https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Барацьба за брэнды: чаму Беларусі амаль не дасталіся таварныя знакі СССР


Праз дзесяцігоддзі пасля распаду СССР кампаніі працягваюць аспрэчваць правы на савецкія брэнды. Гандлёвыя знакі тых часоў рэгіструюць нават у Еўрасаюзе.
Нямецкі Steinhauer Holding, напрыклад, "аслупаваў" за сабой легендарныя этыкеткі цукерак "Мишка на севере" і сіне-блакітны дызайн згушчонкі. Са згушчаным малаком падобная гісторыя і ў Расіі. Мясцовая кампанія атрымала правы на яшчэ адзін каляровы варыянт савецкіх этыкетак. Гэта стала праблемай для вядомага беларускага вытворцы. Аб тонкасцях барацьбы за брэнды – у гэтым матэрыяле.

Згодна з беларускай базай таварных знакаў, сіне-блакітны дызайн згушчонкі замацаваны за Рагачоўскім малочнакансервавым камбінатам. Ён быў зарэгістраваны ў 2018 годзе, права дзейнічае да 2027-га.

Відаць, на мясцовым рынку Глыбоцкаму малочнакансерваваму камбінату гэта не перашкаджала, бо абодва вытворцы дзяржаўныя.

Але ў Расіі ўжо даўно пэўныя варыянты савецкай этыкеткі былі заняты дзяржкампаніяй "Союзплодоимпорт". У 2021 годзе яна падала заяўку на рэгістрацыю яшчэ адной версіі. Па колерах варыяцыя супала з глыбоцкай.

Каб не страціць экспартны рынак, беларускай кампаніі прыйшлося заказваць новы дызайн. Хоць нядаўна ў глыбоцкай згушчонкі ўжо быў рэбрэндынг. Дызайнерам удалося зрабіць такія этыкеткі, якія падобны на старыя, але варыянт, на якім выраслі пакаленні пакупнікоў, выкарыстоўваць не атрымаецца.

Бітва за "Алёнку"

Ці рэальна было ўвогуле захаваць права на савецкую этыкетку для беларускіх вытворцаў на рынку РФ? Як лічыць патэнтны павераны Барыс Кубрякоў, усё залежыць ад таго, якія магчымасці былі ў глыбоцкага прадпрыемства.

Ніхто не дасць гарантыі, што магчымая судовая цяжба з "Союзплодоимпортом" была б паспяховай. У якасці прыкладу Барыс Кубрякоў узгадаў спрэчку 2012 года паміж дзвюма кандытарскімі кампаніямі – "Красный Октябрь" і фабрыкай імя Крупскай – за таварны знак "Алёнка".

Тады Камісія Федэральнай антыманапольнай службы РФ вырашыла: калі фабрыка імя Крупскай выкарыстоўвала назву "Крупская Аленка", гэта была нядобрасумленная канкурэнцыя. Пры гэтым выкарыстанне назвы "Алёнка" з гістарычнай савецкай этыкеткай нядобрасумленнай канкурэнцыяй не лічыцца. Так што сітуацыя неадназначная.

"Таму ўсё ж Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, на мой погляд, прыняў правільнае рашэнне аб змене дызайну, няхай і ўсім добра вядомай этыкеткі. У адваротным выпадку маглі быць матэрыяльныя і рэпутацыйныя выдаткі", - лічыць Барыс Кубрякоў.

Праблем з савецкімі брэндамі магло не быць, калі б у Беларусі пра гэта задумаліся яшчэ ў першыя гады пасля распаду СССР. Але, як растлумачыў Барыс Кубрякоў, у рэспубліцы не было такой колькасці спрэчак, а праблема так востра не стаяла.

У Расіі такія сітуацыі ўзнікаюць значна часцей. Мабыць, таму ў Расіі як заканадаўцы, так і эксперты даўно задумаліся над праблемай.

Было прапанавана пяць асноўных варыянтаў рашэння.

Першы вельмі просты. Прызнаць савецкія таварныя знакі, якія ўвайшлі ва ўсеагульнае ўжыванне. Дазволіць іх выкарыстоўваць усім мясцовым кампаніям.

Другі – ануляванне рэгістрацыі знакаў як актаў нядобрасумленнай канкурэнцыі або злоўжывання правам.

Трэці – нацыяналізацыя савецкіх брэндаў.

Чацвёрты – перавод знакаў у рэжым калектыўных.

Пяты – увядзенне права першкарыстання на гэтыя знакі. Гэта значыць, да прыкладу, калі ў мінулым хтосьці вырабляў шакаладку "Алёнка" з савецкай этыкеткай, ён мае права рабіць гэта і зараз, нягледзячы на ​​тое, што правы ў "Красного Октября".

Але ніводзін з вышэйзгаданых варыянтаў расійскія заканадаўцы не падтрымалі. Таму спрэчкі працягваюцца, а пасля стварэння Мытнага саюза і потым ЕАЭС, яны і зусім выйшлі за межы РФ. Часцей за ўсё гэта датычыцца Беларусі і Казахстана.

Яшчэ адзін аспект – кошт пытання. У тэорыі Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат мог заплаціць за рэгістрацыю брэндаў у краіне і за мяжой адносна нядорага, бо знакаў не так шмат. А вось у такіх прадпрыемстваў як "Камунарка" і "Спартак" іх сотні.

"Трэба аддаць належнае і "Камунарцы", і "Спартаку", таму што яны змаглі захаваць за сабой правы на самыя вядомыя найменні кандытарскіх вырабаў часоў Савецкага саюза на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", - падкрэсліў Барыс Кубрякоў.

Не трэба забывацца і на тое, што не ўсе брэнды савецкай эпохі маглі быць запатрабаваны менавіта беларускімі прадпрыемствамі. Пасля распаду Саюза некаторыя пастаўкі з Беларусі спыніліся, знікла эканамічная неабходнасць працягваць вытворчасць.

"Але асноўная прычына, па якой у дзевяностыя многія беларускія вытворцы не ўзаконілі правы на "савецкія знакі", ды і не толькі савецкія, на маю думку, заключалася ў неразуменні ўсіх пераваг, якія дае прававая ахова", - мяркуе эксперт.

Часам даходзіць да таго, што безгаспадарныя савецкія брэнды дастаюцца заходнім кампаніям. Напрыклад, амерыканская Coca Cola у Беларусі валодае правамі на знак "Золотой ключик" для напояў.
У Расіі сітуацыя яшчэ цікавейшая. Часам расійская кампанія працягвае выпуск прадукту пад савецкім брэндам, але на самай справе правамі валодае замежны бізнес. Натуральна, у такіх выпадках частка прыбытку сыходзіць да гэтага замежнага партнёра.

Нацыянальны брэнд

Пытанні могуць узнікаць не толькі па савецкіх брэндах. У Расіі ўжо ёсць прэцэдэнт, калі рэгіструюцца таварныя знакі са словам "беларускі" на расійскіх рэзідэнтаў. У адным з выпадкаў знак быў заняты беларускай кампаніяй. Тэрмін рэгістрацыі скончыўся, а яго хутка "падабралі" расіяне.

"У заканадаўстве Рэспублікі Беларусь і ў расійскім ёсць забарона на рэгістрацыю ў якасці таварных знакаў абазначэнняў, якія могуць увесці ў зман адносна тавару, месца вытворчасці або яго вытворцы", - звяртае ўвагу эксперт.

Але трэба разумець, у якім кантэксце скарыстана слова "беларускі". Напрыклад, у самой Беларусі былі зарэгістраваны такія слоўныя знакі як "Маленькі Парыж", і "Парыжская Фантазія" на мясцовых заяўнікаў. Знак "Француз" – на кампанію з Кіпра, "Французскі бульвар" – на ўкраінскую.

Іншая справа, што на заканадаўчым узроўні ўстаноўлены кантроль дзяржавай выкарыстання сімвалаў яе дзяржаўнага суверэнітэту, у тым ліку і ў таварных знаках. Нерэзідэнт Рэспублікі Беларусь не зможа атрымаць права на выкарыстанне ў складзе таварнага знака найменняў "Беларусь", "Рэспубліка Беларусь" ці элементаў дзяржаўнай сімволікі.

Але заўсёды трэба ўлічваць, што многія прадукты з Беларусі ідуць на экспарт, а значыць, трэба клапаціцца аб абароне брэнда і тут, і на іншых рынках загадзя. Многія савецкія брэнды, відаць, ужо не вярнуць, але можна браць пакупніка якасцю.

Sputnik, 5 сакавіка 2023
 
Дата публикации:05.03.2023
Тематика:Товары из Беларуси, Разное
Просмотров:611
 
Ключевые слова:
Бренд Товарный знак
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме