https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Упершыню ў гэтым годзе выраслі цэны на аўтамабільнае паліва


Канцэрн "Белнафтахім" абвясціў пра першае ў 2015 годзе павышэнне цэн на аўтамабільнае паліва: ад 4,4% да 5,1% (у сярэднім на 4,7%).
З 13 студзеня цана бензіну Аі-92-К5-Еўра ўстаноўлена на ўзроўні 11.100 рублёў (+500, ці 4,7%), бензіну Аі-95 — 11.900 рублёў (+500; +4,4%), дызпаліва К5 — 12.300 (+600; +5,1%), "Нармаля-80" — 10.000 (+450; +4,7%). 

Рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва "часткова праіндэксаваныя ў сувязі з ростам курсу долара да беларускага рубля", гаворыцца ў паведамленні канцэрна. Перагляд цэн праведзены таксама "ў сувязі з ростам кошту расійскай нафты для беларускіх НПЗ пры ўвядзенні з 1 студзеня 2015 года падатковага манеўру ў Расійскай Федэрацыі". 

Папярэдняе павышэнне рознічных цэн на паліва адбылося 1 кастрычніка 2014 года. Пры гэтым цана бензіну Аі-92-К5-Еўра была прывязаная да амерыканскай валюты: 1 літр — 1 долар. Пры афіцыйным курсе на той дзень 10.590 рублёў кошт гэтай маркі бензіну быў устаноўлены на ўзроўні 10.600 рублёў. Бензін Аі-95 стаў каштаваць тады 11.400 рублёў (1,08 долара), дызпаліва К-5 — 11.700 (1,10), "Нармаль-80" — 9.550 (0,90). 

Ужыванне індэксацыі рознічных цэн у залежнасці ад курсу долара да беларускага рубля "дазволіць спалучаць дзяржаўнае і рыначнае рэгуляванне цэн і наблізіць дзейсны ў Рэспубліцы Беларусь механізм цэнаўтварэння на аўтамабільнае паліва да сусветнай практыкі", гаварылася ў абгрунтаванні "Белнафтахіма". Новы механізм "дасць магчымасць нафтаперапрацоўчым заводам больш аператыўна рэагаваць на змяненні кошту нафтавай сыравіны, якую беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы набываюць у Расійскай Федэрацыі па папярэдняй аплаце толькі за валюту". "Узровень цаны 1 літра індыкатыўнай маркі бензіну Аі-92-К5-Еўра, раўназначны 1 долару, дазволіць забяспечваць мінімальную эфектыўнасць працы нафтаперапрацоўчых заводаў Рэспублікі Беларусь і магчымасць для іх далейшай мадэрнізацыі", — адзначалася ў прэс-рэлізе. 

На 13 студзеня 2015 года афіцыйны курс долара складае 14.310 рублёў. Такім чынам, кошт бензіну Аі-92-К5-Еўра знізіўся да 0,78 долара (на 22%), Аі-95 — да 0,83 (на 23,1%), дызпаліва — да 0,86 (на 21,8%), "Нармаля-80" — да 0,70 (на 22,2%). Без цяперашняга павышэння падзенне цэн на паліва ў доларавым выражэнні склала б 25,5-26%. 

Тым часам беларускі бензін па-ранейшаму даражэйшы за расійскі, які значна патаннеў у доларавым эквіваленце ў выніку двухразовай дэвальвацыі грашовай адзінкі РФ. Кошт Аі-95 зараз вышэйшы ў сярэднім на 45,6%, Аі-92 — на 50%, дызпаліва — на 50,9%. Шмат беларускіх аўтаўладальнікаў з памежных раёнаў лічаць за лепшае запраўляцца ў Расіі, хоць раней было наадварот. 

Па выніках 2014 года "Нармаль-80" падаражэў у Беларусі на 20,9%, бензін Аі-92-К5-Еўра — на 20,5%, Аі-95 — на 20%, дызпаліва — на 19,8%. Цэны павышаліся чатыры разы. 

У 2013 годзе цэны на аўтамабільнае паліва павялічваліся пяць разоў. Кошт "Нармаля-80" вырас на 17%, Аі-92 — на 23,7-26,6%, дызпаліва — на 25,5%, Аі-95 — на 26,7%. 

У 2012 годзе аўтамабільнае паліва даражэла чатыры разы. Кошт "Нормаля-80" павялічыўся на 32,4%, Аі-92 — на 21,9%, Аі-95 — на 23%, дызпаліва — на 21,4%. 

У 2011 годзе кошт паліва павялічваўся 11 разоў і зніжаўся адзін раз. "Нармаль-80" падаражэў у 2,4 разу, Аі-92 — у 1,99 разу, Аі-95 — у 1,88 разу, дызпаліва — у 2,44 разу. 

З пачатку кастрычніка 2014 года сярэдні кошт барэля нафты на сусветным рынку ўпаў з 90 да 50 долараў, ці ў 1,8 разу.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 13 студзеня 2015
 
Дата публикации:13.01.2015
Тематика:Бизнес, Разное
Просмотров:869
 
Ключевые слова:
Рост цен Автомобильное топливо Бензин
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме