У Цэнтра даследванняў Беларусі Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў усталяваліся трывалыя сувязі з Саюзам пісьменнікаў Беларусі, беларускімі кніжнымі выдавецтвамі, беларускімі дзярдаўнымі перыядычнымі выданнямі ( у прыватнасці, часопіс «Беларусь» і газета «Літаратура і мастацтва» не аднойчы расказвалі пра гэтую асветніцкую ўстанову і яе супрацоўнікаў, кіраўнікоў Чжан Хуэйцінь, Хань Сяае).
У Цэнтры сфармавалася немалая бібліятэка кніг беларускіх аўтараў на рускай і беларускай мовах. Пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у КНР, Міністэрства замежных спраў універсітэту былі перададзены дзесяткі тамоў серыі «Бібліятэка Саюза пісьменнікаў Беларусі».
Зусім нядаўна СПБ перадаў у Цэнтр даследвання Беларусі Другога Пекінскага ўніверсітэта замежных моў чарговую партыю кніг з творамі як сучасных пісьменнікаў, так і тых паэтаў і празаікаў, якія працавалі ў літаратуры да нядаўняга часу, — Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, Алеся Бадака, Алены Брава, Віктара Шніпа, Валянціны Драбышэўскай, Людмілы Лазуты, Алеся Бычкоўскага, Алега Ждана, Міхася Пазнякова, Алеся Жука і іншых аўтараў.
З просьбай пракаментаваць падзею мы звярнуліся да кітайскага перакладчыка дырэктара Цэнтра даследаванняў Беларусі Хань Сяае:
— Мы вельмі рады чарговаму кніжнаму падарунку з Беларусі. Наша бібліятэка налічвае ўжо каля 1000 экзэмпляраў кніг. Такі збор дапамагае нашым уяўленням пра сучасны літаратурны працэс у Беларусі. Кнігамі карыстаюцца выкладчыкі, аспіранты і магістранты. Я асабіста, дзякуючы менавіта гэтай бібліятэцы, шмат што з твораў беларускіх пісьменнікаў пераклаў на кітайскую мову. Словам, мы вельмі ўдзячны беларускім сябрам за такое цеснае супрацоўніцтва.
Сяргей Шычко
Звязда, 30 красавіка 2025