https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Слуцкія паясы са збору Львоўскага музея прывязуць у Мінск


Аб гэтым паведамілі ў музеі.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь сумесна з замежным прыватным прадпрыемствам "Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані" 8 мая прадставіць экспазіцыі "Партрэты правіцеляў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага" з музеяў Львова і Луцка і "Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея".

"Слуцкія паясы са збору Львоўскага гістарычнага музея" - адзін з праектаў Дзяржаўнай праграмы адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі "Слуцкія паясы" на 2012-2015 гады.

На выстаўцы будуць прадстаўлены чатыры ўнікальныя паясы. Два з іх - Слуцкай мануфактуры перыяду Лявона Маджарскага з меткай "У горадзе Слуцку". У арнаментыцы выкарыстаны раслінныя матывы ў выглядзе стылізаваных букетаў кветак, полкі затканыя сярэбранымі і залатымі ніткамі. Адзін пояс выкананы на фабрыцы Францішка Маслоўскага (1758-1830) у Кракаве, аб чым сведчыць метка на рагу пояса. Яго дэкаратыўнае афармленне цалкам адпавядае традыцыям Слуцкай мануфактуры. У мастацкіх адносінах пояс выкананы ў стылі ўсходніх і слуцкіх узораў. Чацвёрты пояс не мае сігнатур, але выкананы па лепшых узорах твораў Лявона Маджарскага. Інтэнсіўная каларыстычная гама, захаванне прапорцый, вытанчаны малюнак гарантуюць высокія мастацкія якасці кунтушовага пояса. Пакуль у калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ёсць толькі фрагменты Слуцкіх паясоў.

"Ужо больш за дзесяць гадоў мы прымаем самы актыўны ўдзел у праектах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і лічым гэта важным складальнікам нашай карпаратыўнай культуры. Бо такія экспазіцыі - гэта магчымасць сустрэцца з духоўнай спадчынай Беларусі, успомніць аб лепшых прадстаўніках беларускага народа і тых умелых майстрах, якія ткалі ўнікальныя паясы, якія прыводзілі ў захапленне ўвесь свет", - адзначыў дырэктар замежнага прыватнага прадпрыемства "Брытыш Амерыкан Табака Трэйдынг Компані" Павел Бачароў.

Для экспазіцыі "Гістарычныя партрэты князёў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага" прадаставілі 65 твораў буйнейшыя музеі Львова: Гістарычны музей і Нацыянальная галерэя мастацтваў, якія захавалі зборы яшчэ XIX - пачатку XX стагоддзяў, а таксама Валынскі краязнаўчы музей, заснаваны ў 1928 годзе.

Значная частка гэта партрэты вышэйшых дзеячаў Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага XIV-XVIII стагоддзяў: каралёў Уладзіслава Ягайлы, Стафана Баторыя, Уладзіслава Вазу. З магутных магнацкіх родаў ВКЛ на выстаўцы найбольш шырока будуць прадстаўлены партрэты Радзівілаў. Восем партрэтаў паходзяць з замка Радзівілаў у Алыцы на Валыні. Большасць партрэтаў Сапегаў, Тышкевічаў, Сангушкаў, Пацеяў, верагодна, з іх сямейных галерэй, беларускія гісторыкі, даследчыкі і аматары мастацтва ўбачаць упершыню.

Асаблівую ўвагу ўдзеляць партрэтам з серыі, якая знаходзілася ў маёнтку Радзівілаў-Мараўскіх - Завушша (каля Нясвіжа), пэндзля львоўскага мастака Канстанціна Александровіча. Наведвальнікам таксама спадабаюцца партрэты вядомых прыгажунь Барбары Радзівіл, Элеаноры Марыі Аўстрыйскай, жонкі караля Яна III Марыі Казіміры Сабескай і інш.

"Абедзве экспазіцыі даюць магчымасць стварыць шматмернасць вобраза той эпохі: убачыць культурны сімвал Беларусі - знакамітыя залататканыя Слуцкія паясы і на партрэтах сучаснікаў і стваральнікаў гэтай вялікай культурнай традыцыі. Упэўнены, што наведвальнікі музея змогуць ацаніць цудоўныя творы беларускіх майстроў - партрэтыстаў і ткачоў, якія з`яўляюцца нашым нацыянальным здабыткам", - сказаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў.

Экспазіцыі арганізаваны Міністэрствам культуры Беларусі, Міністэрствам культуры Украіны і пасольствам Украіны ў Беларусі. Выстаўка партрэтаў прадоўжыцца да 26 жніўня 2013 года, паясоў - да 18 красавіка 2014 года.

23 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:23.04.2013
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:1484
 
Ключевые слова:
Музеи Беларуси Слуцкий пояс Беларусь-Украина
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме