https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як зразумець, што мной маніпулююць?


Самыя любімыя выказванні маніпулятараў.
Кожны з нас так ці інакш быў ахвярай маніпуляцый. І хоць у цэлым маніпуляцыі зрэдку прысутнічаюць у нашых зносінах, успрымаюцца яны балюча. Непрыемныя адчуванні запамінаюцца надоўга. Тым больш не пазайздросціш тым, каму даводзіцца ўвесь час мець справу з маніпулятарамі — на працы ці ў сям’і. Спадзяюся, прачытаўшы артыкул, вы навучыцеся абараняць сябе ад маніпуляцый, зразумееце, як іх распазнаць і з якой мэтай вамі маніпулююць.

Кожнаму чалавеку карысна распазнаваць маніпуляцыі ў адносінах да сябе. Гэта неабходна для таго, каб:

*пазбегнуць марных хваляванняў і прадузятых адносін да сябе;
*не рабіць тое, чаго не хочацца;

у маніпулятара не атрымаецца карыстацца вашай разгубленасцю, душэўнасцю і добрасумленнасцю ў сваіх мэтах.

Мэта маніпуляцый — уплываць на паводзіны чалавека, жаданне падпарадкаваць яго сваёй волі. Як правіла, маніпулятары не афішуюць свае сапраўдныя намеры, таму вам спатрэбіцца час, каб усвядоміць, што адбываецца, і вярнуць сабе кантроль над сітуацыяй.

Вы павінны разумець, што маніпулятар — чалавек, які выкарыстоўвае іншых людзей для ўласнай выгады. Яму няважныя вашы пачуцці, настрой і дабрабыт. Ён думае толькі пра тое, як атрымаць жаданае за кошт вас. Прасцей кажучы, ён выкарыстоўвае вас у сваіх мэтах. Любімая тэхніка маніпулятара — фарміраванне пачуцця віны. «Ну і хто ты пасля гэтага?». Такім чынам вас абясцэньваюць як асобу. Быццам вы нешта такое зрабілі, што цяпер вы ніхто...

Асноўныя тэхнікі, якія выкарыстоўваюць маніпулятары:

Газлайтынг. Вас спрабуюць упэўніць у неадэкватнасці. «Табе здалося», «Зноў табе прымроілася!», «З табой апошнія дні нешта не так!», «Мне здаецца, ты не ў сабе». Падобныя выказванні фармуюць у ахвяры маніпулятара сумнеў, пачуццё віны і бездапаможнасці.

Праецыяванне. Гэта той выпадак, калі ва ўсіх сваіх праблемах чалавек абвінавачвае вас. Вінаватыя ўсе, але толькі не сам маніпулятар. Гэта ахоўны механізм, які выкарыстоўваецца для перакладання адказнасці за свае дрэнныя паводзіны і рысы характару на іншага чалавека.

Абагульненні. Замест таго каб разгледзець іншы пункт гледжання, маніпулятары абагульняюць усе вашыя выказванні.

Змена тэмы. Як правіла, маніпулятары не жадаюць абмяркоўваць тэмы, у якіх вы можаце прыцягнуць іх да адказнасці, таму яны будуюць дыялог у патрэбным для іх кірунку.

Пераход на асобы. Маніпулятары выкарыстоўваюць гэтую стратэгію таму, што больш тактычныя метады ім невядомыя. Ім не хапае культуры, ветлівасці і павагі да навакольных. Ім прасцей прынізіць чалавека, чым вырашаць праблему канструктыўным спосабам.

Чорны піяр. Такія людзі спрабуюць нацкоўваць людзей адзін на аднаго. Выкарыстоўваюць плёткі, крывадушнічаюць.

Якая наймацнейшая маніпуляцыя? Матывацыя страхам. Самая магутная чалавечая эмоцыя — страх. Такім чынам, каб прымусіць чалавека нешта зрабіць, трэба яго напалохаць.

Чаму маніпулятары любяць ігнараваць? Маніпулятар любіць памаўчаць. Але не таму, што ён негаваркі, а таму што ён разумее: маўчанне — выдатная стратэгія, каб атрымаць жаданае. Вы вызначана адчуеце, што нешта ідзе не так. Як правіла, маніпулятар робіць гэта неўзаметку. Радзей тэлефануе, менш піша, перыядычна адмяняе сустрэчы.

Як маніпулятар кіруе ахвярай? Маніпулятар як бы няўзнак намякае, што яна нядосыць уважлівая, занадта эгаістычная або легкадумная. Гэта звычайна прыводзіць да таго, што чалавек пачынае сумнявацца ў сабе, адчуваючы прыгнечанасць і трывогу. Маніпулятар абавязкова панізіць вашу самаацэнку, бо так лягчэй вамі кіраваць. Вы непазбежна адчуеце ўсю гаму негатыўных эмоцый: віну, трывогу, злосць, страх.

Любімыя выказванні маніпулятара: 

*Ты ўсяму надаеш занадта вялікае значэнне...
*Ненавіджу драму...
*Ты занадта адчувальны(ая)...
*Ты няправільна мяне разумееш...
*Калі ты не схуднееш, я цябе кіну.
*Ды ты чаго, гэта проста жарт. Зусім пачуцця гумару няма.
*Табе пляваць на мяне... на мае пачуцці... на мае праблемы... ты ўвогуле ўвагі на мяне не звяртаеш.
*Я не хачу, каб ты...меў зносіны з …, хадзіў (-ла) кудысьці…, рабіў (-ла) нешта.
*Ніхто не ідэальны. А ты як быццам святы (-ая).
*Ты не можаш так зрабіць.
*Гэта для твайго дабра.
*Ну я ж ужо папрасіў прабачэння. Крыўдзіцца неразумна. 
*На пакрыўджаных ваду возяць.
*Я такі жудасны (такая жахлівая). Як ты толькі церпіш мяне?.

Самае распаўсюджанае выказванне маніпулятараў: «Калі ты...»

«Калі ты зробіш нешта, дык я зраблю нешта». Тут вам ці пагражаюць, ці спрабуюць прымусіць нешта зрабіць супраць вашай волі. Па-першае, не варта давяраць такой фразе. Па-другое, трэба памятаць, што тут гаворка ідзе пра вырашэнне сваіх пытанняў за ваш кошт.

Як абараніцца ад маніпулятараў:

Памятайце: вы маеце права на павагу іншых людзей.
Трымайце дыстанцыю, не падпускайце да сябе блізка людзей, побач з якімі вы адчуваеце сябе прыгнечана.
Не прымайце негатыўныя словы на веру.
Задайце маніпулятару праверачныя пытанні.
Вучыцеся казаць «не».
Давайце адпор крыўдзіцелям.
Не бойцеся.
Не хвалюйцеся і не губляйце самавалоданне.
Не прымайце хуткія рашэнні.
Рабіце ў зносінах паўзы, глядзіце маніпулятару ў вочы...
Раскажыце яму пра наступствы.
Выразна і настойліва кажыце «не»: ...Я так адчуваю, і гэта не абмяркоўваецца, Я жыву не для таго, каб апраўдваць вашыя чаканні.
Скараціце па магчымасці кантакт, а лепш пазбягайце такога чалавека.
Не скандальце і не высвятляйце адносіны. Ваш адказ павінен быць лаканічным і канчатковым.
Смела кажыце пра свае жаданні: якія сітуацыі не падабаюцца, што адштурхоўвае. Пры гэтым сачыце за рэакцыяй партнёра.
Павышайце сваю самаацэнку. Самадастатковай асобе, якая мае свае мэты, захапленні i паважае сябе, ніякі аб’юзер не страшны.

Псіхолаг Алена Шаўчэнка
Звязда, 23 красавіка 2023
 
Дата публикации:23.04.2023
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:136
 
Ключевые слова:
Психология Манипулирование Самооценка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме