Хто жыве даўжэй
Аўтары дасьледаваньня параўналі суадносіны абхвату таліі і даўжыні цела амаль 7 500 чалавек у Вялікай Брытаніі паміж 1985 і 2005 гадамі. Таксама былі параўнаныя дадзеныя дасьледаваньняў у ЗША, якія выкарыстоўвалі індэкс масы цела (ІМЦ). У выніку было выяўлена, што калі ў чалавека даўжыня абхвату таліі меншая за палову яго росту, чалавек пражыве даўжэй.
Пасьля гэтага навукоўцы выказалі здагадку, што суадносіны абхвату таліі да росту зьяўляюцца больш дакладным індыкатарам працягласьці жыцьця, чым ІМЦ.
Індэкс масы цела або шырыня таліі
Індэкс масы цела мераюць з ХІХ стагодзьдзя і выглядае, што на сёньняшні дзень гэты паказьнік ужо састарэў.
Паводле навукоўцаў, пры вымярэньні ІМЦ не бярэцца пад увагу цяглічная маса чалавека. Таму пры разьліку ІМЦ можа аказацца, што чалавек безь вялікіх адкладаньняў тлушчу, але з добра разьвітай мускулатурай, можа трапіць у катэгорыю людзей з празьмернай вагой.
З другога боку, ІМЦ не бярэ пад увагу тлушч на жываце, які, як вядома, асабліва небясьпечны для здароўя сэрца.
Чаму трэба дбаць пра абхват таліі
У 2010 годзе былы праведзена вялікае дасьледаваньне, якое ахапіла амаль 105 000 чалавек. Вынікі дасьледаваньня былі апублікаваныя ў часопісе JAMA Internal Medicine.
Аказалася, што людзі з шырокай таліяй (больш за 120 см у абхваце для мужчын і 110 см для жанчын) мелі ў два разы большыя шанцы памерці, чым людзі з вузкай таліяй (менш за 90 см у мужчын і менш за 76 см у жанчын).
Цяпер ужо ясна, што шырокая талія зьвязана з устойлівасьцю да інсуліну, з дыябэтам 2-га тыпу, запаленьнем, ішэмічнай хваробай сэрца і высокім узроўнем халестэрыну.
Чым тлушч на жываце небясьпечны
Дасьледнікі дасюль да канца не зразумелі, чаму тлушч на жываце больш небясьпечны. Мяркуецца, што калі ў чалавека вузкая талія, але павышаная вага, ягоны тлушч больш-менш раўнамерна разьмешчаны па ўсім целе.
Калі ж у чалавека шырокая талія, гэта азначае, што ягоны тлушч канцэнтруецца ў раёне ўнутраных органаў. Такі тлушч называецца вісцэральным. Дасьледнікі мяркуюць, што вісцэральны тлушч вырабляе хімічныя рэчывы, якія прыводзяць да запаленьня, адказнага за хваробы сэрца і анкалягічныя захворваньні.
Што мы можам зрабіць
Навукоўцы сьцьвярджаюць, што няма ніякага спосабу зьменшыць колкасьць тлушчу менавіта на жываце.
Самае лепшае, што можна зрабіць, гэта зьменшыць агульную масу тлушчу ў арганізьме — інакш кажучы, схуднець. А гэта азначае, што трэба трымаць свой рацыён пад кантролем.
Ёсьць і добрая навіна. Навукоўцы заўважылі, што вісцэральны тлушч пры правільным рацыёне сходзіць больш хутка і лёгка, чым агульны падскурны тлушч.
Памятайце, што страта вісцэральнага тлушчу можа хутка зьнізіць крывяны ціск і ўзровень халестэрыну.
(Першая публікацыя 8 лістапада 2018 году)
Сяргей Абламейка
Радыё Свабода, 16 ліпеня 2019
ablameikos@rferl.org