https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сіла нацыі, вымераная Вікіпедыяй


Інтэрнэт—энцыклапедыя «Вікіпедыя» сёння налічвае звыш 25 тысяч беларускамоўных артыкулаў. Для параўнання: украінцы маюць 217 тысяч, літоўцы — 111.
Вікіпедыя — знак часу. Гэта раней энцыклапедыя ствараліся з найвышэйшага дазвалення манархаў і ЦК. Інтэрнэт-энцыклапедыю пішуць усе ахвотныя. Хто хоча – той і дадае артыкул. Хто хоча – той і правіць. Мадэратары проста адсейваюць памылкі і нецэнзуршчыну.

Вікіпедыя – надзвычай папулярны інтэрнэт-рэсурс. У ёй шукаюць інфармацыю, тлумачэнні невядомых словаў. Асабліва ўпадабалі такую энцыклапедыю школьнікі ды студэнты. Яе выкарыстоўваюць у навучанні і для збору звестак. За ёй будучыня.

Найбольшая вікіпедыя — па-англійску. Яе складаюць больш за 3 300 000 артыкулаў.

Моцныя сярэднееўрапейскія нацыі — сербы, славакі, чэхі, венгры, румыны — маюць у Вікіпедыі ад 100 да 160 тысяч артыкулаў.

Беларуская мова ў вікіпедыі прадстаўленая таксама даволі шырока. Асабліва калі параўноўваць з бездзяржаўнымі ці азіяцкімі народамі. Моцна даецца ў знакі стары правапісны раскол.

На сёння колькасць беларускіх артыкулаў на wikipedia.org складае 46 тысяч – 21 тысяча афіцыйным правапісам і 25 тысяч тарашкевіцаю. Але тэксты збольшага дублююцца.

У аналагічнай сітуацыі дзейнічаюць толькі нарвегі, у якіх ёсць аналаг нашага класічнага правапісу: далейшая ад дацкай нованарвежская і бліжэйшая да дацкай букмоль.

Колькі ж беларусаў твораць электронны кампендыум ведаў сваёй нацыі? 25 тысяч добраахвотных аўтараў агулам прынялі ўдзел у складанні абодвух версіях электроннай энцыклапедыі.

Цікава паназіраць за вікіпедычнымі справамі ў суседзяў. Польскі падзел вікіпедыі (706 тысяч артыкулаў) займае 4-е месца ў свеце і перасягае расійскі (547 тысяч).

На ўзроўні Беларусі размяшчаецца суседка - Латвія (28 тысяч). Трохмільённыя літоўцы маюць 111 тысяч артыкулаў. Украінцы — 217 тысяч, і збіраюцца нарошчваць працу. Папярэдні ўкраінскі міністр адукацыі Іван Вакарчук заахвочваў кожнага навуковага супрацоўніка напісаць 2--3 артыкулы для Вікіпедыі і прыцягваць да працы студэнтаў.

На фоне іншых постсавецкіх краін сіратліва глядзіцца армянская вікіпедыя, колькасцю 9,5 тысяч тэкстаў. Сярод народаў, каланізаваных Расіяй, бадзёра трымаюцца сваёй культуры чувашы. На гэтай мове налічваецца 11 тысяч артыкулаў. А пра ўзровень пагрому чачэнцаў сведчыць мізэрнасць чачэнскай мовы ў Вікіпедыі: толькі 651 артыкул.

Увогуле, сярод бездзяржаўных нацый упэўнена наперадзе ідуць каталанцы, што дывуць у Іспаніі, краіне Еўрасаюза, з 252 тыс. артыкулаў.

«Трэба браць да ўвагі не толькі колькасць, але і якасць, змястоўнасць артыкулаў», — лічыць паэт і дыпламат Генадзь Бураўкін. На думку паэта, свядомыя беларусы, на жаль, шмат часу адводзяць правапісу, хоць праблема цяпер у самім існаванні мовы.

Намеснік дырэктара Гродзенскага шклозавода Даніла Жукоўскі лічыць, што ў інтэрнэце часам бываюць матэрыялы не горшыя за аналагічныя ў папяровых энцыклапедыях, нават лепшыя. «Калі б у нас гэтая справа прапагандавалася, хаця б вашымі сродкамі, — звяртаецца Даніла Жукоўскі да чытачоў «Нашай Нівы», — была б карысць аўтарам і наведвальнікам вікіпедыі».

Праект «Вікіпедыя па-беларуску» існуе з канца жніўня 2006 г.

Этымалогія назвы электроннай энцыклапедыі паходзіць ад гавайскага wikiwiki — вельмі хутка, што падкрэслівае хуткасць і лёгкасць рэдагавання праекта.

* * *

Звесткі пра колькасць артыкулаў і насельніцтва ўзятыя з Вікіпедыі. Пазначаны ўсе вікіпедыі, большыя за 100 тыс. З меншых за 100 тыс. – толькі частка.

Усяго вікіпедыі існуюць на 272 мовах. Вікіпедыя змяшчае 272 мовы з усяго свету. Па колькасці артыкулаў беларуская вікіпедыя класічным правапісам займае 67 месца сярод іх, акадэмічным -- 73-е. Калі б іх злучыць механічна, беларуская мова апынулася б на 49-м месцы, абганяючы грузінскую.

Як бачым, у некаторых нацыях меншая колькасць інтэрнаўтаў стварыла большую колькасць артыкулаў. У іншых — большая колькасць менш пладавітых аўтараў. Як правіла, носьбіты еўрапейскіх моваў апярэджваюць азіяцкіх і афрыканскіх па пранікненні ў інтэрнэт. Таксама многія нацыі Трэцяга свету, як індыйцы, у інтэрнэце працягваюць пераважна карыстацца мовай каланізатараў. У той жа час у Еўропе нацыі дасягнулі найвышэйшага развіцця сваіх культур, што адбіваецца ў памеры вікіпедый.

Наша Ніва
Юльян Місюкевіч
 
Дата публикации:05.08.2010
Тематика:Культура, В мире
Просмотров:6293
 
Ключевые слова:
Википедия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме