https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Барыс Кіт 6 красавіка сустракае 105-ты дзень народзінаў


Сусьветна вядомы навуковец беларускага паходжаньня Барыс Кіт прымае віншаваньні са 105-гадовым юбілеем. Пры гэтым у інтэрвію ён выказаў і сваё зычэньне землякам: «Жадаю, каб беларусы выказалі, што яны хочуць, і каб мелі гэта».
Барыс Кіт некалькі апошніх гадоў жыве ў доме састарэлых у нямецкім Франкфурце-на-Майне. Пасьля пералому шыйкі бядра ён перанёс апэрацыю, але здольнасьць хадзіць не вярнулася.

За некалькі дзён да свайго юбілею ў Барыса Ўладзімеравіча Кіта не было асабліва сьвяточнага настрою. Спадар Барыс скардзіўся на слабасьць:

«Якое здароўе можа быць у сто пяць гадоў? Хадзіць я ўжо не магу. Але маю возік. Саджуся ў яго і рухаюся».

Барыс Кіт кажа, што зь Беларусі апошнім часам асабліва ні з кім не падтрымлівае кантактаў і ніякім асаблівым чынам дзень свайго 105-годзьдзя адзначаць не зьбіраецца:

«Не сачу я ўжо за тым, што адбываецца ў сьвеце, зусім ужо слабы».

Ад імя землякоў-беларусаў мы пажадалі Барысу Кіту моцы і здароўя. Ён, у сваю чаргу, таксама перадаў землякам свае зычэньне:

«Я жадаю, каб беларусы выказалі, што яны хочуць, і каб мелі гэта».

Барыс Кіт — дасьледнік вадкага вадароду і распрацоўшчык формулы паліва, якое зрабіла магчымым гістарычны запуск Apollo-11 і высадку чалавека на Месяц, аўтар манаграфіі пра ракетнае паліва, якая лічыцца ў адмыслоўцаў кананічнай, выкладчык, чые вучні пазасноўвалі ўласныя дасьледчыя школы, ганаровы доктар шэрагу амэрыканскіх і эўрапейскіх унівэрсытэтаў.

Гэта — навуковы бок біяграфіі Кіта. Але Барыс Кіт — яшчэ і арганізатар беларускага школьніцтва, дырэктар легендарнай Віленскай беларускай гімназіі, арганізатар настаўніцкіх сэмінарыяў у Маладэчне і Паставах, заснавальнік Адміністрацыйна-гандлёвага інстытуту ў Маладэчне. Кіт двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі і быў вязьнем цэнтралі СД у Вілейцы, і толькі выпадак уратаваў яго ад расстрэлу.

Ягоны лёс Васіль Быкаў вызначыў як «Цярновы шлях» — менавіта так пісьменьнік назваў кнігу сваіх гутарак з Барысам Кітом, якія запісаў у 2001 годзе, калі жыў у Франкфурце.

«Як вядома, пра Кіта напісана ўжо некалькі кніжак, у тым ліку і на беларускай мове, і ў Беларусі яны выдадзеныя. Але ўсё ж быў вельмі важны яго суб’ектыўны погляд на многія рэчы. І каб найбольш наблізіцца да гэтай ісьціны яго жыцьця, я падумаў, што патрэбна, каб загучаў яго голас — менавіта зь яго інтанацыямі, зь яго ацэнкамі, асабліва што датычыць іншых людзей, гістарычных постацяў, якія не знайшлі справядлівай ацэнкі ў гісторыі Беларусі, у мінулым Беларусі. А Кіт быў апошнім або ёсьць апошнім, хто можа засьведчыць праўду на гэты конт. І вось, калі вы чыталі яго ўспаміны, там ёсьць шмат пэрсанажаў, і ацэнка, якая даецца ім, яна абсалютна іншая, чым ужо ўсталяваная ў беларускай нацыянальнай гісторыі», — сказаў Быкаў у інтэрвію Аляксандру Лукашуку для Радыё Свабода.

У гутарках з Быкавым Барыс Кіт прыгадвае пра Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Натальлю Арсеньеву, Вінцэнта Гадлеўскага, Радаслава Астроўскага.

«Лёс мне даў магчымасьць жыць на Беларусі толькі 20 год, — сказаў Барыс Кіт Васілю Быкаву. — Але ўсе тыя беларускія дзеячы, што прайшлі каля мяне, засталіся вельмі для мяне пашаноўныя. Яны прысьвяцілі сваё жыцьці барацьбе за беларускую справу. Беларусь жыве і будзе жыць заўсёды».

Радыё Свабода, 6 красавіка 2015
 
Дата публикации:06.04.2015
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:1000
 
Ключевые слова:
Беларусы ў свеце Барыс Кіт Космонавтика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме