https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аперацыя "Баграціён": зводка Саўінфармбюро за 4 ліпеня 1944 года


Зводкі Савецкага інфармбюро аб тым, як праходзіла гэтая аперацыя.
Тэрыторыю сучаснай Беларусі вызвалілі ў рамках наступальнай аперацыі "Баграціён" (часам яе называюць проста Беларускай аперацыяй). 

Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту, развіваючы наступленне, 4 ліпеня штурмам авалодалі горадам і важным чыгуначным вузлом Полацк, а таксама з баямі занялі больш за 300 іншых населеных пунктаў, у ліку якіх раённыя цэнтры Вілейскай вобласці – горад Дуніловічы, Мёры, Мядзел, вузлавая чыгуначная станцыя Варапаева, буйныя населеныя пункты Труды, Дубрава, Ноўгарады, Трабаўшчызна, Белькі, Навадруцк, Ахобня і чыгуначныя станцыі Дэмбава, Полава, Канстанцінаў Двор, Навадруцк.

Войскі 3-га Беларускага фронту, працягваючы наступленне, з баямі занялі больш за 350 населеных пунктаў і сярод іх раённыя цэнтры Вілейскай вобласці – горад Радашковічы і Крывічы, раённы цэнтр Мінскай вобласці – горад Заслаўе, буйныя населеныя пункты – Гарадзішча, Нарач, Ручыца, Мароські, Вязынь, Вельке Сяло, Рогава, Ратамка, Ваўковічы, Шчытомілічы і чыгуначныя станцыі Калодзішчы, Здановічава, Ратамка, Крыжоўка, Беларусь, Радашковічы.

На Баранавіцкім напрамку войскі 1-га Беларускага фронту працягвалі весці наступальныя баі, падчас якіх авалодалі раённымі цэнтрамі Мінскай вобласці горадам Рудзенск, горадам Узда, раённым цэнтрам Баранавіцкай вобласці горадам Клецк, а таксама занялі больш за 200 іншых населеных пунктаў, у тым ліку буйныя населеныя пункты Перажыр, Вузляны, Ячанка, Магільна, Браткава, Навасёлкі і чыгуначныя станцыі Дрычын, Рудзенск, Седча, Міханавічы.

Пры ачышчэнні лясоў ад праціўніка на паўночны захад ад горада Бабруйск узята ў палон група нямецкіх афіцэраў колькасцю 60 чалавек і сярод іх камандзір 35 армейскага корпуса генерал-лейтэнант Лютцаў.

За 3 ліпеня нашы войскі на ўсіх франтах падбілі і знішчылі 45 нямецкіх танкаў. У паветраных баях і агнём зенітнай артылерыі збіта 29 самалётаў праціўніка.

Бамбардзіроўка нашай авіяцыяй чыгуначнага вузла Вільна

У ноч на 4 ліпеня наша авіяцыя далёкага дзеяння зрабіла налёт на чыгуначны вузел Вільні. У выніку бамбардзіроўкі поўнасцю разбіты тры нямецкія воінскія эшалоны. На тэрыторыі чыгуначнага вузла ўзнікла 15 ачагоў пажару, які суправаджаўся выбухамі. Гарэлі вагоны і платформы, а таксама вайсковыя склады праціўніка.
* * *
Войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту авалодалі горадам Полацк. На подступах да горада праціўнік збудаваў глыбока эшаланаваную абарончую паласу, якая атрымала назву лініі "Тыгр". У самім горадзе немцы пабудавалі вялікую колькасць доўгачасовых агнявых кропак, прыстасаваўшы для гэтай мэты каменныя будынкі. Нашы войскі прарвалі лінію "Тыгр", пераадолелі ўнутраныя абводы полацкага ўмацаванага раёна і ўчора завязалі баі на вуліцах горада. Немцы адчайна супраціўляліся і чапляліся літаральна за кожны дом. Нашы байцы выбівалі немцаў з падвалаў, дамоў, бліндажоў і дзотаў. Баі працягваліся ўсю ноч. Сёння раніцай нашы войскі штурмам авалодалі горадам. У баях за Полацк немцы панеслі вялікія страты ў людзях і тэхніцы. Захоплена шмат трафеяў і палонных.

На захад і паўднёвы захад ад горада Полацк нашы войскі прасунуліся наперад на 35 кіламетраў і авалодалі вузлавой чыгуначнай станцыяй Варапаева. Захоплены 4 эшалоны з ваеннымі грузамі, 4 артылерыйскія склады і 8 танкаў. На захад ад горада Пагост Новы Н-ская часць знішчыла 132-і сапёрны батальён і 132-і артылерыйскі полк праціўніка.

Захоплена 16 гармат, шмат аўтамашын і павозак. На захад ад горада Глыбокае нашы рухомыя атрады разграмілі вялікую нямецкую аўтакалону і захапілі 450 аўтамашын. У горадзе Глыбокае савецкія часці захапілі буйныя склады 3-й нямецкай танкавай арміі, у тым ліку 11 складоў з харчаваннем. На чыгуначнай станцыі захоплена 6 паравозаў, да 500 вагонаў і 135 аўтамашын.

Наша штурмавая авіяцыя актыўна падтрымлівала дзеянні наземных войск. Бомбавымі ўдарамі і гарматна-кулямётным агнём савецкія лётчыкі знішчылі 4 танкі, звыш 200 аўтамашын і 60 вазоў з войскамі і грузамі, узарвалі 7 складоў з боепрыпасамі і склад з гаручым. У паветраных баях збіта 13 нямецкіх знішчальнікаў.
* * *
Войскі 3-га Беларускага фронту развівалі паспяховае наступленне. На паўночны захад ад Мінска нашы часці, якія дзейнічаюць у цяжка праходнай лясіста-балоцістай мясцовасці, выйшлі да ракі Нарач. Н-ская кавалерыйская часць акружыла ў лесе вялікі атрад адыходзячых немцаў. У баі, які працягваўся суткі, коннікі ўшчэнт разбілі праціўніка. Забіта звыш 1.200 нямецкіх салдат і афіцэраў. Рэшткі атрада ў колькасці 400 чалавек здаліся ў палон. Захоплена 280 аўтамашын і 10 гармат.
* * *
На поўнач ад шашы Бабруйск – Мінск нашы войскі знішчалі разрозненыя групы немцаў, якія хаваюцца ў лясах. У раёне паселішча Жукавец часці Н-скага злучэння прыціснулі праціўніка да ракі Бярэзіна. У выніку ўпартага бою варожая групоўка знішчана.

На беразе Бярэзіны засталося звыш 2 тысяч трупаў гітлераўцаў. Акрамя таго, больш за 500 немцаў патанула ў рацэ. Захоплена 17 танкаў, 20 самаходных гармат, 52 шасціствольныя мінамёты, 120 долевых гармат і 1500 аўтамашын. У раёне паселішчаў Дрэхча і Дамавіцкае нашы байцы разграмілі рэшткі дзвюх матарызаваных дывізій. Знішчана 3 тысячы гітлераўцаў. Больш за 600 нямецкіх салдат і афіцэраў узята ў палон.

На Баранавіцкім напрамку немцы ўвялі ў бой свежую танкавую дывізію, рэзервовыя пяхотныя часткі і на асобных участках распачалі контратакі. Ламаючы супраціўленне праціўніка, часці Н-скага злучэння прасунуліся наперад і знішчылі да палка нямецкай пяхоты. Узята ў палон 1.200 нямецкіх салдат і афіцэраў. На іншым участку савецкія байцы захапілі 21 гармату, 260 коней, артылерыйскі і харчовы склады і паланілі 300 немцаў.

Наша авіяцыя наносіла ўдары па вялікай колькасці войск праціўніка ў раёне Негарэлае, а таксама штурмавала воінскія эшалоны немцаў на Брэст-Літоўскай чыгунцы. Знішчана некалькі паравозаў і 60 вагонаў. У шэрагу месцаў разбурана чыгуначнае палатно.

Sputnik, 4 ліпеня 2024
 
Дата публикации:04.07.2024
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:148
 
Ключевые слова:
Великая Отечественная война 80-летие освобождения Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме