https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Спецыялісты расказалі, як праглынутая невялікая батарэйка выклікае электрахімічны апёк


Спецыялісты РНПЦ дзіцячай хірургіі сабралі ўнікальную калекцыю таго, што праглынаюць малыя, і «дабрацца» потым да гэтага прадмета часам пад сілу толькі хірургам. Ледзь не штотыднёва тут праводзяцца такія аперацыі.
Часцей за ўсё дзеці глытаюць яркія прадметы, якія выклікаюць цікавасць, а таксама іголкі, пацеркі, манеты, дэталі канструктара і іншае.

Але самымі небяспечнымі з`яўляюцца батарэйкі. Праз зусім кароткі час яны выклікаюць электрахімічны апёк страўнікава-кішачнага тракта, у прыватнасці, стрававода. Напрыклад, праз чатыры гадзіны знаходжання ў арганізме акумулятар «прыварваецца» да тканак, а праз яшчэ чатыры гадзіны ўтвараецца дзірка. Пасля гэтага патрабуецца складаная аперацыя — пластыка стрававода.

Штогод у РНПЦ дзіцячай хірургіі выконваецца некалькі дзясяткаў такіх аперацый. Таму, набываючы малому машынку на пульце, праверце, наколькі лёгка дзіця можа адкрыць адсек для акумулятараў.

— Калі малое праглынае батарэйку, яно атрымлівае апёк. Так па недаглядзе бацькоў дзіця становіцца інвалідам. Дагэтуль статыстыка па іншародных целах не змяншаецца, бо многія бацькі легкадумна мяркуюць: маўляў, гэта са мной і маім дзіцем не адбудзецца, — кажа намеснік дырэктара РНПЦ дзіцячай хірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Свірскі.

— Батарэйкі, асабліва плоскія дыяметрам 2 см, наносяць вялікую шкоду здароўю за лічаныя гадзіны, і адзіная ахова ад іх — увага дарослых, — дадае ўрач-эндаскапіст, загадчык дыягнастычнага аддзялення РНПЦ дзіцячай хірургіі, кандыдат медыцынскіх навук Кірыл Марахоўскі.

Акцыя па прафілактыцы выпадкаў праглынання дробных прадметаў дашкольнікамі «Скарбонка здароўя» прайшла на базе 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска. Мерапрыемства адбылося падчас прыёму педыятраў, дзе бацькам і дзецям расказалі пра зоны даступнасці дробных прадметаў і спосабы выяўлення таго, што малыя могуць праглынуць. Урачы падчас прыёму растлумачылі, куды лепш пакласці дробныя прадметы, батарэйкі, манеты, а таксама падарылі «свінкі-скарбонкі» і плакаты з рэкамендацыямі. Акцыя прайшла ў межах праекта «Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Беларусі» (БЕЛМЕД).

— Самы просты спосаб вызначэння дробнага прадмета — пры дапамозе звычайнай утулкі ад туалетнай паперы, — расказала галоўны ўрач 6-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ганна Котава. — Варта разумець, што ўсё, што праходзіць праз утулку, катэгарычна небяспечнае для дзіцяці. Каб візуальна ацаніць, ці няма нейкіх дробных прадметаў у зоне даступнасці малога, даросламу трэба «апусціцца» на ўзровень вачэй дзіцяці.

Нягледзячы на тое, што колькасць выпадкаў праглынання іншародных прадметаў не змяншаецца, прафілактычныя мерапрыемствы ўсё ж прыносяць свой плён. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за восем гадоў работы ўсіх зацікаўленых дзяржаўных органаў і грамадскіх арганізацый агульная колькасць дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын, знізілася. Так, у 2010 годзе ад знешніх прычын загінула 345 дзяцей, а ў 2018-м — 136. Падчас прафілактычнай работы медыкі пры патранажы дзяцей звяртаюць увагу бацькоў на расстаноўку мэблі ў кватэры, размяшчэнне прадметаў каля вокнаў, а таксама на дробныя прадметы, якія знаходзяцца ў зоне доступу дзяцей.

— Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць дзецям ранняга ўзросту, бо гэта самая ўразлівая катэгорыя. Яны больш за ўсё залежаць ад дарослых, ад іх увагі і клопату, — адзначыла галоўны педыятр аддзела меддапамогі маці і дзецям галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Валянціна Валчок. — Штогод у сярэднім гіне ад 20 да 24 дзяцей ва ўзросце да года.

Па выніках 2018 года, ад іншародных целаў, якія былі праглынуты ці трапілі ў дыхальныя шляхі, выратаваць не ўдалося 9 % ад агульнай колькасці загінулых дзяцей (ад 0 да 17 гадоў), і на жаль, апошняя лічба з году ў год не змяншаецца.

Паводле даных ЮНІСЕФ, Беларусь знаходзіцца на 8-м месцы ў свеце па ўзроўні неанатальнай смяротнасці, разам з Паўднёвай Карэяй і Нарвегіяй. З 2011 да 2017 года дзіцячая смяротнасць ад знешніх прычын знізілася на 48 %.

— Даследаванне «Веды, адносіны, практыкі», якое нядаўна правёў ЮНІСЕФ, каб вывучыць паводзіны, адносіны і досвед бацькоў да дзяцей ранняга ўзросту, паказала, што нават калі бацькі валодаюць неабходнымі ведамі па бяспецы дзяцей, то не заўсёды іх прымяняюць на практыцы, — расказала старшы каардынатар па здароўі і развіцці падлеткаў і моладзі Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Вікторыя Лазюк. — І зараз важна прыцягнуць увагу да праблемы глытання дробных прадметаў дзецьмі дашкольнага ўзросту.

Дарэчы, перыяд прыкладна з 2016 года, калі ў грашовым абароце з`явіліся манеты, стаў сапраўдным выклікам для супрацоўнікаў РНПЦ дзіцячай хірургіі: дзеці актыўна пачалі іх каштаваць. Дзякуючы таму, што медыцынская ўстанова мае ўсё сучаснае абсталяванне, якое толькі ёсць у свеце, малога можна цалкам абследаваць: паглядзець стрававод, страўнік, кішэчнік і хутка выявіць, дзе знаходзіцца небяспечная рэч. І з дапамогай эндаскапічнай аперацыі, якая менш траўматычная, чым звычайная паласная, яе дастаць.

У межах праекта БЕЛМЕД вялікая ўвага аддаецца і агульнай праблеме дзіцячага траўматызму. Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, штогод беларусы атрымліваюць каля 750 тысяч розных траўмаў, з іх 150 тысяч — дзеці. І ва ўзросце ад 0 да 1 года траўмы адбываюцца з-за недагляду дарослых.

— Гэта падзенні з ложкаў і крэслаў для кармлення, спатыканні аб парог, — кажа ўрач-траўматолаг-артапед, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі артапедыі і траўматалогіі дзяцячага і падлеткавага ўзросту РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Рустам Айзатулін. — Траўмы ў дзяцей ад 1 да 6 гадоў маюць вулічны і бытавы характар у сувязі з фарміраваннем пэўных інтарэсаў і рухальных навыкаў. Часта дзеці траўмуюцца на дрэвах, агароджах, незакрытых будаўнічых пляцоўках, няправільна ўстаноўленых дзіцячых горках і арэлях. У больш старэйшым узросце расце колькасць спартыўных траўмаў і ДТЗ, дзе таксама вялікую ролю адыгрывае недагляд дарослых.

У сваю чаргу начальнік аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Святлана
Манышава адзначыла, што дзякуючы інфармацыйнай рабоце ў Мінску з 2017 да 2018 года ўзровень дзіцячых бытавых траўмаў знізіўся з 46 % да 34 %.

— Мы праводзім прафілактычную работу з будучымі мамамі на базе дзіцячых паліклінік і жаночых кансультацый. Створаны спецыяльныя школы для цяжарных, дзе іх вучаць догляду дзіцяці, арганізацыі бытавой бяспекі. Мы расказваем, магчыма, і банальныя для дарослых рэчы, напрыклад, дзе паставіць прас, патэльню, але гэта тое, што дапаможа папярэдзіць траўматызм дзяцей. У найбліжэйшы час на базе 7-й гарадской паліклінікі адкрыецца новы мадэльны цэнтр, дзе бацькоў будуць навучаць стварэнню бяспечных умоў для дзяцей дома. Гэта нешта падобнае на міні-кватэру, на прыкладзе якой дарослыя даведаюцца, якія небяспекі падпільноўваюць дзяцей у побыце, — праінфармавала Святлана Манышава.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 9 студзеня 2020
 
Дата публикации:09.01.2020
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:183
 
Ключевые слова:
Безопасность Батарейки Детская хирургия Лечение в Беларуси Травматология
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме