https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Надзея Астапчук не ведае, як у яе арганізм мог трапіць забаронены прэпарат


Дыскваліфікаваная Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) за прымяненне допінгу чэмпіёнка лонданскай Алімпіяды ў штурханні ядра беларуска Надзея Астапчук заявіла, што не ведае, як забаронены прэпарат метэналон мог апынуцца ў яе арганізме.
"Не ўяўляю, як гэта магло адбыцца. Мне растлумачылі, што такі прэпарат выводзіцца па паўгода. Я здавала 18 кантроляў, і ніводзін з іх не паказаў раней наяўнасць гэтага прэпарата. І менавіта на Алімпіядзе пробы паказваюць яго! Не разумею, адкуль гэта магло ўзяцца. Я не падобная на ідыёта, які едзе на Гульні і прымае такі прэпарат, які ў любым выпадку ловіцца! Тупасць… Мяне трасуць кантролямі кожны месяц, кожны тыдзень", — сказала спартсменка ў эксклюзіўным інтэрв`ю БелаПАН праз паўтары гадзіны пасля з`яўлення інфармацыі пра дыскваліфікацыю.

Паводле слоў Астапчук, яна мае намер дакладна ва ўсім разабрацца і змагацца за свой медаль: "Мне галоўнае цяпер ачысціць сваю рэпутацыю. Я столькі гадоў выступаю, і ніколі ніякіх прэтэнзій не было. І цяпер на галоўным старце, і яшчэ пасля золата… Я не разумею…"

На думку спартсменкі, на стаўленне суддзяў да беларускіх прадстаўнікоў на Алімпіядзе ў цэлым паўплываў і палітычны аспект. "На жаль, вымушана канстатаваць, што гэта так. Сапраўды, нам помсцяць... Або адыгрываюцца на нас... Не ведаю, за што і чаму… Але спорт павінен быць спортам, ён павінен быць па-за палітыкай! Але іншых спосабаў, напэўна, адыграцца на нас няма. Тое, што да нас судзейства так павярнулася, — даводзіцца змагацца з гэтым момантам. Не хацелася б верыць, што яны такімі подлымі шляхамі проста нас выкідаюць", — падкрэсліла Астапчук.

6 жніўня на Алімпіядзе ў Лондане 31-гадовая Надзея Астапчук заняла першае месца ў фінале спаборніцтваў па штурханні ядра. Свой найлепшы вынік — 21 метр 36 сантыметраў — яна паказала ў трэцяй спробе. У выніковым пратаколе спартсменка на 66 сантыметраў апярэдзіла ўладальніцу сярэбранай узнагароды Валеры Адамс з Новай Зеландыі.

Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Астапчук ордэнам Айчыны ІII ступені.

У распаўсюджаным 13 жніўня афіцыйным рэлізе МАК адзначаецца, што ў абедзвюх допінг-пробах Астапчук (першая была ўзята напярэдадні спаборніцтваў, другая — адразу пасля іх завяршэння) быў выяўлены забаронены прэпарат метэналон. У сувязі з гэтым МАК дыскваліфікаваў беларуску і абавязаў вярнуць яе медаль.

Улічваючы рашэнне МАК аб дыскваліфікацыі Астапчук, агульная карціна выступлення беларуская зборнай на Алімпіядзе ў Лондане яшчэ пагоршылася. У актыве беларусаў цяпер не 13, а 12 узнагарод: 2 залатыя, 5 сярэбраных і 5 бронзавых. Гэта найгоршы вынік выступлення на летніх Алімпіядах у суверэннай гісторыі Беларусі.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 13 жніўня 2012
 
Дата публикации:13.08.2012
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:2056
 
Ключевые слова:
Дисквалификация Олимпиада Лондон-2012 Надежда Остапчук Допинг
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме