III адкрытыя моладзевыя Арктычныя Дэльфійскія гульні пройдуць у горадзе Сыктыўкар (Рэспубліка Комі, Расійская Федэрацыя) з 22 па 26 лістапада. Маштабны творчы праект збярэ больш за 600 удзельнікаў ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў, сярод якіх прадстаўнікі рэгіёнаў Расіі і краін СНД. У складзе журы каля 40 вядомых дзеячаў культуры. Конкурсная і фестывальная праграмы ўключаюць спаборніцтвы па 10 намінацыях народнага, класічнага і сучаснага мастацтва.
Беларусь прадставяць 9 удзельнікаў з устаноў адукацыі ў сферы культуры Мінска і Магілёва ў шасці намінацыях: народныя спевы, выяўленчае мастацтва, фатаграфія, фартэпіяна, скрыпка, эстрадныя спевы.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі, начальнік аддзела адукацыйных праектаў і сувязі з грамадскасцю Інстытута павышэння кваліфікацыі БДУКМ Вольга Масалава адзначыла, што ўдзельнікаў выбіралі па прапановах устаноў адукацыі. "Мы едзем паказаць, якія ў нас цудоўныя таленавітыя юнакі і дзяўчаты, і ўбачыць, як будуць выступаць астатнія краіны СНД і Расія", - сказала яна.
"У моладзі цудоўны настрой. Яны заняты рэпетыцыямі. Мы пастаянна на сувязі. Усе хочуць паказаць сябе і, вядома ж, прывезці ўзнагароды", - падкрэсліла Вольга Масалава.
Паводле яе слоў, хлопцы і дзяўчаты з задавальненнем паглядзелі б Сыктыўкар, але ў іх будзе вельмі шчыльны графік, у які складана ўпісаць нешта акрамя рэпетыцый і выступленняў.
У час творчых спаборніцтваў будзе разыграна 28 камплектаў узнагарод: залатыя, срэбныя і бронзавыя медалі Дэльфійскіх гульняў. Адначасова з гэтым будзе падведзены залік 18-х моладзевых Дэльфійскіх гульняў дзяржаў - удзельніц СНД.
"Лічу, што вельмі важна выязджаць на розныя міжнародныя мерапрыемствы, паказваць сваё майстэрства. Моладзі неабходна знаёміцца з культурай іншых краін, абменьвацца досведам, заводзіць новыя знаёмствы і фармаваць культурныя сувязі", - рэзюмавала Вольга Масалава.
22 лістапада 2024, Мінск
БЕЛТА
22 лістапада 2024, Мінск
БЕЛТА