https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


“Старыя маладыя таты”: тэндэнцыя і рызыка


Кожнае дваццатае дзіця нараджаецца ад бацькі, старэйшага за 50 гадоў — сьведчыць мэдычная статыстыка. Падобна, што гэта робіцца модным. Апошнім часам “маладымі сталымі” татамі сталі Майкл Дуглас, Франц Бэкенбаўэр, Флавіа Брыаторэ…
Галівудзкая зорка, актор, пісьменьнік і мастак Энтані Куін стаў бацькам увогуле ў 81 год. Куін памёр у 2001 ва ўзросьце 86 гадоў, пакінуўшы пасьля сябе 13 дзяцей. За год да сьмерці, напярэдадні свайго 85-га дня народзінаў, разам са сваімі нашчадкамі ён ўзяў удзел у тэлепраграме Late-Night-Talk з Лары Кінгам. Энтані Куін сьвяціўся ад шчасьця і расказваў пра тое, як ён любіць усіх дзяцей. Зь якім задавальненьнем, напрыклад, возіць у школу сваю дачку Антонію. Адзінае, што выклікае ў яго сум, дык гэта тое, што ён не дажыве да таго дня, калі школу скончыць яго самае малодшае дзіця — сын Раян (Ryan)”

“Аднак, што рабіць? — дадаў актор. —Усе мы ходзім пад Богам. Я сам згубіў бацьку, калі мне было ўсяго 8”.

Біялягічны гадзіньнік цікае ня толькі для жанчын

Агульнавядома, што век мужчынскай фэртыльнасьці істотна даўжэйшы за жаночы. Калі рэкорд самага позьняга мацярынства быў устаноўлены 70-цігадовымі румынкай Адрыянай Іліеску і дзьвюма жыхаркамі Індыі Раджай Дэві і Сатьябамай Махапарта, то самым сталым татам на Зямлі лічыцца аўстраліец, які паводле свайго ўзросту, мог бы быць татам і гэтым жанчынам таксама. Гэта Ліз Колі, які доўгі час працаваў на адной з шахтаў у Аўстраліі, і стаў татам амаль у 94 гады. Другую пазыцыю ў сьпісе афіцыйна займае Нану Рам Джогі зь Індыі, які апошнім разам стаў бацькам ва ўзросьце 90 гадоў. Дзяцей у яго — не зьлічыць колькі. Толькі цяперашняя, чацьвёртая па ліку жонка ўжо нарадзіла яму семярых. 90-гадовы бацька абяцае не спыняцца на дасягнутым.

Пагалоска розных народаў сьвету прыпісвае дзецям настолькі сталых бацькоў выключную таленавітасьць.

Таксама лічыцца, што позьні бацька дапаможа разьвіць свайму дзіцяці лягічнае мысьленьне. Як чалавек зь вялікім жыцьцёвым досьведам, пажылы тата вельмі адказна падыходзіць да выхаваньня. Да таго ж, гэтае дзіця расьце ў атмасфэры сямейнай стабільнасьці. Нярэдка ўзроставыя таты, што найчасьцей сустракаецца сярод зорак і бізнэсоўцаў, дасягаюць высокага сацыяльнага статусу, маюць, як правіла, шырокія сувязі, свой бізнэс або імя ў сьвеце прафэсіяналаў. А гэта вельмі добры “стартавы капітал” для дзіцяці.

Тым ня менш, як паказалі апошнія дасьледаваньні амэрыканскіх, брытанскіх, аўстралійскіх ды швэдзкіх навукоўцаў, біялягічны гадзіньнік усё ж цікае ня толькі для жанчын, але і для мужчын. Чым старэйшыя таты, тым большая верагоднасьць таго, што іх дзіця будзе мець тыя ці іншыя дэфэкты разьвіцьця.

Паводле адмыслоўцаў Каралінскага інстытуту ў Стакгольме, у першую чаргу “псуюцца” гены, якія ў працэсе эвалюцыі ўзьніклі апошнімі, — тыя, што адказваюць за псыхічную дзейнасьць. Раней лічылася, што хвароба Даўна ў дзіцяці ўзьнікае з-за паломак у матчыных генах. Зараз выяўлена, што мужчына “вінаваты” нават крыху больш.

Таксама ў якасьці бацькоўскай спадчыны дзіця можа атрымаць і такую псыхічную паталёгію як аўтызм, якая праяўляецца ў замкнёным унутраным жыцьці асобы ды яе адыходзе ад вонкавага сьвету.

Як лічаць навукоўцы, таты, якім за 40, маюць значна болей шанцаў для зьяўленьня дзяцей-аўтыстаў, чым тыя каму меней за 30. Характэрна, што ўзрост маці, паводле адмыслоўцаў, мяркуючы па ўсім, значэньня ня мае.

Сем’і павінны ведаць пра рызыку позьняга бацькоўства

Ня так даўно міжнародная каманда дасьледчыкаў назірала за дзецьмі, народжанымі ў Ізраілі ў 1980-х гадах. У адну групу ўвайшлі дзеці, чыім татам на час іх нараджэньня было да 30 гадоў, у другую, дзе таты былі ва ўзросьце ад 30 да 40, трэцюю апошнюю групу прадстаўлялі дзеці бацькаў, старэйшых за 40. Як высьветлілася, у першай групе дзяцей-аўтыстаў было ў 1,6 разоў меней, чым у другой групе і ў 5,6 разоў меней, чым у трэцяй.

З узростам бацькоўства зьвязаныя ня толькі анамаліі ў мозгу дзяцей, сьведчаць дасьледчыкі.

У якасьці спадчыны сталы бацька можа перадаць дзецям шэраг нэўралягічных і псыхічных захворваньняў, а таксама сыстэмную паразу шкілету, сыстэмнае захворваньне злучальнай тканіны, павышаную рызыку захворваньня на рак або на прагерыю.
Паводле оксфардзкага прафэсара Эндру Уілкі, дзеці пажылых бацькаў пры нараджэньні часьцей пакутуюць на сыстэмную паразу шкілета ахондраплазію або на карлікавасьць. Або на такую паталёгію, як сындром Апэрта, спадчыннае захворваньне, якое праяўляецца на 9-м тыдні эмбрыянальнага жыцьця. Адна з клінічных прыкметаў гэтай хваробы кароткія канечнасьці, сплеценыя разам пальцы рук ды ног.

“Гэта рэдкае спадчыннае захворваньне, кажа прафэсар Ўілкі. Яго маюць усяго толькі 13 на мільён немаўлят. Тым ня менш, сындром зьяўляецца важным прыкладам так званага эфэкту бацькавага ўзросту”.

Паводле дасьледчыка, чым старэйшы мужчына, тым болей мутацыяў назіраецца ў ягонай спэрме

Сталы бацька ў якасьці спадчыны таксама можа перадаць сваім нашчадкам, павышаную рызыку захварэць на рак або на заўчаснае старэньне — прагерыю, стан, калі клеткі ў арганізме з-за парушэньня актыўнасьці аднаго з фэрмэнтаў пачынаюць дзяліцца зь неймавернай хуткасьцю. У адрозьненьні ад іншых паталёгіяў, якія бачныя адразу пасьля нараджэньня, два апошнія захворваньні могуць падкасіць позьняга дзіцяці пасьля 20 і болей гадоў.

Сярод хваробаў, выкліканых няправільным дзяленьнем клетак, якія ўзроставыя таты на 20% часьцей перадаюць сваім дзецям, нэйрафібраматоз (зьмены ў нэрвовай сыстэме і мутацыі на скуры) і сындром Марфана (захворваньне злучальнай тканіны).

“Мы не зьбіраемся рабіць мужчын вінаватымі, але інфармаваць іх, асабліва тых, каму за 50, адносна рызыкі ўзроставага бацькоўства мы мусім у любым выпадку”, кажа Эндру Ўілкі.

13.09.2010
Радыё Свабода

 
Дата публикации:13.09.2010
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:4698
 
Ключевые слова:
Позднее отцовство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме