Адзначаецца, што тэлефонная размова адбылася па ініцыятыве расійскага боку. «Падрабязна абмеркаваныя пытанні, якія тычацца катастрофы пасажырскага самалёта авіякампаніі „Азербайджанскія авіялініі“ 25 снежня паблізу горада Актаў ў Казахстане», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.
Пуцін прынёс Аліеву прабачэнні ў сувязі з тым, што інцыдэнт з азербайджанскім самалётам адбыўся ў паветранай прасторы Расіі. Ён таксама яшчэ раз выказаў спачуванні сем’ям загінуўшых і пажадаў хутчэйшага выздараўлення пацярпелым.
У размове было адзначана, што азербайджанскі самалёт спрабаваў зайсці на пасадку ў Грозным падчас нападаў украінскіх БПЛА і працы СПА РФ. «Азербайджанскае пасажырскае паветранае судна, якое рухалася выразна па раскладзе, неаднаразова спрабавала зайсці на пасадку ў аэрапорт горада Грозны. У гэты час Грозны, Маздок і Уладзікаўказ атакавалі ўкраінскія баявыя беспілотныя лятальныя апараты, і расейскія сродкі СПА адлюстроўвалі гэтыя напады», — паказалі ў прэс-службе Крамля.
Супрацоўнікі Следчага камітэта і Генпракуратуры РФ працуюць разам з азербайджанскімі калегамі над расследаваннем авіякатастрофы. У Грозным знаходзяцца два супрацоўнікі Азербайджанскай пракуратуры.
«Следчым камітэтам Расіі распачата крымінальная справа паводле арт. 263 КК (Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту). Вядуцца першасныя следчыя дзеянні, дапытваюцца грамадзянскія і ваенныя спецыялісты», — гаворыцца ў паведамленні.
У Крамлі адзначылі, што «цяпер два супрацоўнікі Генпракуратуры Азербайджана знаходзяцца ў Грозным, дзе працуюць сумесна з прадстаўнікамі Генпракуратуры і СК РФ». Таксама ідзе ўзаемадзеянне па лініі профільных ведамстваў Расіі, Азербайджана і Казахстана.
Пасажырскі самалёт Embraer 190 Азербайджанскай авіякампаніі Azerbaijan Airlines (AZAL), які здзяйсняў рэйс з Баку ў Грозны, пацярпеў крушэнне 25 снежня каля казахстанскага горада Актаў. На борце знаходзіліся 5 членаў экіпажа і 62 пасажыры, сярод іх былі грамадзяне Расіі, Азербайджана, Казахстана і Кыргызстана. Загінулі 38 чалавек, выжылі 29.
Звязда, 28 снежня 2024