У гэты дзень у 1506 годзе каралём ВКЛ стаў Жыгімонт Стары. Якія яшчэ падзеі адбыліся 12 кастрычніка і чым азнаменаваны гэты дзень у народным календары, чытайце далей.
Гістарычныя падзеі 12 кастрычніка
У 1398 годзе ВКЛ і Тэўтонскі ордэн заключылі Салінскі дагавор, Вітаўт у чарговы раз паабяцаў перадаць Жамойць Ордэну.
У 1506 годзе быў каранаваны Жыгімонт Стары, пачаўся адлік эпохі Адраджэння ў ВКЛ.
У 1654 годзе Расійскія войскі ў ходзе вайны з Рэччу Паспалітай (1654—1667) пасля працяглай аблогі ўзялі горад Дуброўну, насельніцтва выведзена ў палон, умацаванні зрытыя.
У 1920 была абвешчана Сярэдняя Літва, асобнае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленшчыны і Гродзеншчыны.
Хто нарадзіўся 12 кастрычніка
1853 год: Максімільян Абрэмбскі, шляхціч, гродзенскі чыноўнік, дабрачынец, публіцыст.
1865 год: Міхаіл Анцаў, беларускі кампазітар і харавы дырыжор.
1897 год: Надзея Шнаркевіч, беларускі грамадскі і культурны дзеяч, педагог, краязнавец.
Таксама сёння нарадзіліся італьянскі спявак Лучана Павароці і аўстралійскі акцёр Х`ю Джэкман.
12 кастрычніка ў народным календары
Сёння праваслаўныя вернікі ўспамінаюць прападобнага Кірыяка Пустэльніка. Пра яго расказваюць, што ва ўзросце 70 гадоў Кірыяк пайшоў жыць у пустын, дзе яго ад рабаўнікоў і злачынцаў абараняў леў. Таксама сёння дзень памяці Феафана Літасцівага, які ўсе свае грошы даваў, каб дапамагчы людзям, і сам у выніку застаўся жабраком.
У народзе кажуць: "Феафан накінуў на сонца кафтан". Паколькі святы быў гатовы зняць апошнюю кашулю, каб дапамагчы бяздольнаму, ён таксама дапамагае і сонцу схавацца ад надыходзячых халадоў.
Калі ў гэты дзень у лесе знаходзілі грыбы, гэта значыла, што яшчэ некалькі дзён будзе трымацца цёплае надвор`е. Калі ўвечары быў туман, гэта таксама сведчыла, што замаразкаў не будзе.
Sputnik, 12 кастрычніка 2018