https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як дапамагчы дзіцяці адаптавацца ў лагеры і нічога не забыць


Куды адправіць дзіця: у лагер ці да бабулі ў вёску? Штогод тысячы бацькоў задаюць сабе гэта пытанне.
З летам многія звязваюць спадзяванні на аздараўленне і загартоўванне. Хтосьці адвозіць дзіця на ўсё лета ў вёску ці на дачу, іншыя едуць на мора, а для кагосьці летнія лагеры — выдатнае выйсце з сітуацыі. Але тут не заўсёды ўсё праходзіць гладка.

Што трэба ўлічваць бацькам

Перш чым адправіць дзіця ў лагер, бацькі павінны ўлічваць некалькі асаблівасцяў. Па-першае, ці ёсць у самога дзіцяці жаданне туды ехаць. Па-другое, ці дазваляюць узрост, яго характар, псіхалагічныя якасці на доўгі час заставацца без бацькоў? Аптымальны ўзрост, з якога можна адпраўляць дзіця ў лагер, — восем гадоў. Па-трэцяе, ці дазваляе здароўе малога вытрымаць строгі распарадак жыцця ў арганізаваным дзіцячым калектыве?

Калі на гэтыя пытанні ў вас ёсць станоўчы адказ, можна смела рыхтаваць дзіця да паездкі.

Падрыхтоўка да ад`езду

— Калі дзіця ведае ад равеснікаў, што такое лагер і колькі там цікавага, то ў яго хутчэй за ўсё сфарміравана пазітыўная матывацыя, і бацькам варта падтрымаць гэты станоўчы зарад, — адзначае інструктар-валеолаг 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Ірына Брытвіч. — Калі ў малога такой інфармацыі няма і яно адчувае трывогу мамы і таты, то яму будзе складана адаптавацца да новых умоў. Дзеці вельмі ўспрымальныя да хваляванняў дарослых. Таму чым спакайней бацькі будуць рэагаваць на яго ад`езд, тым лягчэй дзіця ўспрыме расставанне і новыя ўмовы жыцця ў лагеры.

Бацькам пажадана сабраць як мага больш інфармацыі і расказаць дзіцяці, дзе знаходзіцца лагер, якія ўмовы, гурткі, секцыі і забавы там ёсць, хто будзе ў яго выхавальнікам, калі можна будзе да яго прыязджаць і іншае. Гэта дапаможа сфарміраваць у малога цікавасць да новых знаёмстваў і заняткаў.

Важна не забыцца абмеркаваць з дзецьмі правілы і нормы паводзінаў у калектыве, пагаварыць аб шкодзе курэння і алкаголю, аб захаванні мер бяспекі ў лагеры, беражлівых адносінах да маёмасці, правілах паводзінаў на вадзе.

Перад паездкай бацькі могуць даведацца пра адрасы дзетак, якія едуць у лагер разам з вашым малым, і пазнаёміць іх загадзя — разам будзе лягчэй адаптавацца ў новым калектыве.

Што ўзяць?

Дзіця павінна прымаць актыўны ўдзел у падборы экіпіроўкі для лагера. Неабходна браць з сабой толькі тыя рэчы, без якіх хлопчыку ці дзяўчынцы немагчыма абысціся на працягу 3—4 тыдняў. Сама сумка павінна быць з моцным корпусам і ручкамі. Пажадана, каб яна не была грувасткай і змяшчалася ў шафу.

Асабліва старанна варта збіраць прадметы асабістай гігіены.

Абавязкова трэба з сабой узяць:

* Зубную шчотку і пасту;
* Туалетнае мыла ў мыльніцы;
* Гаспадарчае мыла ці пакецік пральнага парашку для мыцця ніжняй бялізны і шкарпэтак;
* Мачалку і шампунь, таксама, магчыма, пажыўны і сонцаахоўны крэм;
* Расчоску ці шчотку для валасоў, нажніцы для пазногцяў;
* Сродкі ад камароў і кляшчоў (рэпеленты).

Варта растлумачыць дзіцяці, што абменьвацца расчоскамі, мачалкай, адзеннем і іншымі асабістымі прадметамі ні ў якім разе нельга па правілах гігіены. Падчас прагулак у лесе праз 1—2 гадзіны дзеці павінны праводзіць рэгулярныя сама- і ўзаемаагляды адзення і скуры на наяўнасць кляшчоў (на аднатонным светлым адзенні кляшчы больш заўважныя).

Адзенне і абутак павінны ўключаць:

* Спартыўны касцюм і закрыты спартыўны абутак;
* Купальнік, плаўкі;
* Адзенне для паўсядзённай носкі (1—2 камплекты);
* Сонцаахоўны галаўны ўбор;
* Адзенне для вечароў адпачынку і дыскатэк;
* 5—6 пар шкарпэтак;
* 2—3 змены ніжняй бялізны;
* Цёплы світар ці кофту;
* Воданепранікальную вятроўку, пажадана з капялюшам;
* Зручныя туфлі для паўсядзённай носкі;
* Пакаёвыя тапачкі, сланцы для басейна.

Дзецям, канешне, непажадана даваць з сабой мабільны тэлефон.

Калі ж малое яго з сабой бярэ, то неабходна строга папярэдзіць, каб тэлефанавала яно толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Калі дзіця любіць чытаць, маляваць, мае нейкае іншае хобі, то няхай возьме з сабой кнігу, алоўкі і іншыя прадметы для любімых заняткаў.

Знаёмячыся з выхавальнікам, бацькі павінны папярэдзіць яго пра асаблівасці характару дзіцяці, паведаміць, ці ўмее яно плаваць, якую ежу не есць і іншае. Лепш гэта нават запісаць на лісток і аддаць у рукі.

Што бацькам забаронена прывозіць у лагер

У загарадных аздараўленчых лагерах звычайна шасціразовае харчаванне. Гэта сняданак, другі сняданак, абед, падвячорак, вячэра і другая вячэра. У лагер забаронена прывозіць чыпсы, газіраваныя напоі, асабліва тыя, што ўтрымліваюць фарбавальнікі. Не варта везці ягады, малочныя прадукты (тварожныя сыркі, марожанае, сыр), мясныя прадукты (каўбасы, сасіскі, мясныя паштэты), пірожныя. Фрукты трэба прывозіць толькі памытымі.

Калі дзеці паехалі ў лагер упершыню, бацькам не варта спяшацца з візітам: дзіцяці неабходна 2—3 дні адаптацыі ў лагеры, і прыезд у гэты час можа толькі абвастрыць у яго жаданне вярнуцца дадому.

Калі малое адчувае сябе ў лагеры няўтульна, пастаянна настойвае на вяртанні дадому, капрызіць і плача, выхавальнікі павінны паведаміць пра гэта бацькам і вырашыць пытанне яго далейшага знаходжання ў лагеры.

Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 12 чэрвеня 2019
 
Дата публикации:12.06.2019
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:274
 
Ключевые слова:
Летний детский лагерь Гигиена Санитария
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме