https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Як прадстаўнікі беларускай і ўзбекскай культуры ствараюць сумесныя праекты


Пісьменнікі Узбекістана пра сучасную Беларусь і творчае супрацоўніцтва.
Сустрэча з іншай краінай і народам заўсёды пачынаецца з візуальнага ўспрыняцця, з карціны для вачэй. Прастора і паветра — вось першае ўражанне ад убачанага ў Беларусі. І гэта не толькі прастора аэрапорта, натуральна адкрытая. Сталічны горад, у адрозненне ад усіх сталіц свету, нідзе не цесны, расхінуты і шырокі пад апярэннем белых аблокаў, як Палессе пад крылом бусла. Шырокія вуліцы, прасторныя плошчы і паўсюль паветра, лясное паветра. А дарога, якая ідзе сярод бяроз і ялін, гарманічных і лёгкіх, настройвае на прыгожае, набліжае нас да чаканага — да сустрэчы з сябрамі.

Для нас, узбекістанцаў, гэтая дарога — яшчэ і хвіліны ўспамінаў. Нават для тых, хто тут ніколі не быў. Памяць пра некалі адзіны еўразійскі кангламерат, пра сустрэчы з беларусамі ў нас, пра вядомыя імёны, прачытаныя кнігі. А ў кагосьці, як у пісьменніка і рэдактара Кучкара Наркабіла, памяць пра блізкіх, на долю якіх выпала паліць крывёй зямлю, што адвечна супрацьстаіць злу. Менавіта тут адчуваеш той цэнтр зямной прасторы, дзе наканавана згасаць злому агню сусветных нашэсцяў.

І, вядома, гледзячы на беларускі пейзаж за акном, перабіраеш імёны вялікіх беларусаў, пісьменнікаў і мысліцеляў. Задаеш сам сабе пытанне: «А каго ты памятаеш?» З далёкіх — Францыска Скарыну, Сімяона Полацкага. Потым Янку Купалу, Максіма Багдановіча, кнігі Якуба Коласа, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка. Усе яны чытаны і перачытаны, яшчэ тады… Тады, вядома, па-руску. А зараз ужо і па-ўзбекску. Усё ХХ і цяперашняе стагоддзе ўзбекская літаратура напружана ўбірае, нібы ўдыхае, сусветную культуру, вялікую кніжнасць. І амаль няма значных узбекскіх аўтараў, хто б не прыклаў сіл для прыўнясення ў культурную скарбніцу сваёй краіны прачытанае ім на іншай мове, не стаў бы руплівым перакладчыкам. І гэта не толькі класіка, але і нашы сучаснікі. Ужо працуючы ў Саюзе пісьменнікаў, пазнаёміўся з творчасцю Алеся Карлюкевіча, Алены Стэльмах, Віктара Шніпа і іншых.

Я не апісваў у дзённіку сваё знаходжанне ў Беларусі — гэта так выдатна зрабіў наш таварыш па паездцы Кучкар Наркабіл, які апублікаваў свае нататкі ў газеце «Кitob dunyosi» («Кніжны свет»). Але я ўваскрашаю тое ўражанне, што засталося ў маёй памяці, як застаецца ў памяці карціна, якая ўразіла цябе, як міраж ці паўночнае ззянне, што застаюцца ў табе назаўжды. А гэта ў першую чаргу людзі — дзівосная садружнасць людзей добрых, чулых і цярплівых, якія захавалі душэўнае святло і цеплыню насуперак усяму, што робіць жорсткім, і разбуральнай сіле ваеннай гісторыі.

Прыклады? Іх мноства. Можа, беларусам такое зусім не падасца дзіўным, але гэта і цудоўна. У супермаркеце на маё пытанне: «А дзе мне знайсці тое і тое?» прыбіральшчыца кідае сваю швабру і анучу і амаль за руку вядзе да нейкіх далёкіх прылаўкаў, знаёміць з прадаўцамі аддзела, просіць прабачэння, што даўжэй не можа мяне суправаджаць, а прадаўшчыцы цэлым кансіліумам вырашаюць, якую менавіта каўбасу мне варта з’есці сёння, а якую прывезці дахаты. Беларусы, можа, вы гэтага не заўважаеце, для вас гэта звыкла — шчаслівыя вы людзі! А тое, што машыны ў вас цярпліва прапускаюць усіх пешаходаў, — таксама звыкла? А дзе яшчэ ёсць такое? І разумееш, што значнасць нацыянальнай культуры акрэсліваецца не толькі так званай «гістарычнай спадчынай» з яе мастацкай значнасцю, але тым, як яна разліта ў душах сучаснікаў, у сэрцы жывога народа. Задумваешся, якім словам вызначыць гэту дабрыню, бо гэта не проста дабрыня, гэта — «любоўнасць».

Пра ўсё гэта мне хацелася сказаць, перш чым перайсці да апісання літаратурных сустрэч, дзе мне практычна ўпершыню давялося пачуць гучанне бела­рускай гаворкі, якую, на жаль, не так часта сустрэнеш у горадзе. З вуснаў нашых гаспадароў лілося мілагучнае, у якім мы ўлоўлівалі нешта ад рускай мовы, беларускае словагучча, падобнае на спеў ляснога ручая ці крыху прыглушаны гартанны воплеск гаворкі лясных птушак. І такая радасць, што многае зразумела; і так цудоўна, што крыху па-іншаму. Бо іншае — таксама наша, агульнае!..

Сустрэча ў Саюзе пісьменнікаў… Вочнае знаёмства, сяброўская і прафесійная гутарка. І тут жа газета «Літаратура і мастацтва», цалкам прысвечаная пісьменніцкаму Узбекістану. Мы таксама заўсёды імкнуліся публікаваць штосьці пра нашых гасцей, іх творы, але ўвесь нумар!.. Нашы калегі з журналісцкай жылкай прыйшлі ў захапленне і забіралі нумар за нумарам — паказаць па прыездзе ўсім датычным, усім згаданым. І, вядома, знаёмства з самім старшынёй саюза, Алесем Карлюкевічам, які ўразіў нас спалучэннем у сабе дамашняй гасціннай лагоднасці з назіральнасцю чалавека, які глыбока мысліць і рэальна разумее розныя бакі няпростага сённяшняга жыцця. Абаяльнасць, уменне трымацца па-сяброўску тут у кожнага вельмі натуральныя. Мы ўсе адчулі эмацыянальнае цяпло і душэўную прыхільнасць.

А потым сустрэча ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры… Кароткі аповед гаспадароў, за якім адчуваліся такія глыбокія веды і шкадаванне, што не паспяваюць распавесці больш. Мы фатаграфуем, запісваем, задаём пытанні. І затым едзем на сімпозіум «Пісьменнік і час». Назва цалкам традыцыйная, але зразумела, што згаданы «час» пастаянна змяняецца, заўсёды розны, а цяпер асабліва. Для нас было важна выявіць агульнае ў задачах літаратурнага жыцця нашых краін: знайсці шляхі фармавання пакалення, якое чытае. Ва Узбекістане гэта не толькі грамадская, але і агульнадзяржаўная задача, зацверджа­ная прэзідэнцкімі ўказамі. Яшчэ раз адчулі, што прыехалі не толькі сустрэцца і намеціць планы, але і вучыцца адзін у аднаго, пераймаць досвед.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падрыхтаваў для нас адмысловую праграму. Апроч агульных звестак пра жыццё і дзейнасць пісьменніка, мы пачулі падрабязны аповед пра знаходжанне беларускага класіка ў нашай краіне, пра яго стаўленне да Узбекістана, узбекскіх сяброў і знаёмых, слухалі фрагменты дзённікаў і вершы, прысвечаныя нашаму краю. Як тут было не адгукнуцца паэту Сіражыддзіну Рауфу, які перакладаў на ўзбекскую мову творы беларускага генія. І гучалі паралельныя тэксты, рытмічна блізкія і сугучныя радкі, ідэнтычныя па раскрыцці думкі.

Удзел у ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы — важная частка беларускай праграмы. Кіраўнік нашай групы Салім Ашур, саветнік старшыні нашага пісьменніцкага саюза і паэт, уручае прывітальнае пасланне народнага паэта Узбекістана, старшыні СП Сіражыддзіна Саіда, а мы спяшаемся на вечар узбекскай паэзіі ў гонар 120-годдзя нашага класіка, на­роднага паэта Узбекістана Гафура Гуляма. Да прыезду мы лічылі, што гэты паэт мала знаёмы беларусам, але быў падрыхтаваны цэлы канцэрт: чытальнікі на беларускай і ўзбекскай, музычныя нумары, фальклорны ансамбль.

На наступны дзень адбыўся вечар Наваі ў тэатральнай зале Дома літаратара. І зноў падрыхтаванасць гаспадароў: яны самі, студэнты з Узбекістана, якія навучаюцца тут, арганізавалі выдатны вечар. Кіраўнік Міжнароднага грамадскага фонду Алішэра Наваі адкрыў яго кароткім, але неабходным і мудрым уступам.

У апошні дзень перад ад’ездам мы пабывалі на агракамбінаце «Дзяржынскі». Здаецца, што гэта не вель­мі стасуецца з тэмай літаратуры і мастацтва, але не: гістарычныя помнікі на яго тэрыторыі, жывыя ўражанні ад знаходжання ў партызанскім лагеры ваеннага часу не пакінулі нас абыякавымі. Без гэтага, магчыма, наша ўражанне ад краіны, яе гісторыі і культуры было б не зусім поўным.

Бела-русь… Так, само слова «белы» як сімвал усяго светлага і чыстага, напэўна, не раз абыгрывалася літаратарамі, якія апісвалі і ўслаўлялі гэтую зямлю. Але выдатна, што слова «белы» ва ўзбекскай мове мае нават шырэйшае значэнне, чым у рускай. Так, гэта і чысты, і ясны, але яшчэ і яркі, светлы, добры. Чыстая душа, добрае сэрца — белыя. Добрасардэчны чалавек — гэта чалавек з белым сэрцам — оқкўнгил инсон (беласардэчны чалавек). Ці не такія яны — беларусы, ці не такая сама беларуская зямля?

Часцей прыязджаючы ў краіну, лепш спазнаеш і разумееш яе. Але я чым больш спазнаю Беларусь, тым больш улюбляюся ў яе. Для мяне было загадкай, як пацярпелы ад сусветнай жорсткасці народ здолеў застацца настолькі мяккім, цярплівым і любячым. Мне давалі розныя тлумачэнні, лагічна важкія, але я так і не знайшоў пераканаўчага адказу на маё пытанне. А калі няма лагічнага тлумачэння з’яве, застаецца адчуванне цуду. Ды так яно і ёсць — цуд. Загадкавасць, неспасціжнасць — неабходныя складнікі прыгажосці. Прыгажосць прыроды, прыгажосць горада і лесу, прыгажосць людскіх душ — яны, пэўна, і выяўляюцца ў літаратуры, у шапаткой, быццам лістота, гармоніі беларускай гаворкі, у яе паэтычнасці і пранікнёнасці. Няхай Бог захоўвае гэты невычэрпны цуд і даруе нам шчасце судакранання з ім — цудам беларускай зямлі.

Мікалай Ільін, старшы супрацоўнік сакратарыята Творчых аб’яднанняў Саюза пісьменнікаў Узбекістана
Звязда, 9 траўня 2023
 
Дата публикации:09.05.2023
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:123
 
Ключевые слова:
Литература Узбекистан Сотрудничество Книжная выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме