходзіць значна лягчэй. Інкубацыйны перыяд захворвання складае 5—21 дзень, у сярэднім — 6—13 дзён. Першыя праявы хваробы — фебрыльная тэмпература — больш за 38,5є; дрыжыкі; інтэнсіўны галаўны боль; моцная слабасць; павелічэнне лімфавузлоў; міялгія — боль у мышцах і спіне.
У сярэднім праз 1—3 дні пасля першых сімптомаў з`яўляецца макулярны сып — плоскія чырвоныя плямы — часцей за ўсё на твары, далонях і ступнях, радзей — на слізістых абалонках рота, палавых органаў і кан`юнктыве — абалонцы вачэй. З часам элементы сыпу відазмяняюцца.
Хвароба доўжыцца 2—4 тыдні. Колькасць сімптомаў залежыць ад узросту, хранічных захворванняў інфікаванага і штама віруса. Заходнеафрыканскі падвід, які распаўсюдзіўся па Еўропе і ЗША, пераносіцца лягчэй, чым штам Конга (цэнтральнаафрыканскі). Вірус асабліва небяспечны для дзяцей, цяжарных жанчын і людзей са зніжаным імунітэтам (напрыклад, якія прымаюць прэпараты для імунасупрэсіі або якія пакутуюць на імунадэфіцыт).
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 31 траўня 2022
Звязда, 31 траўня 2022