https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Вынікі перапісу ў Беларусі


Сталі вядомыя вынікі апошняга перапісу. Доля беларусаў вырасла да 84%, але толькі 23% жыхароў краіны размаўляе ў хаце па-беларуску.
На прэс-канферэнцыі 8 верасня былі прадстаўлены асноўныя дэмаграфічныя і сацыяльныя характарыстыкі насельніцтва Рэспублікі Беларусь па вынікам перапісу насельніцтва 2009 году.

«Перапіс — буйнамаштабны ўнікальны статыстычны рэсурс, дае важныя дадзеныя для даследаванняў»,— лічыць Алена Кухарэвіч, намеснік cтаршыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Па стане на 14 кастрычніка 2009 года ў Беларусі жылі прадстаўнікі 140 нацыянальнасцяў і народнасцяў.

Доля беларусаў ў параўнанні з мінулым перапісам 1999 года павялічылася і складае 84%. 10 гадоў таму быў 81%, а дваццаць таму, на хвалі саветызацыі — толькі 77.

Да нацыі літвінаў сябе аднеслі 66 жыхароў Беларусі, тры з якіх жывуць у сельскай мясцовасці.

Гэта, дарэчы, больш за колькасць японцаў, якіх у нашай краіне пражывае 23 чалавекі. Адзін чалавек назваў сябе сібірскім туркам.

З нацыянальных меншасцяў па краіне чацьвёрку першых займаюць расійцы (8,3%), палякі (3,1%), украінцы (1,7%) ды яўрэі (0,1%). Але такі расклад залежыць ад вобласці. У Мінскай і Брэсцкай абласцях, напрыклад, адсотак армянаў большы за адносную колькасць яўрэяў, у Гарадзенскай вобласці шмат людзей называлі сябе палякамі. У параўнанні з 1999 годам у 20 разоў павялічылася колькасць кітайцаў, але іхні агульны ўнёсак у статыстычную карціну застаецца нязначным.

Заўважная тэндэнцыя — імклівая асіміляцыя расейцаў і палякаў. Расейцаў 20 гадоў таму было 13%, а цяпер засталося амаль удвая меней.

    Падчас перапісу толькі 53% рэспандэнтаў назвалі беларускую роднай мовай і толькі 23% — хатняй. У 1999 годзе беларускую мову лічылі роднай 73,6% жыхароў краіны, а ў сем`ях ёй штодзённа карысталася 37%.

Сярод беларусаў па нацыянальнасці 60% назвалі роднай моваю беларускую, дома ёю карыстаюцца 30%. Памяншэнне гэтага адсотку Алена Кухарэвіч звязвае з самавызначэннем рэспандэнтаў.

У якасці іншай мовы, якой валодаюць, беларускую назвалі 13.5% апытаных, на палову працэнта больш займела руская мова. 450 тысяч насельнікаў Беларусі свабодна валодаюць ангельскай моваю, што ў 3,2 разу больш у параўнанні з мінулым перапісам.

У цяперашні момант у Беларусі пражывае 9 млн 504 тысячы чалавек.

Шчыльнасць беларускага насельніцтва складае 46 чалавек на 1 кв. км. Для параўнання: шчыльнасць жыхароў ва Україне — 76, Літве — 52, Латвіі — 30, Польшчы —122.

З моманту апошняга перапісу ў 1999-м годзе, колькасць жыхароў у Беларусі зменшылася на 541 тысячу (5,4%). Змяншэнне насельніцтва назіраецца ва ўсіх абласцях, найбольш істотнае ў Віцебскай вобласці. Разам з тым, колькасць жыхароў у Мінску павялічылася на 157 тысяч і складае 1,837 млн.

Беларусь застаецца адной з самых урбанізаваных краінаў Еўропы, 7 мільёнаў беларусаў жывуць у гарадах, 26% нашага насельніцтва складаюць сяльчане.

На 560 тысяч зменшылася колькасць дзяцей да 15 гадоў, гэта звязваюць з падзеннем нараджальнасці ў 90-ых гадах.

Нацыянальны статыстычны камітэт адзначае павялічэнне хуткасці ўрбанізацыі ў параўнанні з мінулымі перапісамі.

Памяншэнне насельніцтва краіны звязваюць у першую чаргу з натуральным памяншэннем ды міграцыйным патокам. На сённяшні момант нараджальнасць хоць і не перавышае смяротнасць, але павялічваецца, у той час як смяротнасць паволі памяншаецца.

За апошнія 10 гадоў колькасць працаздольных жыхароў павялічылася, яна цяпер складае 5,8 млн. Старэнне насельніцтва характэрнае цяпер для ўсіх еўрапейскіх краінаў. Зазвычай кажуць пра старэнне нацыі, калі адсотак людзей з узростам звыш 65 гадоў перасягае 7%. У Беларусі жыхары, якія маюць 65 гадоў і больш, складаюць 1350 млн, — лічбы прыблізна супадаюць з перапісам 1999 года. На сённяшні момант гэта 14% ад агульнага насельніцтва рэспублікі.

У параўнанні з перапісам 1999 году павялічыўся сярэдні ўзрост. З 37 гадоў да 39,5.

Дэмаграфічная нагрузка цяпер найніжэйшая за ўсю пасляваенную гісторыю, адзначаюць у статыстычным камітэце. Аднак зменшылася колькасць асобаў ніжэй працаздольнага ўзросту, за кошт якіх старэйшае пакаленне магло папаўняцца.

За апошнія дзесяць гадоў узрасла колькасць разводаў.

На цяперашні момант на 1000 мужчынаў прападае 1150 жанчынаў. Статыстычны камітэт адзначае таксама недахоп нявестаў на сяле.

У жыхароў Беларусі павялічыўся узровень адукацыі, 90% насельніцтва старэйшых за 15 гадоў маюць вышэйшую, сярэднюю альбо базавую адукацыю. Непісьменных у Беларусі налічваецца 30 тысяч, большасць з якіх складаюць інваліды ды людзі з псіхічнымі адхіленнямі.

Асноўнай крыніцаю даходу 45% насельнікаў Беларусі назвалі працу. 23% знаходзяцца на бацькоўскім утрыманні, 90% з іх моладзь да 25 гадоў.

Апошні перапіс насельніцтва адбываўся ў Беларусі з 14 па 24 кастрычніка 2009 года. Падчас перапісу не задаваліся толькі пытанні рэлігійныя і датычныя веравызнання рэспандэнта.

Вынікі перапісу падлічваюцца з дапамогаю кампутарных сістэмаў і фармуюцца паэтапна. Апошнія статыстычныя дадзеныя маюць быць выдадзены 3 мая 2011 году.

Наша Ніва  8 верасня 2010
Юльян Місюкевіч
 
Дата публикации:13.09.2010
Тематика:Новости, Разное
Просмотров:5489
 
Ключевые слова:
население Беларуси демография
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме