https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Алесь Бяляцкі вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру


Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі, кіраўнік закрытага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна", які ўжо два месяцы знаходзіцца пад арыштам, вылучаны на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў сферы праваабарончай дзейнасці.
Як паведаміла 3 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня грамадскага аб`яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ) Жанна Літвіна, у Беларусі камітэт па вылучэнні Бяляцкага быў створаны яшчэ два месяцы таму, у яго склад увайшлі вядомыя ў краіне людзі. Потым быў сфарміраваны міжнародны камітэт, да працы якога падключыліся сусветна вядомыя праваабаронцы.

"Усіх пералічваць няма сэнсу. Я назаву толькі вядомых людзей, якія падтрымалі намінацыю Бяляцкага на прэмію міру. Гэта Людміла Аляксеева — прэзідэнт Маскоўскай Хельсінскай групы, Марылуіза Бек — дэпутат бундэстага, Сухайр Белхасен — старшыня Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, Дэвід Крамер — прэзідэнт сусветнай праваабарончай арганізацыі "Фрыдам Хаўс", Івонка Сурвіла, Ханс Георг-Вік і іншыя", — пералічыла Літвіна.

Паводле яе слоў, асноўная праца па вылучэнні Алеся Бяляцкага на прэмію яшчэ наперадзе. "Паводле пратакола вылучаць людзей на Нобелеўскую прэмію могуць парламентарыі Еўрасаюза, члены ўрадаў краін ЕС, Нобелеўскія лаўрэаты мінулых гадоў і прафесары паліталогіі сусветна вядомых універсітэтаў", — зазначыла кіраўнік БАЖ.

Літвіна паведаміла, што некалькі Нобелеўскіх лаўрэатаў ужо падтрымалі ідэю вылучэння беларускага праваабаронцы на гэтую прэстыжную міжнародную прэмію. Паводле слоў праваабаронца Валянціна Стэфановіча, кандыдатура Бяляцкага ўваходзіць у шорт-ліст — спіс найбольш верагодных прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію.

Варта зазначыць, што ў 2007 годзе Алесь Бяляцкі ўжо вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру.

Бяляцкі таксама ўзнагароджаны дыпломам "За мужнасць і барацьбу за свабоду". Урачыстая цырымонія ўзнагароджання прайшла 2 кастрычніка на V Міжнародным фестывалі праваабарончых фільмаў у Бішкеку. Паколькі сам Бяляцкі прысутнічаць на ёй не мог, яго прэмію атрымала беларуская праваабаронца Паліна Сцепаненка — аўтар дакументальнай кінастужкі "Свечка праўды Алеся Бяляцкага", паказанай падчас фестывалю.

Бяляцкі знаходзіцца пад арыштам з 4 жніўня. Яму выстаўлена абвінавачанне на падставе часткі 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы. Улады гэтых краін публічна папрасілі прабачэння ў Бяляцкага і яго сваякоў, а таксама прыпынілі кантакты з Беларуссю ў межах дагавораў аб прававой дапамозе.

Вызвалення Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краін.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 3 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:03.10.2011
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:2591
 
Ключевые слова:
Правощитники Беляцкий Нобелевская премия мира Белорусские журналисты
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме