https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Святлана Алексіевіч адправілася ў Стакгольм на ўручэнне Нобелеўскай прэміі


Беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч, якая стала нядаўна нобелеўскім лаўрэатам, 5 снежня адправілася ў Стакгольм для ўдзелу ў нобелеўскіх урачыстасцях, якія пройдуць з 6 па 12 снежня.
10 снежня ў Стакгольме і Осла ўручаць Нобелеўскія прэміі 2015 года за дасягненні ў розных галінах дзейнасці — ад медыцыны да літаратуры. У шведскай сталіцы першую Нобелеўскую прэмію атрымае грамадзянка Беларусі Святлана Алексіевіч. 

Напярэдадні цырымоніі, 7 снежня, усе лаўрэаты, у тым ліку і Алексіевіч, выступяць з так званай "Нобелеўскай мемарыяльнай лекцыяй". Гэта з`яўляецца абавязковай умовай нобелеўскага камітэта. Па выніках кожны даклад публікуецца Нобелеўскім фондам у асобным томе. 

Вядома, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не плануюць трансліраваць уручэнне Святлане Алексіевіч Нобелеўскай прэміі. Разам з тым паглядзець на гэтую падзею можна будзе ў інтэрнэце. 

8 кастрычніка 2015 года спецыяльны камітэт Шведскай акадэміі прысудзіў Святлане Алексіевіч Нобелеўскую прэмію па літаратуры за "шматгалосае гучанне яе прозы і ўвекавечанне пакут і мужнасці". 

Алексіевіч ужо некалькі гадоў запар узначальвала рэйтынгі найбуйнейшых букмекерскіх кантор Еўропы як найбольш верагодная ўладальніца прэміі. Па прадстаўленні Шведскага ПЕН-цэнтра яна намінавалася на Нобелеўскую прэмію па літаратуры з 2002 года за цыкл твораў "Галасы Утопіі" (цыкл завяршыўся ў 2013 годзе кнігай "Час сэканд-хэнд", у яго ўвайшло шэсць кніг: "У вайны не жаночы твар", "Цынкавыя хлопчыкі", "Зачараваныя смерцю", "Апошнія сведкі", "Чарнобыльская малітва"). 

За свае літаратурныя працы Алексіевіч шмат разоў была ўдастоеная розных узнагарод. Толькі за апошнія пяць гадоў ёй прысуджалі літаратурную прэмію Цэнтральнай і Усходняй Еўропы "Ангелус" (Польшча, 2011), Прэмію міру Саюза нямецкага кнігагандлю (Германія, 2013), прэмію Медзічы (Францыя, 2013), прэмію "Пяро Свабоды" (Польшча, 2013), прыз сімпатый чытачоў літпрэміі "Вялікая кніга" (Расія, 2014), двойчы — прэміі Рышарда Капусцінскага (Польшча, 2011, 2014). Алексіевіч носіць званне афіцэра ганаровага ордэна Мастацтваў і літаратуры Французскай Рэспублікі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 5 снежня 2015
 
Дата публикации:05.12.2015
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:806
 
Ключевые слова:
Нобелевская премия Светлана Алексиевич
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме