ЗАТ "Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання" Беларускай чыгункі вырабіла і адправіла на Беларускую антарктычную станцыю канструкцыю з двух кантэйнераў-цыстэрнаў, якія будуць выкарыстаны для захоўвання дызельнага паліва і сілкавання электрастанцыі,
"Канструкцыя ўяўляе сабой два кантэйнеры-цыстэрны мадэлі Т11-254, злучаныя трубаправодам і абсталяваныя спецыяльным мосцікам для зручнасці эксплуатацыі. Паколькі Антарктыда мае спецыфічны клімат і з`яўляецца марскім запаведнікам, пры вырабе канструкцыі ўлічаны ўсе патрабаванні экалагічнай бяспекі. Для дадатковай абароны ад уцечкі дызельнага паліва зліўныя прыборы абсталяваны шаравымі кранамі", - расказалі ў прэс-цэнтры.
Гэтыя кантэйнеры-цыстэрны ўмяшчальнасцю 25,4 тыс. л прызначаны для бяспечнага транспартавання ва ўнутраных і міжнародных зносінах (аўтамабільным, чыгуначным і водным транспартам), а таксама для захоўвання вадкіх бяспечных і небяспечных грузаў. Такая мадэль аснашчана цеплаізаляцыяй і сістэмай разагрэву грузаў. Усе элементы сістэмы разагрэву, як і цыстэрна кантэйнера, выраблены з нержавеючай сталі.
Паводле папярэдніх даных, кантэйнеры-цыстэрны прыбудуць на беларускую станцыю ў Антарктыдзе ў сакавіку-красавіку. "У планах Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў набыццё яшчэ двух-трох адзінак прадукцыі такога тыпу для аснашчэння і пашырэння плошчаў захоўвання дызельнага паліва", - адзначылі ў БЧ.
ЗАТ "Асіповіцкі завод транспартнага машынабудавання" Беларускай чыгункі было створана 28 снежня 2016 года. Цяпер гэта сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства па выпуску грузавога рухомага саставу (вагоны-платформы, вагоны-цыстэрны) і вытворчасці кантэйнераў-цыстэрнаў. ЗАТ "АЗТМ" паставіла ўжо больш за 3,5 тыс. адзінак прадукцыі для кампаній Беларусі, Расіі і Казахстана.
19 лютага 2021, Мінск
БЕЛТА
19 лютага 2021, Мінск
БЕЛТА