https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Мужчыны, ад якіх трэба ўцякаць


Мы, жанчыны, заўсёды спадзяёмся, што нам удасца зрабіць з любога мужчыны ідэал і ўпарта праводзім індывідуальныя майстар-класы па карыстанні нажом і відэльцам або наладжваем прагляды шэдэўраў сусветнага кінематографа. Але ў асобных выпадках думка пра перавыхоўванне не павінна нават з`яўляцца ў вашай галаве, таму што ад некаторых мужчын лепш уцякаць адразу і хутка. Хто яны і як іх распазнаць?
Мужчына-алкаголік

Як яго пазнаць? Калі вам здаецца, што мужчына занадта шмат п`е, верагодна, так і ёсць. Калі за адным келіхам віна падчас вячэры ідзе другі, трэці, чацвёрты, калі ніякія сяброўскія вячоркі не ўяўляюцца без бутэлькі — гэта сігнал насцярожыцца. Калі мужчына не можа кантраляваць дозу алкаголю — ёсць падстава сур`ёзна задумацца. Ну а калі мужчына рэгулярна з`яўляецца ў п`яным выглядзе або, тым больш, "адыходзіць" у запой — гэта знак, што пара ад яго ўцякаць.

Ні ў якім разе не спрабуйце яго адвучваць — марна. Вы пройдзеце некалькі стадый: спачатку будзеце лічыць яго куфлі, потым купляць дадому алкаголь, потым зробіце спробу закадзіраваць, але ўсё будзе заканчвацца аднолькава. Зрывамі. У канчатковым выніку вы пераканаецеся, што дарэмна марнавалі час, і пойдзеце ад яго. Можа, зэканоміць гэты час з самага пачатку?

Мужчына — маральны садыст

Як яго пазнаць? Хутчэй за ўсё, апазнаць у мужчыну гэты тып адразу не атрымаецца. Звычайна мінае нейкі час, і вось вы ўжо зусім да яго прызвычаіліся, і тут ён і прадэманструе вам усе "прывабнасці" свайго характару. Яны могуць праяўляцца па-рознаму: ён можа абражаць вас, зневажаць, скандаліць з вашымі сябрамі, пастаянна паказваць на вашы заганы, а потым прыходзіць суцяшаць, дарыць падарункі і прызнавацца ў каханні. Насцярожцеся, калі на пачатковым этапе вашых стасункаў усё занадта добра. І тым больш задумайцеся, калі на гэтым этапе ўсё ўжо дрэнна — далей наўрад ці будзе лепш.

Ні ў якім разе не паддавайцеся на правакацыі. Такі тып усімі сіламі імкнецца выклікаць у вас бурныя эмоцыі. Памятайце: правакацыя не адбылася, пакуль вы не адрэагавалі. Таму не звяртайце ўвагі на выбрыкі ў ваш адрас і задумайцеся аб тым, як выдаліць свой нумар з яго тэлефоннай кніжкі.

Мужчына-агрэсар


Як яго пазнаць? Вельмі проста. Калі мужчына падняў на вас руку — гэта не выпадковасць, не "няшчасны выпадак", ён зрабіў гэта не ў запале сваркі. Гэта выхаванне, стаўленне да жыцця і псіхічны стан чалавека. І гэта паўторыцца зноў.

Ні ў якім разе не праяўляйце зваротную агрэсію ў яго адрас, асабліва падчас сварак (калі вы, вядома, не ўладальніца чорнага пояса па каратэ).

Мужчына-альфонс

Як яго пазнаць? Можа, яго "прывабіла" ваша кватэра, а можа, перспектыва з вашай дапамогай уладкавацца на добрую працу — так ці інакш, ён шукае ад вашых стасункаў выгады для сябе. Хутчэй за ўсё, ён наладзіць цудоўнае заляцанне, рамантычныя прагулкі, букеты, град sms і гарачы сэкс. І вось вы не можаце без яго жыць, а ён аддана глядзіць вам у вочы, прыкідваючы, якую выгаду ён атрымае ад гэтага саюза. Аказваецца, у яго вялікія праблемы: хворая мама, няма працы, нявыплачаны крэдыт (патрэбнае падкрэсліць), і вы проста абавязаны яму дапамагчы.

Ні ў якім разе не дазваляйце яму "сесці" вам на шыю. Не аплачвайце рахункі, не пазычайце грошай і не згаджайцеся на яго пераезд да вас праз тыдзень пасля знаёмства, якім бы чароўным ён ні здаваўся. Сыходзіць ад такога мужчыны варта вельмі хутка і з гонарам, каб не было адчування, што вамі проста скарысталіся.

Мужчына — паталагічны распуснік

Як яго пазнаць? Распуснік, ён жа бабнік, спакусіць вас прыгожа. Вельмі прыгожа і вельмі хутка, вы проста не зможаце ўстаяць перад яго напорам. Яшчэ б, у яго ж вялізны досвед заваёўвання жанчын, але досвед стасункаў пры гэтым — нулявы. Яго мэта — займець вас любой цаной, а пасля гэтага адправіцца заваёўваць іншую "вяршыню". Чаму ён так сябе паводзіць? Можа, павышае самаацэнку, можа, баіцца страціць сваю свабоду — хутчэй за ўсё, і першае і другое, а значыць, да нармальных адносін ён проста не дарос, і не факт, што калі-небудзь гэта зменіцца.

Ні ў якім разе не ўлюбляйцеся ў яго, таму што расчаравання вам не пазбегнуць. Не фліртуйце з ім і не пападайцеся на яго вуду. З такімі мужчынамі лепш за ўсё проста сябраваць — калі, безумоўна, вы верыце ў магчымасць сяброўства паміж мужчынам і жанчынай.

Падрыхтавала Вольга Кулінковіч
Звязда
6 красавiка 2011
 
Дата публикации:07.04.2011
Тематика:Культура, Разное
Просмотров:3109
 
Ключевые слова:
Все мужчины - подлецы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме